Прыемным сюрпрызам для беларускай музыкі і публікі стала леташняя дэбютная пласцінка польскага гурта Ulyanica “Viasna”. Беларускія народныя песні, густоўны этна-джаз, абаяльная маладая вакалістка. Сюрпрыз у тым, што ніхто не ведаў ні пра гурт, ні пра артыстку Ульяну Гедзік — а альбом у выніку атрымаў званне найлепшага фолк-альбома Беларусі 2017 года і яшчэ шэраг узнагарод на прэміі Experty.by.
Гурт Ulyanica запрасілі адным з хэдлайнераў на фестываль Sprava, што адбыўся ў першыя выхадныя жніўня ля Белай Царквы. І свой першы беларускі канцэрт калектыў адыграў на адной сцэне з легендай нашай фолк-музыкі — трыа “Троіца”. І ўсё ж для многіх гэтая гісторыя застаецца загадкавай, бо акрамя лаканічных звестак, што Ульяна паходзіць з Брэста, іншай інфармацыі не было. А ўсё, аказваецца, невыпадкова, усё з гарачымі пачуццямі і сапраўднай любоўю да беларускай спадчыны.
Ульяна Гедзік пра сябе, сям’ю, Польшчу і беларускі фальклор.
— На фестывалі Sprava быў наш самы першы канцэрт у Беларусі, усё надзвычай спадабалася. Мы выступалі амаль ноччу пасля трыа “Троіца”. А я проста вельмі-вельмі-вельмі хацела пачуць “Троіцу”, і мая мара здзейснілася! Я трохі нават пазнаёмілася з Іванам Кірчуком, падарыла яму наш дыск. Хвалявалася перад выступленнем як ніколі раней, бо для мяне гэта была знакавая падзея — першы канцэрт на роднай зямлі, упершыню я гутарыла з публікай па-беларуску, а не па-польску. Нас цудоўна слухалі, і я была проста шчаслівая.
— Якая гісторыя ва Ulyanica? Можна здагадацца, што названы гурт у ваш гонар.
— Два гады таму я скончыла Акадэмію музыкі ў Познані — як джазавая вакалістка, і праект з назвай Ulyanica стаў вынікам маёй дыпломнай працы пра ўплыў фальклору на сучасную музыку на прыкладзе менавіта беларускіх народных песень. Назва праекта была навідавоку. Я — Ульяна, песня “Ульяніца сеяла лянок” знакамітая. Ух, як я не любіла яе ў дзяцінстве! Бо як толькі хто прыходзіў у госці — а праспявай нам “Ульяніцу”! Вырасла — цяпер і песня падабаецца, і ўдалая назва праекта!
— Гэта значыць, вы яшчэ маленькай спявалі народныя творы? Не эстраду з тэлевізара, а фальклор?
— Я з дзяцінства была з нашай народнай музыкай. Проста каб свядома пачаць яе цаніць, мне трэба было на нейкі час аддаліцца. Цана нашага фальклору асабіста для мяне значна вырасла пасля набыцця іншага вопыту ў Гданьску. Бо спачатку я вучылася ў Акадэміі музыкі у Гданьску, там быў бакалаўрыят.
А калі прыехала ў Познань, была зусім адна, нікога не ведала, ні горада, ні музыкантаў, пачала капацца ў сабе, шукаць, што ў мяне там унутры, за што мне трымацца. Я ўвогуле даволі хутка зразумела, што Польшча і Беларусь — гэта дзве абсалютна розныя краіны, розныя культуры і з пункту гледжання традыцый і традыцыйнай музыкі. Мы вывучалі польскі фальклор, а я пачала задумвацца, дзе месца ўва мне тым песням, што я ведаю з дзяцінства, нашым спрадвечным мелодыям і спевам. Адшуквала гэта ў сабе, чаплялася за гэта і адчувала, што хачу падзяліцца з людзьмі, якія не ведаюць пра такі цуд — беларускі фальклор, палескі фальклор. Бо цяпер я пачынаю працаваць менавіта з палескім фальклорам. Песні, што ўвайшлі ў наш першы альбом “Вясна”, былі з маёй дыпломнай працы, за якую я атрымала, дарэчы, найвышэйшы бал.
— Вы аддзяляеце “палескі фальклор” ад усяго астатняга?
— Так. У значнай ступені гэта заснаванае на тым, што мне казала мама, якая нашмат больш за мяне ведае пра наш палескі фальклор. Менавіта ад яе я атрымала зборнікі народных песень Палесся — кнігі Эвальда, Мажэйкі. З гэтых зборнікаў я бяру творы, над якімі працую цяпер. Паводле маёй мамы, людзі Палесся адрозніваюцца ад іншых жыхароў Беларусі. Яна казала, што палешукі такія задуменныя, філасофскага складу, большасць палескіх песень у міноры і мае больш меладычных упрыгожванняў, мелізмаў, шмат вакальных партый, пераплеценых мелодый. Неяк у мяне з’явілася кніга “Песні Падняпроўя”, і я ўсю ноч да раніцы чытала з ліста гэтыя песні, спявала з ліста. Не магла адарвацца, як толькі суседзі вытрымалі! Я так гэта люблю!
— Я так разумею, што ўся гэтая творчасць, музыка, песні ідуць ад мамы, з сям’і?
— Калі я была маленькая, то шмат часу праводзіла не ў Брэсце, а ў вёсцы Рачкі Жабінкаўскага раёна, у бабулі з дзядулем. І наша вялікая сям’я — сапраўды вялікая — заўсёды збіралася на святы. Нас чацвёра дзяцей з мамай, сям’я мамінага брата. І ўсе спявалі. Гэта быў наш любімы занятак — выконваць разам народныя песні, цэлымі вечарамі, амаль канцэртамі. Мы нават нешта кшталту дакументальных фільмаў здымалі з нашых песенных вечарын.
А калі я пайшла ўжо ў школу, то мы са старэйшай сястрой і мамай стварылі невялічкі сямейны ансамбль. Гэтым ансамблем мы многа выступалі ў Беларусі і ў Польшчу некалькі разоў ездзілі.
— Вас чацвёра дзяцей, няўжо усе музыканты?
— Мы ўсе вучыліся ў музычнай школе. Сястра — піяністка, я скрыпачка, адзін брат на акардэоне, другі цяпер саксафаніст, атрымаў нядаўна размеркаванне ў аркестр. Браты ў Беларусі жывуць, а мы з сястрой цяпер у Польшчы. Наша мама Галіна — па адукацыі піяністка, а таксама філолаг, усё жыццё працуе ў беларускай гімназіі ў Брэсце. Піша вершы, музыку, выдае паэтычныя і музычныя зборнікі. І мяне заўсёды ўражвала, адкуль у яе столькі сілаў на творчасць. Гэта ж неверагодна! Уявіце — яна адна з чатырма малымі дзецьмі, бо з бацькам яны разышліся, калі я была яшчэ маленькая. Складанае жыццё было, няпростае. А мама знаходзіла магчымасць і на сустрэчы творчыя хадзіць, і ў бібліятэках выступаць, і нас па ўсіх школах музычных вадзіць. Мы, дарэчы, і цяпер вельмі сябруем з бібліятэкай, што ў нас у Брэсце на бульвары Шаўчэнкі.
— А чаму вы паехалі менавіта ў Польшчу, адвучыліся там і засталіся?
— Чаму Польшча? Глядзіце, я пачала ездзіць у Польшчу, калі была зусім маленькая, 8 гадоў. І для мяне як для дзіцяці розніца была заўважнай — бо ў нас у сям’і тады амаль нічога не было, жылі мы бедна. Нас чацвёра, маці — настаўніца, на канікулах бачылі толькі вёску. Пры гэтым, абавязаная сказаць, у мяне было самае шчаслівае дзяцінства на свеце, гэтыя ўспаміны будуць саграваць мяне ўсё жыццё! Але я бачыла, што жыццё ў Польшчы зусім іншае, для нас там было ўвесь час як свята. І я прыкмячала, што да музыкантаў у Польшчы ставяцца інакш, з такой павагай, як да нечага высакароднага. Параўноўвала, дзе нам апладзіруюць болей — у Польшчы ці дома. Разумею, што кажу глупствы дзіцячыя. Але так было. Потым падлеткам адчувала, што той фальклор, якому мяне вучаць у школе ці каледжы, і той, які ведаю і разумею я, — гэта розныя рэчы па маім эмацыйным успрыманні. Як музыкант не знаходзіла сабе месца, не бачыла свайго шляху творчага. Карацей, было некалькі прычын майго пераезду ў Польшчу. Ужо складана было і жыць у цеснаце ў вялікай сям’і — трэба было неяк раз’язджацца з нашай маленькай кватэры, жыць-зарабляць самастойна. І яшчэ мне хацелася, каб мяне цанілі як музыканта, мне трэба было недзе раскрыць крылы — і я нават не ўяўляла, як пасля каледжа ехаць у Мінск у Акадэмію, не бачыла там свайго месца. Бо ізноў рамкі і абмежаванні. Нейкі выпадак усё вырашыў: яшчэ адзін выезд у Польшчу, сястра ўжо вучылася ў Гданьску. І нарэшце было вырашана паступаць у гданьскую Акадэмію музыкі, якая лічыцца вельмі прэстыжнай.
— У вас добрая беларуская мова. Але, мне здаецца, і польскі акцэнт ужо чуваць.
— Я сама, канечне, гэтага не заўважаю, аднак мне казалі, што ёсць акцэнт. Не здзіўляюся, бо ўжо 7 гадоў у Польшчы, размаўляць па-беларуску няма з кім. Вось толькі з мамай, і яшчэ ёсць адна сяброўка ў Познані, з якой мы гаворым па-беларуску.
— Я вяду да таго, што вы ўжо жыхарка Польшчы, гурт у вас польскі, і ваша дзейнасць належыць польскай культуры.
— Я хачу быць і часткай беларускай культуры, пры любой нагодзе імкнуся быць тут. Неяк я пазнаёмілася з сям’ёй Паспяшальскіх — гэта вядомыя ў Польшчы музыканты, вельмі веруючыя людзі. Яны больш за 13 гадоў ладзяць у Івянцы варштаты, майстэрні для беларускай моладзі. І я там дзялілася сваімі музычнымі ведамі проста са слязамі на вачах — настолькі мяне перапаўнялі пачуцці, што я раблю нешта карыснае для Беларусі, у Беларусі! Спадзяюся, такая магчымасць у мяне яшчэ будзе. Я сапраўды на даволі доўгі тэрмін адарвалася ад Радзімы, але цяпер дзякуючы праекту Ulyanica ўсё патроху выпраўляецца. Ніяк не магу назваць сябе полькай, хоць і жыву там 7 гадоў. Ведаю, што і не падобная да полькі, і не паводжу сябе як полька. Проста ў мяне цяпер быццам тры месцы, дзе дом. Брэст, Гданьск, Познань. А самае галоўнае цёплае, што ў душы, — гэта вёска Рачкі. Там я нават дыхаю інакш, там у мяне спакой, няма патрэбы выдаваць сябе за каго іншага, я адчуваю сябе гаспадыняй гэтай зямлі, сапраўднай, жывой і шчаслівай. Вось цяпер, калі мы з музыкамі ехалі з фестывалю Sprava, заехалі ў Рачкі, павіталіся з маёй бабуляй, паелі супу. І для мяне гэта была надзвычай асаблівая хвіліна, нават словаў не хопіць. Я ведаю, што буду звязаная з гэтым усё жыццё: з нашымі песнямі, кнігамі, людзьмі.
— Значыць, можна сказаць, што праект Ulyanica з’явіўся менавіта ад жадання зрабіць нешта для Беларусі?
— Па сутнасці, так. Спачатку гэта было маё ўнутранае жаданне зразумець, ці пачуваюся я беларускай, калі спяваю гэтыя песні, хто я ёсць. А ўжо потым — калі быў дыплом, першы канцэрт ў Познані, на які прыйшло мноства людзей, і яны ўсе былі ўражаныя. Пыталіся — а на якой такой прыгожай мове ты спяваеш? А як так атрымліваецца, што ў цябе нават голас змяняецца, калі ты пачынаеш спяваць па-беларуску? Для мяне ў адно імгненне ўсё стала ясным і зразумелым: гэта мой шлях, гэта мая сапраўднасць. З гэтага канцэрта і пайшлі запрашэнні на фестывалі, паездкі, пра нас шырока даведаліся ў Польшчы. Натуральна, я адразу думала пачаць выступаць і ў Беларусі. Цяпер ёсць альбом, які я адразу даслала ў Беларусь. І проста самыя шчырыя словы ўдзячнасці праекту Experty.by, які нас заўважыў, ацаніў, узнагародзіў прызамі і проста прывёў нашу музыку ў Беларусь.
— Ці ведаеце артыстку Насту Някрасаву? Яна таксама з Беларусі, спявала ў беларускіх музычных калектывах. Потым паехала вучыцца ў Польшчу, 9 гадоў таму атрымала Гран-пры на фальклорным фестывалі “Новая традыцыя” ў Варшаве разам са сваім праектам Folkroll. Вы, дарэчы, таксама былі фіналісткай гэтага прэстыжнага конкурсу. Увогуле, многа паралеляў з вашай гісторыяй. Можна сказаць, што Насту Някрасаву Беларусь згубіла, Наста працуе ў Польшчы і нам пра сябе не нагадвае.
— Я ні ў якім разе не хачу, каб Беларусь мяне згубіла. Я чула пра Насту Някрасаву, з задавальненнем бы паслухала. За сябе магу сказаць, што раблю ўсё, каб быць і ў Беларусі таксама. Складана, канечне. У нас многа канцэртаў у Польшчы, я сама менеджар нашага калектыву, яшчэ працую як выкладчык вакальнага майстэрства. І няпроста пры такіх умовах самой арганізаваць яшчэ і канцэрты ў Беларусі. Але я так хачу. Гэта я хачу! Ва Ulyanica будзе і другі альбом, а яшчэ ідзе праца над стварэннем ужо не джазавага, а аўтэнтычнага фальклорнага праекта. І я буду рабіць максімум, каб працаваць для беларусаў і Беларусі.
Надзея Кудрэйка