Сёння самы папулярны сучасны беларускамоўны гурт у свеце Nürnberg выдаў свой новы альбом Adkaz, з якім працавалі ў тым ліку іх сябры з калектыву Molchat Doma. Натуральны і лагічны працяг дыскаграфіі мінскага гурта, але без сюрпрызаў, піша Аляксандр Чарнуха ў сваім тэлеграм-канал Беларуская музыка.
«У сакавіку Nürnberg выправяцца ў лацінаамерыканскі тур — хлопцы выступяць у Калумбіі, Коста-Рыка і Мексіцы. Натуральна, такое падарожжа варта было падтрымаць новым матэрыялам — альбом Adkaz добра выконвае гэтую задачу. Лаканічная 26-хвілінная складанка з васьмі кампазіцый, але на самой справе Nürnberg і да гэтага працавалі з даволі сціплым таймінгам: кожны з іх альбомаў займае прыкладна паўгадзіны.
Цікава было паназіраць за тым, як змяняецца падыход да творчых і тэхнічных момантаў з кожным рэлізам. Паміж касетным лоў-файным вайбам першага альбома Skryvaj і акцэнтаваным на клавішах EP Ahida вялікая розніца. Skryvaj — манатонны і заснаваны ў першую чаргу на канкрэтным рытмічным малюнку і стварэнні неабходнай атмасферы. У Ahida — з’яўляюцца яскравыя мелодыі і на першы план выходзяць сінтэзатары.
Але Adkaz не працягвае генеральную лінію папярэдняга EP. Наадварот, гурт вяртаецца да творчай канцэпцыі дэбютнага запісу: схематычныя песні, адыход ад яскравага меладызму — на першы план ізноў выходзіць рытм-секцыя, а кампазіцыі не атрымліваюць патрэбнага развіцця.
Матэрыял на альбоме Adkaz вытрымлівае неабходны ўзровень: ён створаны і запісаны такім чынам, каб адпавядаць чаканням мэтавай аўдыторыі. Але з іншага боку, тут складана заўважыць развіццё музыкантаў. Праграмны рэліз напярэдадні важных гастроляў — менавіта так я б і ахарактарызаваў гэты альбом», — напісаў Аляксандр Чарнуха.