Кніга «Безработное дерево» аўтарства Светы Бень трапіла ў прэстыжны спіс The BRAW Amazing Bookshelf адной з галоўных сусветных прэмій у галіне дзіцячай літаратуры — BolognaRagazzi Awards, піша reform.news.

Адзін з разваротаў кніга «Безработное дерево». Фота: сайт выдавецтва
Гэта спецыяльная выстава ў межах найбуйнейшага ў свеце Балонскага кірмашу дзіцячай кнігі (BCBF), якая ладзіцца па выніках міжнароднай прэміі BolognaRagazzi Awards (BRAW). Сёлета на гэты кніжны «Оскар» было пададзена больш за 4000 выданняў з 73 краін.
Міжнароднае журы з экспертаў, крытыкаў і журналістаў адабрала ўсяго 150 кніг з 43 краін, якія ўразілі іх сваёй мастацкай якасцю і крэатыўнасцю. Гэтыя выбраныя «выдавецкія каштоўнасці» (publishing gems) складуць экспазіцыю The BRAW Amazing Bookshelf. Кніга Светы Бень, аздобленая малюнкамі Ліны Хэсэ — цяпер частка гэтай элітнай «залатой паліцы» сусветнай літаратуры.

Фота: сайт выдавецтва
Кніга беларускай музыкі, рэжысёркі і пісьменніцы — гэта шчымлівая гісторыя пра дрэва, якое аднойчы згубіла свой дом. «Беспрацоўнае дрэва» — тонкая метафара таго, што адбываецца, калі звыклы свет раптам знікае. Гэта аповед пра страх, смеласць і надзею, якая сёння патрэбна кожнаму.
Адзначым, што сусветнае прызнанне атрымала рускамоўнае выданне кнігі ад новага мультымоўнага выдавецтва Editions «Sam Tam Books». Гэты праект быў створаны, каб выдаваць тэксты, якія сёння пад забаронай у Расіі, і знаёміць з імі сусветнага чытача. Свой шлях выдавецтва пачало менавіта з кнігі беларускай творцы, прадставіўшы яе адразу на рускай і французскай мовах.
Што да «Беспрацоўнага дрэва» на беларускай мове, гісторыю Светы Бень, якая таксама існуе і ў выглядзе спектакля, выпусціла выдавецтва «Мяне няма».
Сёлета выстава The BRAW Amazing Bookshelf, дзе можна пабачыць кнігу беларускай аўтаркі, будзе працаваць з 13 па 16 красавіка ў межах Балонскага кірмашу дзіцячай кнігі (BCBF).
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.