Павел Станкевіч: Фэст Tutaka стане платным, але гэта сімвалічна. Сапраўдныя змены ў іншым

Чаму наведнікам упершыню прыйдзецца плаціць за фэст Tutaka? Куды пераедзе галоўная сцэна, і на якія часткі будуць падзеленыя кемпінгі? Пра гэта і не толькі «Будзьма беларусамі» распавёў дырэктар фонду Tutaka Павел Станкевіч.

Paviel Stankievič
Павел Станкевіч падчас адкрыцця фестывалю Tutaka-2024. Фота Дар’і Роскач

За 5 гадоў свайго існавання Tutaka пераўтварыўся з невялікага мерапрыемства ў маштабны фестываль са сваёй непаўторнай атмасферай, які стаў кропкай прыцягнення і месцам яднання для многіх беларусаў. 

На днях прадстаўнікі каманды фэсту паведамілі пра сёлетнія даты. Свята адбудзецца з 16 па 19 ліпеня 2026 года. І ўпершыню за доступ на тэрыторыю фэста трэба будзе заплаціць.

«Цяжка цягнуць фэст у цалкам бясплатным фармаце»

Павел Станкевіч, дырэктар фонду Tutaka, кажа, што не трэба разглядаць увядзенне квіткоў як «нейкае наша нахабнае жаданне зрабіць платны фэст».

Tutaka-2025
Tutaka-2025 Фота з сацсетак фэестывалю

«Мы да гэтых квіткоў ставімся як да грамадскага ўнёску. Калі фэст Tutaka сапраўды беларусамі лічыцца карыснай, патрэбнай і каштоўнай справай, то хочацца таксама, каб яна адбывалася і стваралася супольна і актыўна.

Мне падаецца, трэба ўсім разумець, што каштоўнасці — гэта нешта такое, у што трэба ўкладацца ўсім, калі мы лічым іх вартымі гэтага». 

Што праўда, «цяжка ўжо і цягнуць фэст у цалкам бясплатным фармаце». 

«Разумею, што многія глядзяць на лагатыпы розных фірм, якія вісяць і ў нас на сайце, і з’яўляюцца падчас самога оўпэн-эйра, і думаюць: «О, колькі спонсараў, колькі донараў, там, пэўне, грошай пад столь у тых арганізатараў», — кажа Павел Станкевіч. — Аднак, на жаль, не так гэта выглядае ў рэальнасці. 

Так, у нас ёсць шмат партнёраў, але нават буйныя партнёры не могуць закрыць цалкам патрабаванні такога маштабнага фэсту, якім стаў Tutaka.

Часта можна пачуць адсылкі да «Басовішча», вось, маўляў, той легендарны фэст быў заўжды бескаштоўным. Гэта праўда, але давайце будзем шчырымі, паглядзіце, як Tutaka вырас».

Teatraĺnyja huĺni z Maliavanyčam
Тэатральныя гульні з Маляванычам падчас фэсту. Фота Дар’і Роскач

Павел Станкевіч нагадвае: «З усёй пашанай да «Басовішча», на якім я і сам вырас і які ў пэўны час суарганізоўваў», але «Басовішча» цягнулася толькі два дні і, па вялікім рахунку, дні выключна з музыкай — сцэна і канцэрт.

«Калі ж мы кажам пра сённяшнюю Tutaka, то тут процьма іншых падзей: дыскусіі, майстар-класы, воркшопы, лекцыі, выставы-продажы, актыўнасці для дзяцей і гэтак далей. Гэта тры поўныя дні самых розных імпрэзаў і актыўнасцяў, гэта чатыры дні ўвогуле фестывалю. Такая дзея сапраўды цягне велізарныя кошты», — зазначае ён.

Tutaka-2024
На фестывалі Tutaka-2024. Фота Дар’і Роскач

Колькі будуць каштаваць уваход і начлег на Tutaka?

Дзецям да шасці гадоў уключна квіток не патрэбны, размяшчэнне ў кемпінгу для іх таксама нічога не каштуе.

Дзецям ад 7 да 13 гадоў квіток абыдзецца ў 30 злотых (каля 7 еўра), а месца ў палатачным гарадку — яшчэ ў 50 (каля 11,5 еўра). Выніковая сума складзе 80 злотых (каля 18,5 еўра).

Моладзі (14–24 гады) за квіток трэба аддаць 80 злотых (каля 18,5 еўра). Начлег абыдзецца ў 100 злотых (каля 23,3 еўра). За ўсе дні — 180 злотых (каля 41,8 еўра).

Дарослым за ўваход трэба заплаціць 150 злотых (каля 35 еўра). Начлег каштуе 100 злотых (каля 23,3 еўра). Агульны кошт за ўсе дні — 250 злотых (каля 58,3 еўра).

Tutaka-2024
На фестывалі Tutaka-2024. Фота Дар’і Роскач

«Сямейны фэст, дзеля якога варта ўзяць адпачынак на працы»

Павел Станкевіч заўважае, што большая колькасць артыстаў, гуртоў і ўдзельнікаў іншых актыўнасцяў пагаджаюцца часта выступаць альбо ўвогуле без ганарараў, альбо з мінімальнымі.

«Прынамсі з іх боку ёсць разуменне, што мы робім супольную важную справу.

Але, падкрэслю, калі мы хочам і надалей рабіць такую супольную пляцоўку, якая, мабыць, самая зараз буйная па-за межамі Беларусі, то варта ў гэты наш грамадскі праект укласціся і ўласна грамадскасці.

Давайце параўнаем квіткі на любы оўпэн-эйр, які цягнецца толькі адзін дзень, часам увогуле адзін вечар, ці проста звычайны канцэрт у горадзе, то кошты на Tutaka падаюцца вельмі сімвалічнымі, можна сказаць», — адзначае арганізатар. 

Добрым прыкладам грамадскага ўнёску Павел Станкевіч называе аднаго з партнёраў Tutaka праект SVAE. Гэта лічбавая платформа для беларусаў ва ўсім свеце, якая актыўна выкарыстоўваецца беларускай супольнасцю, у тым ліку ў Беластоку, для самаарганізацыі і падтрымкі культурных ініцыятыў. У праекта ёсць краўдфандынгавая ініцыятыва ўнутры праграмы, дзе беларусы ў Польшчы могуць накіраваць 1,5% ад свайго падаходнага падатку на карысць грамадскіх праектаў. 

«Дзякуючы гэтаму праекту сёлета мы на фэсце паставім сапраўдную дзіцячую пляцоўку, дзе будуць і арэлі, і пясочніцы, а цяпер яшчэ ўвогуле працуем над тым, каб на пляцоўцы былі ўвесь час сертыфікаваныя апекуны, на якіх можна будзе пакінуць сваё дзіця на некалькі гадзін. 


Для дзетак будуць сапраўдныя атракцыі, а ў бацькоў з’явіцца вольны час на тое, каб з сябрамі пасядзець, схадзіць на лекцыі, паўдзельнічаць у дыскусіях. Гэта яшчэ мацней акрэслівае тое, што мы намагаемся рабіць ад самага пачатку — сямейны фестываль, фэст, дзеля якога варта ўзяць адпачынак на працы, прыехаць усёй сям’ёй, зрабіць сабе з гэтага рэальныя вакацыі, — распавядае Павел Станкевіч. — Пагадзіцеся, адправіць дзіця кудысьці на канікулы будзе каштаваць зусім не сімвалічна.

Справа падаецца важнай. Але паглядзім, што адкажа наша аўдыторыя: ці яны таксама палічаць фестываль вартым сімвалічных квіткоў, ці не падтрымаюць».

Tutaka-2024
На фестывалі Tutaka-2024. Фота Дар’і Роскач

Новая сцэна, два кемпінгі і вялізнае фестывальнае мястэчка

Павел Станкевіч падкрэслівае, што клопат пра камфорт удзельнікаў Tutaka застанецца нязменным: «На фэсце былі і будуць цывілізаваныя бытавыя ўмовы: душ, прыбіральні, ахова лагеру на высокім узроўні». 

«Сёлета зробім і тое, чаго ад нас даўно чакалі. Падзелім кемпінгі на гучны, у якім можна будзе тусіць пастаянна, на колькі людзям сілы хопіць, і ціхі, дзе будзе іншы рэгламент: начная ціша ад 00.00 да 08.00. Саўндчэкаў не будзе вельмі-вельмі рана, абяцаем», — дадаў ён. 

Паводле арганізатара, сёлета агулам зменіцца прастора фестывалю: «Хутчэй за ўсё, са знакамітай Паляны ва ўрочышчы Boryk перасунем галоўную сцэну ў іншае месца, вызвалім усю Паляну пад вялізны фестывальны гарадок, дзе будуць і фудкорт, і кірмаш, і розныя кропкі арганізацый, і рамеснікі, і палаткі наведнікаў.

Думаю, паўстане вельмі прыгожае фестывальнае мястэчка, дзе мы проста будзем чатыры дні сустракацца, размаўляць, думаць, перажываць, плакаць, абдымацца, жыць — і будзе цудоўна».

Tutaka-2026


Павел Станкевіч кажа, што дамоўленасці з зоркамі ўжо на апошнім этапе: «Увечары ж фестывальных дзён чакаем на канцэрты класных гуртоў, пра якія я яшчэ не скажу. Мы ўжо ведаем лайн-ап, але патрымаем інтрыгу некалькі дзён. І ў гэтую інтрыгу ўцягнем і нашу аўдыторыю: пасля абвяшчэння лайн-апу мы таксама папросім наведнікаў, каб яны абралі апошні гурт на выступ».

Рыгор Сапежынскі, budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць