Адкрыццё фотавыстаўкі Віталя Раковіча “Святло беларускіх храмаў”

30.03.2012 Афіша

5 красавіка 2012 г. а 17-й гадзіне ў галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фотавыстаўкі Віталя Раковіча “СВЯТЛО БЕЛАРУСКІХ ХРАМАЎ”. У экспазіцыю выстаўкі ўвайшло каля 80 здымкаў сакральнай архітэктуры.

Віталь Раковіч – сябра Беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”, савета народнага фотаклуба “Мінск”, творчай групы “Фотаартстудыя «У Бірылкі»”. Аўтар працуе ў стылі неафотаграфікі, дзе выява, створаная пры дапамозе фотаапарата, з’яўляецца толькі асновай для далейшай работы і стварэння закончанага мастацкага твора.

Наша Беларусь – краіна даўняй і багатай культуры. Тут склаліся самабытныя, высокамастацкія традыцыі культавага дойлідства. Архітэктура храмаў, як ніводны помнік мастацтва, нясе адбітак духоўнай спадчыны нацыі, сведчыць аб невычэрпным таленце, эстэтычным мысленні народа. У збудаванні дойліды ўклалі характар, веліч і непаўторнасць беларускай душы. Таму невыпадкова адна з вядучых тэм фотамастака – храмавае дойлідства. З 2005 года аўтар сабраў унікальную калекцыю фотаздымкаў, якую і прадставіць на суд гледача. На выстаўцы можна ўбачыць і Мураванкаўскую царкву-крэпасць, і Ішкалдзскі касцёл, і Браслаўскую царкву, і шмат іншага.

Правядзенне выстаўкі запланавана да 6 мая.

Тэл. для даведак:  293-27-67, 293-28-23

Е-mail: pr@nlb.by      

Прасп. Незалежнасці, 116,  22-гі паверх