Адкрыццё мастацкай выстаўкі “Кветкавы рай V”

21.02.2012 Афіша

29 лютага 2012 года а 17-й гадзіне ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (прасп. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мастацкай выстаўкі “Кветкавы рай V”.

Кветкі суправаджаюць людзей усё жыццё. Са старажытных часоў амаль ва ўсіх народаў свету прынята сустракаць і суправаджаць у асабліва важных выпадках кветкамі. Кветкі, гірлянды былі сімвалам упэўненай у сабе ўлады. Кветкамі ўпрыгожвалі парадныя выязды Клеапатры і Нерона, караля-сонца Людовіка ХІV і Кацярыны ІІ. За многімі кветкамі замацаваліся прыпісаныя ім сімвалічныя сэнсы і ўласцівасці: чырвоная ружа – каханне, незабудка – пастаянства, беласнежная лілія – чысціня і нявіннасць, папараць-кветка – містычная якасць выконваць жаданні таго, хто яе знойдзе. Цюльпаны даўно сталі “тварам” галандскага каралеўства. Хрызантэма – эмблема японскага імператарскага дома з незапамятных часоў. “Рэшткі раю на зямлі” – так вызначыў сутнасць кветак  рускі святы Іаан Кранштацкі.

Правядзенне выстаўкі “Кветкавы рай” стала ўжо добрай традыцыяй. Сёлета праект пашырыць свае межы. Яго ўдзельнікамі на гэты раз стануць не толькі жывапісцы, графікі, фотамастакі і творцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз фларыстаў”, якія прадставяць эксперыментальныя кампазіцыі з разнастайных матэрыялаў. У межах праекта будуць ладзіцца лекцыі навукоўцаў, супрацоўнікаў Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі пра свет хатніх і дзікарослых кветак.

“Кветкавы рай” задумваўся як праект-віншаванне, каб напярэдадні веснавых святаў нагадаць гледачу пра хуткае абуджэнне прыроды. Кветкі прыўносяць у нашу штодзённасць  радасць, пяшчоту і феерверк колераў. Яны, як і сапраўднае мастацтва, робяць наша жыццё больш яркім, шчаслівым і непаўторным.

Тэл. для даведак:  293-27-67

Е-mail: pr@nlb.by