Адкрыццё выставы графікі і скульптуры «Знікае час» – 28 чэрвеня

22.06.2018 Афіша

З 28 чэрвеня 2018 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава графікі і скульптуры Юліі і Алеся Шаціла «Знікае час».

1_Банер. Графіка і скульптура. Шаціла Бел. і Рус.Тэма часу, абраная мастакамі для ўвасаблення ў сваіх творах, не выпадковая – яна хвалюе, прымушаючы разважаць і тварыць.

Юлія Шаціла нарадзілася ў Пружанах у 1979 годзе. У 1998 скончыла Рэспубліканскую спецыялізаваную школу імя І.В. Ахрэмчыка па музыцы і выяўленчаму мастацтву, атрымаўшы дыплом з адзнакай. У 1998 годзе паступіла на кафедру “Графіка” мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

З 1998 года ілюстрацыі Ю. Шаціла публікуюцца ў розных часопісах і штотыднёвіках. З 2002 года мастачка становіцца пастаянным удзельнікам рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Пасля заканчэння БДАМ у 2004 годзе Ю. Шаціла працуе асістэнтам-стажорам кафедры “Графіка”, а затым з 2006 працуе ў графічнай майстэрні Дзмітрыя Васільевіча Малаткова.

З 2007 Юлія Шаціла – член Беларускага саюза мастакоў.

Яе графічныя аркушы выкананы ў класічнай тэхніцы літаграфіі. Дзякуючы яе выкарыстанню, алоўкавай манеры, рухомаму спакойнаму штрыху, мяккаму каларыту, што задае лёгкую вібрацыю, складаецца адчуванне міражу, вобраза, які знікае.

Алесь Шаціла нарадзіўся ў г. Мінску ў 1978 годзе. У 1997 скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, пасля якога паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на кафедру “Скульптура”. З 1997 А. Шаціла прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выставах і конкурсах. Пасля заканчэння акадэміі з 2004 па 2006 год пачынае выкладчыцкую дзейнасць на кафедры «Скульптура». З 2004 па 2008 А. Шаціла працуе ў Творчых акадэмічных майстэрнях пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, у 2007 становіцца членам Беларускага саюза мастакоў.

Творы А. Шацілы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Доме-музеі Якуба Коласа, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”, Дзяржаўнай установе «Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе», а таксама ў прыватных зборах Беларусі і замежжа.

Скульптуры Алеся Шацілы прасякнуты нацыянальнай тэмай, якая раскрываецца праз алегорыі і сімвалы. У пластыцы яго мініяцюрных прац заўважаецца імкненне злавіць і захаваць момант, імгненне, перадаць кадр і адлюстраваць свайго героя.

Паводле арганізатараў