Праект беларускага рэжысёра і сцэнарыста Аляксея Палуяна і нямецкай сцэнарысткі Эстэр Бернстарф «Спадчына» намінаваны на «Найлепшы сцэнар» Гесэнскай кінапрэміі, піша reform.news.
Фота: сайт Гесэнаўскай кінапрэміі
«Нягледзячы на тое, што Беларусь адышла на другі план грамадскай увагі сярод мноства іншых крызісаў, гэты эмацыйна і палітычна выбітны сцэнар нагадвае пра канфлікт, які не страціў сваёй актуальнасці», — адзначыла надзённасць, адоранасць і прафесіяналізм сцэнарнай працы журы прэміі.
Кінапраект Палуяна і Бернстарф распавядае пра падзеі лета 2020 года ў Беларусі.
На працягу некалькіх дзён пасля «перавыбрання» Лукашэнкі — сям’я павінна вырашыць, ці застаецца вернай рэжыму, ці далучаецца да супраціву. У цэнтры апавядання — фатограф Павел, чые бацькі служылі сістэме, і які сам вагаецца паміж канфармізмам і бунтам.
«Гэтае па-майстэрску пабудаванае сузор’е раскрывае мінулае, сучаснасць і будучыню Еўропы, быццам пад павелічальным шклом. Спадчына сям’і — гэта таксама спадчына кантынента — складаная, супярэчлівая і без простых адказаў», — падкрэслівае журы.
Аляксей Палуян, аўтар нашумелых стужак «Смеласць» і «Возера радасці», працуе над праектам «Спадчына» ўжо пяць гадоў. Прадзюсарамі будучага фільма заяўлены дзве вядомыя еўрапейскія кінакампаніі: нямецкая Tamtam Film, якая, у прыватнасці, была супрадзюсерам карціны іспанскага рэжысёра Альберта Сера Pacification (фільм трапіў у конкурс Канаў), а таксама польская кінакампанія Lava Film, вядомая, у тым ліку, праз фільм «Дзяўчына з іголкай» Магнуса фон Хорна — летась гэта кіно трапіла ў шортліст «Оскара-2025».
Агульны бюджэт «Спадчыны» плануецца ў 1,5 мільёны еўра, што па еўрапейскіх мерках звычайна для міжнароднай прадукцыі, але для беларускага кіно — гэта прэцэндэнт. У 2024 годзе «Спадчына» атрымала на свае развіццё грант у памеры 120 тысяч еўра ад фонда Media Creative Europe; таксама яго падтрымалі нямецкія кінафонды Hessen Film und Medien і MOIN. Быў узнагароджаны будучы фільм і на прэстыжнай праграме развіцця праектаў TorinoLab.
Аляксей Палуян падчас TorinoLab. Фота: сацсеткі рэжысёра
Меркавалася, што здымкі карціны могуць пачацца ўжо сёлета. Але Аляксей Палуян вырашыў працягнуць працу над сцэнаром, што ў выніку дало свой плён.
Некалькі слоў пра суаўтарку сцэнарыя «Спадчыны» Эстэр Бернстарф.
Будучы яшчэ студэнткай Нямецкай акадэміі кіно і тэлебачання, разам з рэжысёркай Эмілі Атэф Эстэр напісала сцэнар да поўнаметражнага фільма «Molly’s Way» — карціна была адзначана прэстыжнай прэміяй Hypo-Förderpreis на кінафестывалі ў Мюнхене. Другі фільм Атэф/Бернстарф, «Das Fremde in mir», меў прэм’еру ў 2008 годзе на Канскім кінафестывалі. Таксама за сцэнарый да фільма «4 Könige» яна атрымала прэмію Deutscher Filmpreis (Нямецкая кінапрэмія) у катэгорыі «Срэбраная Лола» за найлепшы мастацкі фільм.
Аляксей Палуян — рэжысёр дакументальных і ігравых стужак. Прэм’ера яго вядомай дакументальнай поўнаметражнай карціны «Смеласць» пра падзеі 2020 года ў Беларусі адбылася на Берлінскім кінафестывалі ў 2021 годзе. Аўтар кароткага метра «Возера радасці» (фільм вылучаўся на «Оскар» і мае дзясяткі ўзнагародаў), карцін «Край жанчын», «Парушэнне спакою» і іншых. Сябра Еўрапейскай кінаакадэміі, адзін з заснавальнікаў Беларускай незалежнай кінаакадэміі.
Гесэнская прэмія ў галіне кіно штогод адзначае выдатныя дасягненні ў кінаіндустрыі нямецкай федэральнай зямлі Гесэн. Гэта адна з самых прэстыжных кінапрэмій у Германіі, якая ўручаецца рэжысёрам, акцёрам, сцэнарыстам і іншым прафесіяналам за іх працы. Яна таксама адзначае кінатэатры, якія ўносяць значны ўклад у развіццё мясцовай кінакультуры. Узнагароды ўручаюцца ў некалькіх катэгорыях, уключаючы: «Найлепшы мастацкі фільм», «Найлепшы дакументальны фільм», «Найлепшы кароткаметражны фільм», «Найлепшы сцэнарый», Прэмія за жыццёвыя дасягненні.
У 2025 годзе цырымонія ўручэння пройдзе 17 кастрычніка ў Франкфурце-на-Майне.