Калі прысьпее час для Беларусі?

Столькі куды сур’ёзьнейшых падзеяў і куды неадкладнейшых справаў вакол нас, што калі ўжо той Беларусьсю займацца, праўда? Сустракалі гэткае меркаваньне? А мо і вам у галаву залятала гэткая думка? Ну што ж, у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік шукае адказу на лягічнае пытаньне: калі столькі ўсяго іншага і важнейшага, то калі ж, урэшце, прысьпее час і ўласна для Беларусі?!

Пэрыядычна сустракаю меркаваньне: маўляў, вось ня тым вы ўсе займаецеся, ключ да дэмакратызацыі Беларусі ляжыць праз дэмакратызацыю Расеі — трэба спачатку зрабіць з Расеі нармальную дэмакратыю, а тады ўжо і Беларусьсю заняцца!

Як па мне, дык гэта глупства абсалютнае.

Valiera Rusielik Валера Руселік. Фота з асабістага архіву аўтара

Вядома ж, падобнае меркаваньне мае сваю лёгіку. Расея — адвечны вораг Беларусі, таму як нападала на нас тысячу разоў, гэтак і будзе нападаць і надалей, намагаючыся прысабечыць наш Край і зрабіць з нас расейцаў. А вось каб Расея была сьветлай і шчасьлівай дэмакратычнай дзяржавай, то дасылала б нам замест ордаў захопнікаў адно промні сьвятла і паветраныя буські.

Вось толькі калі тая дэмакратызацыя Расеі і з чаго раптам наагул адбудзецца? Калі мы, умоўныя пяць тысяч актыўных беларусаў, скіруем усе свае сілы, абмежаваныя рэсурсы, час і энэргію не на тое, каб захоўваць і пашыраць беларушчыну, разьвіваць беларускую грамадзянскую супольнасьць, адбудоўваць беларускія дэмакратычныя інстытуцыі і адвакатаваць інтарэсы беларусаў на міжнароднай арэне, а на тое, каб пераканаць нейкага ўпоратага Ваню з Саратаву прыслухвацца не да мільённага войска расейскіх прапагандыстаў і троляў зь іх мільярднымі бюджэтамі, а нас — голасу Сьвятла, Розуму і Дэмакратыі — як думаеце, які шанец у нас на посьпех?

Можна не адказваць: гэта было рытарычнае пытаньне. Таксама як і пытаньне пра тое, ці будуць чакаць, скажам, нашыя з вамі дзеткі беларускамоўнай адукацыі, адкладзенай на гады ці нават дзесяцігодзьдзі, пакуль мы, дарослыя, будзем займацца асьветаю Вані з Саратаву.

Raspaŭsiudžany kamentar
Распаўсюджаны камэнтар з шараговага беларускага YouTube-стрыму

Дарэчы, падобную лёгіку маюць часам і заклікі з адваротнага геапалітычнага флянгу. Маўляў, трэба заклікаць краіны Захаду дазволіць беларусам-эмігрантам фармаваць свае баявыя часткі, якія будуць бараніць гэты самы Захад у выпадку, калі раптам Расея на яго нападзе.

То-бок і Расею трэба нам, беларусам, спачатку дэмакратызаваць, і краіны Захаду абараніць ад Расеі — дык а калі ж нам уласна Беларусьсю займацца? Што ж гэта за час такі, які для ўласна беларускіх справаў аніяк не прысьпее? Якім вычварэнскім гадзіньнікам ён вымяраецца?

Памятаеце ўсе гэтыя «для беларускай мовы яшчэ час не прысьпеў — трэба спачатку эканомікай заняцца, а тады ўжо і за родную мову возьмемся!»? Вось, да прыкладу, калі б я ў свае 15 гадоў не перайшоў у беларускую мову, чакаючы, калі ўсе іншыя праблемы неяк разьвяжуцца, а тады ўжо можна і за мову ўзяцца — ці быў бы я беларускамоўны сёньня, у свае 43? У мяне барада, якая ў 1997-м ледзьве прабівалася, ужо сівая — і што, я б па-ранейшаму сядзеў, чакаючы, калі «прысьпее час»? Неяк ён за гэтыя амаль тры дзесяцігодзьдзі не прысьпеў, упс... Уся мая беларускамоўная творчасьць, мая беларускамоўная сям’я — былі б яны сёньня?

«Ždun-Pačakun»
«Ждун-Пачакун» — Беларуская інтэрпрэтацыя вядомага мэму. Фота: symbal.by

Насамрэч, шаноўныя, час для Беларусі даўным-даўно прысьпеў. Ужо больш як 20 гадоў таму, у далёкім 1994-м, філёзаф Уладзімер Мацкевіч сфармуляваў і апублікаваў, безь перабольшаньня, эпахальную тэзу — «Думаць Беларусь». Тэкст асабіста для мяне стаўся адным з галоўных у жыцьці, таму дазволю сабе падзяліцца з вамі разгорнутай цытатай:

«Пісьменныя скажуць: думаць — непераходны дзеяслоў, думаць Беларусь немагчыма, можна думаць пра Беларусь. Але з гэтым пісьменным меркаваньнем нельга пагадзіцца. Думаюць пра Беларусь многія. Думаюць пра тое, як вывезьці з краіны тое, што тут таннае, і прадаць гэта там, дзе дорага. Думаюць пра тое, як схаваць грошы, заробленыя ў Беларусі, таму што ўкладваць іх тут няма куды, а захоўваць небясьпечна.

Думаюць пра тое, як бы прыкінуцца няшчасным беларусам і «на халяву» зьезьдзіць за мяжу, таму што на ашчаджаныя грошы ў Беларусі можна добра жыць. І багата розных іншых думаньняў бывае пра Беларусь. Думаюць нават пра тое, як стаць прэзыдэнтам краіны, якую не ўважаюць краінаю, а толькі часткаю іншай краіны. Думаюць пра тое, як пазбавіцца ад сувэрэнітэту і адказнасьці, зь ім зьвязанай.

А думаць трэба Беларусь, што яна ёсьць. Думаць, як яна ёсьць, як і якой ёй быць.

[...] Калі б Беларусі не існавала, яе варта было б прыдумаць. Прыдумаць — дзеяслоў закончанага трываньня. Для таго, каб прыдумаць — трэба думаць тое, што маеш намер прыдумаць. Толькі гэтак Беларусь можа пачаць «быць», то-бок стане назоўнікам, а не прыметнікам да нейкае тэрыторыі. Дзеля гэтага трэба, каб усе сказы, якія выходзяць зь Беларусі, мелі Беларусь дзейнікам, а не дапаўненьнем альбо абставінамі месца, галоўным, а ня другасным складнікам сказу».

То-бок трэба разумець, што бязь сёньня для Беларусі няма аніякага заўтра. Трэба думаць і ствараць Беларусь тут і цяпер — штоімгненьне і паўсюль, дзе б мы ні былі. Аніякага адкладваньня на «як-небудзь потым», на «вось пераможам тых і гэтых, а тады ўжо і прысьпее час» — на сьвятое ніколі.

Таму, шаноўныя, не адкладвайце на заўтра ані свайго жыцьця, ані нашай цудоўнай Беларусі. Кожнае імгненьне — самае важнае, ня варта іх марнаваць. Найлепшы дзень, каб перайсьці ў родную мову, каб прачытаць беларускую кніжку, каб пазнаёміцца зь іншымі беларусамі і ўзяцца разам за нейкую важную для нас усіх справу — сёньняшні. 

 Бо, як ні круці, Беларусь альбо жыве тут і цяпер, альбо не жыве наагул.

Валера Руселік, Budzma.org