22 снежня а 17-й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на вечарыну памяці, у рамках якой адбудзецца ўрачыстае адкрыццё
літаратурна-дакументальнай і мастацкай выстаўкі “Зерне, кінутае ў ніву, ўсходзіць ды красуе…”, прымеркаванай да 120-годдзя з дня нараджэння
Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы, стваральніка і першага дырэктара музея, заслужанага дзеяча культуры.
Уладзіслава Францаўна была вернай спадарожніцай Янкі Купалы, чулым яго сябрам. Яна пакінула пра сябе добрыя ўспаміны ў сучаснікаў. Маладым
паэтам і сваім выхаванцам у дзіцячых установах, дзе працавала доўгі час, нагадвала клапатлівую, добрую матулю. “Цёця Уладзя” славілася сваёй
адкрытасцю, добразычлівасцю, гасціннасцю. Намаганнямі У.Ф.Луцэвіч была сабрана і захавана спадчына паэта, створаны яго музей.
На выстаўцы будуць экспанавацца рукапісы, дакументы, друкаваныя выданні з аўтографамі, унікальныя фотаздымкі і артэфакты канца ХІХ – першай
паловы ХХ стст., многія з якіх прадстаўляюцца ўпершыню. Рэканструкцыя часткі інтэр’ераў дома па вул. Кастрычніцкай, дзе жылі Луцэвічы з 1927 г. па
1941 г., і кабінета першага дырэктара музея Янкі Купалы дапамогуць акунуцца ў атмасферу 20-50-х гг. ХХ ст.
На выстаўцы “Зерне, кінутае ў ніву, ўсходзіць ды красуе…” выкарыстаны прыжыццёвыя жывапісныя і графічныя партрэты Уладзіславы Францаўны і Янкі
Купалы, а таксама мастацкія творы, якія былі заказаны жонкай паэта напачатку існавання музея.
З нагоды юбілею ў музеі збяруцца родныя Янкі Купалы, людзі, якія асабіста ведалі Уладзіславу Францаўну, стаялі ля вытокаў стварэння музея, беларускія пісьменнікі і дзеячы культуры. Юбілейная выстаўка, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, – добрая нагода ўспомніць традыцыі, якія заклала першы дырэктар музея народнага паэта, зазірнуць у будучыню.