Адкрыццё выставы “The Parallel World” берасцейскай мастачкі Нілы Гарчанюк

12.06.2012 Афіша

16 чэрвеня 2012 г. а 15.30 у памяшканні музейна-выставачнага комплексу ДУ “Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе” (вул. Рынкавая, д. 4, г. Заслаўе) адбудзецца адкрыццё выставы “The Parallel World” (“Паралельны свет”) берасцейскай мастачкі Нілы Гарчанюк.

Назва выставы жывапісу канцэптуалізуе вобразную шматслойнасць работ мастачкі. Незвычайныя істоты з іншых вымярэнняў, казачныя персанажы, персаніфікаваныя абстрактныя катэгорыі – усе яны, не сон, не насланнё, не плён уяўлення жыхароў фенаменальнага свету, а нашыя суседзі “па прасторы”.

Творы Нілы Гарчанюк з’яўляюцца своеасаблівым “медыятарам”, які дазваляе здзейсніць пераход з трохвымернага ў іншы “прасторава-часавы кантынуум” і ў гэтай яве ўбачыць нетутэйшыя фарбы нетутэйшых – адначасова рэальных і нерэальных – ландшафтаў.

І не варта шукаць у гэтым фантазійным свеце глыбокага сімвалізму, архетыпічных вобразаў, паэтыкі ўніверсальнага, двухсэнсоўнасці і г. д. Паралельная рэальнасць проста ёсць, як ёсць нябачныя нам радыёхвалі і нячутны нам ультрагук. Яе метафізіка –  гэта метафізіка колеру. Гэты свет не спасцігаецца, а сузіраецца, не тлумачыцца, а адчуваецца, не асэнсоўваецца, а медытуецца.

Прыкметамі аўтарскага стылю Нілы Гарчанюк ёсць яркая каларыстычная палітра, інтэнсіўнасць гучання колеру, дэкаратыўнасць, імправізацыйнасць у трактоўцы формы, гарманічнае суіснаванне статычнага і дынамічнага  ў кампазіцыі,  містычны настрой, што заварожвае.  Сэнсавая насычанасць у творах мастачкі перадаецца праз ненавязлівыя асацыятыўныя шэрагі  празрыстых алегорый.

 

Куратарка праекта: Алена Рыдзеўская