Напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту ў сталіцы сімвалічна адчыніла дзверы для наведвальнікаў пасля маштабнай і неадназначнай рэканструкцыі Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, піша «Наша Ніва».

Адноўлены з нуля будынак Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна на Сухой вуліцы ў Мінску. Фота: фэйсбук-суполка «Мой Мінск»
Будынак на вуліцы Сухой, 25, у якім з 2003 года працуе Гістарычная майстэрня, ператварыўся ў двухузроўневы комплекс па праекце архітэктаркі Галіны Левінай, якая працягнула справу свайго бацькі.
Будынак, афіцыйнае адкрыццё якога адбылося 26 студзеня, стаў своеасаблівым «парталам»: чалавек трапляе з сучаснага свету шкла і бетону ў гістарычную частку, непасрэдна звязаную з трагедыяй Халакосту.
Галіна Левіна ўстанаўлівае мезузу. Фота: фэйсбук-суполка «Мой Мінск»
Мезуза на дзвярным вушаку. Фота: фэйсбук-суполка «Мой Мінск»
Для зручнасці паджылых людзей і людзей з інваліднасцю комплекс абсталявалі ліфтам. Новая экспазіцыя цяпер ахоплівае не толькі гісторыю Мінскага гета, але і лагера смерці ў Трасцянцы. Падчас адкрыцця ў памяшканні на дзвярным вушаку была ўсталявана мезуза — традыцыйны яўрэйскі абярэг.
Гэтае месца мае трагічную гісторыю. Дом пачатку ХХ стагоддзя калісьці належаў Лейбу Бяркоўскаму, вартаўніку суседніх могілак.
Дом да рэканструкцыі. Фота: фэйсбук-суполка «Мой Мінск»
Падчас акупацыі ён апынуўся на тэрыторыі гета. Менавіта тут была абсталяваная «маліна» — падземная схованка, у якой пасля ліквідацыі гета ў кастрычніку 1943‑га спрабавалі выратавацца 26 чалавек.
Дзевяць месяцаў яны жылі пад зямлёй у поўнай цемры і голадзе. Вызвалення Мінска 3 ліпеня 1944 года жывымі дачакаліся 13 чалавек. Пасля вайны ў будынку ў розныя часы месціліся ЗАГС, швейны цэх і склад, пакуль у нулявых Леанід Левін не стварыў тут цэнтр памяці.

Акно ў падлозе ў «маліну», дзе хаваліся яўрэі з Мінскага гета. Фота: фэйсбук-суполка «Мой Мінск»
Сучасная прыбудова да адноўленага «гістарычнага» будынка. Фота: фэйсбук-суполка «Мой Мінск»
Шлях да новага аблічча майстэрні быў скандальным. У снежні 2024 года мінчукі з трывогай назіралі, як стары будынак цалкам зносілі экскаватарамі, пакідаючы толькі сутарэнне, дзе, меркавана, знаходзілася схованка.
Хутка выявілася, што аэрафотаздымкі часоў вайны не пацвярджаюць аўтэнтычнасць гэтага дома — ён быў уздзведзены ўжо пасля вайны, магчыма, на старых падмурках і з матэрыялу папярэдніх пабудоў, бо сярод руін і знайшлі цэглу з таўром завода Гіршы Фрыда 1898 года.

Месца знесенай Гістарычнай майстэрні ў Мінску. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
У выніку будынак быў адбудаваны нанова «пад даўніну» з сучаснай прыбудовай, хоць такі падыход выглядае спрэчным.
Сёння Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна вяртаецца да сваёй місіі — быць месцам дыялогу і жывым напамінам пра тое, што Халакост — гэта не толькі старонкі ў падручніках, але і канкрэтныя адрасы ў нашым горадзе.