Кніга ізраільскага даследчыка юдаізму Міхаіла Туваля «Сінагога гігантаў» выйдзе па-беларуску

Пры падтрымцы Амбасады Ізраіля ў Мінску на беларускую мову перакладуць кнігу ізраільскага даследчыка юдаізму Міхаіла Туваля «Сінагога гігантаў». 

«Sinahoha hihantaŭ»
Крыніца: facebook.com

Пераклад і рэдагаванне Ганны Дзягель. Пераклад урыўкаў крыніц на старагрэцкай — Лявон Баршчэўскі. Мяркуецца выхад кнігі да канца 2026 года.

У кнізе «Сінагога гігантаў» распавядаецца пра старажытных габрэяў і іх юдаізм. Міхаіл Туваль дзеліцца з чытачом многімі цікавымі фактамі і яркімі ідэямі, знойдзенымі ў працэсе шматгадовага вывучэння антычнага юдаізму ў акадэмічным кантэксце, асвятляе некаторыя дасягненні сучаснай гісторыка-філалагічнай навукі ў гэтай галіне і знаёміць з найноўшымі інтэрпрэтацыямі вядомых персанажаў, падзей і працэсаў старажытнагабрэйскай гісторыі.

Мэта кнігі — зацікавіць чытача навуковымі версіямі зараджэння і эвалюцыі антычнага юдаізму.

«Кніга мае шмат перакладаў першакрыніц, уводзячы чытача ў найбагацейшую, але не вельмі шырока вядомую спадчыну яўрэйскай літаратуры перыяду Другога Храма. Амаль уся гэтая літаратура была забытая пазнейшым юдаізмам і захавалася ў негабрэйскіх колах і пячорах пустыні.

Яна сведчыць аб згубленым свеце бурных падзей, кіпучых ідэй, няздзейсненых мар, утапічных сцэнарыяў і псіхадэлічных адкрыццяў — пра свет, у якім дзеці нараджаліся ад духаў, людзі лёталі на неба, а габрэі спрабавалі заваяваць увесь свет. Аб віры і рухе восевага часу, калі нарадзілася цывілізацыя Захаду», — напісана ў анатацыі .