У пісьменніцы Святлана Курс, вядомай як Ева Вежнавец, выявілі цяжкую хваробу. На Bуsol.org адкрыты збор у падтрымку пісьменніцы.
«Нядаўна мне паставілі цяжкі дыягназ: рак яечніка з метастазамі ў брушыну і лімфатычныя вузлы. Гэта той самы «ціхі забойца», які доўга хаваецца і праяўляе сябе ўжо на позняй стадыі.
Ужо некалькі тыдняў я адчувала, што з маім целам нешта не так: цяжар у жываце, сцісканне мачавога пузыра, стомленасць. Я лячылася ад запалення — але гэта быў анкалагічны асцыт. Усе астатнія органы ў мяне здаровыя — ныркі, печань, сэрца, лёгкія — і менавіта таму ў дактароў ёсць надзея: шанец на лекаванне, на працяг жыцця.
А я так не хачу яго адпускаць...
Цяпер мне вельмі патрэбная ваша падтрымка. У маім становішчы прасіць — ня сорамна, таму што мне адной не справіцца. Перада мной — цяжкі шлях лячэння, аналізаў, працэдур. Гэта патрабуе сродкаў, якіх у мяне няма.
Калі ласка, калі маеце магчымасць, падтрымайце мяне. Грашамі, талакою, словам.
Дзякуй, што вы побач. У прыгодзе і ў карагодзе».
Сума збору:
€10.000
Асноўнае лячэнне — бясплатнае.
Дзякуючы польскай медыцынскай сістэме, пісьменніца пройдзе хіміятэрапію, падрыхтоўку да аперацыі, саму аперацыю і наступнае лячэнне бясплатна, у Нацыянальным анкалагічным цэнтры.
«Але навокал гэтага — жыццё, у якім таксама трэба выжываць. Таму я звяртаюся з просьбай дапамагчы мне сабраць сродкі на:
€4200 — бытавыя выдаткі (жыццё падчас лячэння) на 6 месяцаў (€700 на месяц);
€3000 — інфраструктура вакол лячэння:
— аплата дарогі да медыцынскіх цэнтраў (у тым ліку — у іншыя гарады),
— арэнда транспарту або таксі, калі фізічна цяжка ехаць грамадскім,
— чаканні і начлег пасля працэдур (калі трэба быць побач з клінікай),
— купля базавых медыцынскіх сродкаў, якія не выдаюцца па страхоўцы (уколы, апрацоўкі, апараты для падтрымкі арганізма);
€600 — падтрымка медыкаментамі і спецыяльнае харчаванне;
€2200 — непрадбачаныя выдаткі:
— дадатковыя аналізы, якія не пакрываюцца,
— змены ў лячэбных схемах або рэакцыі арганізма,
— магчымасць аплаты часовай дапамогі (сацыяльны работнік, часовая апякунка і г.д.)».
Паўдзельнічаць у зборы можна тут.