«Sign all on the wall», – заклікаюць стваральнікі Signal, першага часопіса пра беларускі стрыт-арт. Самі ж яны даюць добры знак – у нашай краіне вулічнага мастацтва набралася ўжо прынамсі на 168 каляровых старонак. 34 сустрэўся з мастакамі Арцёмам ды Яўгенам і даведаўся, колькі колаў пекла трэба прайсці, каб выдаць часопіс у Беларусі, хто стаіць за гэтай заварушкай і што мы мусім зрабіць, калі пабачым Signal.



Адкуль у Беларусі стрыт-арту на 168 старонак?
Шмат хто думае, што ў нас яго наогул няма, бо заўважыць айчынны стрыт-арт складана – большасць працаў жыве некалькі гадзінаў, а потым знішчаецца «аматарамі» чысціні. Мы стварылі суполкі ў сацсетках і знайшлі велізарную колькасць цікавых беларускіх мастакоў. Амаль усе малюнкі з першага нумара зробленыя за 2010–2011 гады, так што насамрэч у нас ёсць пра што пісаць.
Хто робіць Signal?
Мы не маглі заплаціць людзям грошы і былі вымушаны заахвочваць іх іншымі шляхамі. Таму тых, хто заўзеў за часопіс і рабіў яго па 12 гадзінаў у свой выходны, аказалася няшмат. На падрыхтоўку першага нумара давялося выдаткаваць пяць месяцаў, бо раней мы ніколі не сутыкаліся з выданнем часопісаў. Нешта змянялася, нейкія нюансы вычытвалі ў інэце, слухалі меркаванні людзей, якія ў тэме.
Часопіс – гэта зносіны. Адна з галоўных задачаў першага нумара – стварыць кам’юніці Signal. Хтосьці ведае журналістаў, хтосьці фатографаў, хтосьці мастакоў. Разам мы зможам зрабіць выданне круцейшым і больш магутным. А ў будучыні, магчыма, арганізаваць такі бізнес у стылі funk і зарабляць на гэтым трохі грошай.
У чым галоўная ідэя першага нумара?
Часопіс зроблены ў выглядзе альбома, каб пазнаёміць нашых чытачоў са школай беларускага стрыт-арту. Мы знайшлі такіх людзей, гледзячы на працы якіх можна сапраўды ганарыцца тым, што яны з Беларусі.
Акрамя таго, прыгажосцю і якасцю працаў мы хочам паказаць, што ставіць знак роўнасці паміж стрыт-артам і вандалізмам – гэта дурасць. Найлепшыя працы вартыя таго, каб зрабіцца гарадскімі арыенцірамі: «Сустрэнемся ля рознакаляровага слана!» – выдатна ж гучыць. У стрыт-арце велізарная колькасць стыляў і кірункаў, гэта тое, у чым можна знайсці сябе і чым можна цешыць людзей. Вось пра гэта першы нумар.
Чаму часопіс, а не сайт?
Калі ты трымаеш свой асабісты прыгожы нумар са сваёй працай – гэта касмічныя пачуцці. Пах друкарскай фарбы, прыгожая вёрстка, развароты з малюнкамі, на якія прыемна глядзець. Такі часопіс трэба будзе шукаць, даставаць, можна даць яго пачытаць сябрам. Ну і калі адсякуць электрычнасць – у інэт не зойдзеш, а часопіс заўсёды можна пагартаць.
Колькі колаў пекла трэба прайсці, каб выдаць у Беларусі часопіс пра тое, што сапраўды любіш?
Вельмі шмат. Галоўная складанасць – матываваць людзей бясплатна працаваць. Мы не ў крыўдзе на тых, хто не змог дапамагчы. Хутчэй, мы вельмі радыя, што знайшліся энтузіясты, якія працавалі дзеля ідэі. Хтосьці дапамог фінансава, хтосьці, як LOFT, бясплатна даўшы памяшканне пад прэзентацыю часопіса. Большая частка накладу будзе распаўсюджвацца for free, астатнія экзэмпляры мы хочам прадаваць за сабекошт, каб адбіць трохі грошай на будучы нумар.
Яшчэ вельмі складана даказаць людзям, што часопіс будзе існаваць. Кажаш мастаку: «Скінь працу – надрукуем яе!» – а ён не верыць, толькі праз два месяцы пачынае варушыцца. З усякімі тэхнічнымі нюансамі таксама шмат замарочак, асабліва калі зусім няма вопыту, як было ў нашым выпадку.
Калі чакаць другі нумар?
Мы хацелі б дасягнуць перыядычнасці раз на 2–3 месяцы. Але пакуль плануем выдавацца раз на паўгода. Гэта нават не зусім часопіс – гэта альманах, альбом, які будзе падводзіць вынік ды натхняць мастакоў і людзей. Шмат што залежыць ад таго, як стрэліць першы нумар, ці знойдзем мы пасля яго аднадумцаў і фінансаванне. Але пакуль хочацца толькі аднаго – забраць Signal з друкарні.
Паводле 34mag.net