509 гадоў таму, 8 верасня 1514 года, нашы продкі перамаглі ў адной з самых значных бітваў таго часу.
Бітва пад Оршай. Невядомы мастак з кола Лукаса Кранаха Старэйшага. 1540-я гады. З калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве.
У першай гісторыі Беларусі, што выйшла ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты ў 1910 г., пра бітву пад Воршай Вацлаў Латоўскі піша наступнае:
«Вечны мір трываў усяго толькі пяць гадоў. У 1513 годзе ізноў пачалася вайна. Васіль узяў Смаленск. Пасля вайны спаткаліся на берагах рэк Днепра і Крапіўны, недалёка ад Оршы. Вялікі Гэтман князь Контсанцін Острожскі выйграў дзве бітвы. Острожскі камандаваў усяго толькі 35 тысячамі чалавек, а маскоўскага войска было 80 тысяч чалавек і, нягледзячы на гэта, перамог. 30 тысяч трупаў заслалі ўсё поле паміж Оршай і Дорогобужам. Вялікі Гэтман Констанцін Острожскі, шчыры староннік православія, на памяць выйгранай бітвы пабудаваў царкву ў Вільні» (захаваны ў асноўным правапіс аўтара — А.Т.).
Канстанцін Іванавіч Астрожскі
У БССР пра бітву пад Воршай у сваіх падручніках пісалі Усевалад Ігнатоўскі і Мітрафан Доўнар-Запольскі. «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У.М. Ігнатоўскага меў чатыры выдання ў 20-я гады ХХ ст. (1-е выд. — 1919г.; 2-е і 3-е выд. — 1921г. і 4-е выд. — 1926 г.). Але потым усе творы Ігнатоўскага былі забаронены і знаходзіліся альбо ў спецсховішчах, або былі знішчаны. І толькі ў 1991 годзе выйшло пятае выданне яго славутай працы.
Пра бітву пад Воршай ён піша амаль тое ж, што раней пісаў Ластоўскі, але ёсць і пэўныя адрозненні:
«Ад Воршы ён (К.Астрожскі — А.Т.) гнаў маскоўскае войска аж да Дарагабужу. Трыццаць тысяч трупаў беларусаў, літвінаў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую дарогу».
Цяжка сказаць, чаму Ігнатоўскі аддзяляе беларусаў ад літвінаў у пачатку XVI ст., магчыма, гэта зроблена з палітычных меркаванняў, бо потым ідзе агульная характэрыстыка вайны з Масковіяй: «Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу імперыялістычная думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсць іх «вотчына». Магчыма, Ігнатоўскі лічыў літвінамі толькі беларускіх феадалаў — баяр і шляхту.
М.В. Доўнар-Запольскі сваю працу «Гісторыя Беларусі» надрукаваць у БССР не здолеў, бо ў 1926 годзе друкаваць яе забаранілі, і рукапіс надоўга трапіў у спецфонд партархіва БССР. Як раз у пачатку 1926 года разгарнулася крытыка ідэалогіі нацыянал-дэмакратызму і таму друкаваць кнігу Доўнар-Запольскаму забаранілі, нягледзячы на тое, што яна была напісаная на рускай мове. У часы чарговага беларускага адраджэння рукапіс пераклалі на беларускую мову і выдалі ў 1994 годзе.
У раздзеле «Пачатак барацьбы з Масквой» знакаміты беларускі гісторык згадвае мімаходзь і Аршанскую бітву, і дае ёй такую адзнаку: «Літве не ўдалося ўзяць Смаленск. Дзіўнае паражэнне, якое масквічы пацярпелі пад Оршай ад князя Астрожскага, зрабілі іх больш падатлівымі...» «...паміж Масквой і Літвой было заключана перамір’е, якое не парушалася ўжо на ўсім працягу кіравання Жыгімонта І Старога і ў пачатку княжэння яго сына». Паводле Доўнар-Запольскага, перамога пад Воршай часова спыніла маскоўскую экспансію на ўсход.
У 30-я гады ХХ ст., калі працы нашых гісторыкаў былі забароненыя, а самі яны рэпрэсаваныя, згадкі пра Аршанскую бітву надоўга зыйшлі з беларускіх падручнікаў і навуковых выданняў.
Выключэннем з’яўдяюцца працы Язэпа Найдзюка, яуі ў 1944 годзе надрукаваў у Менску пашыраннае выданне сваёй кнігі «Беларусь учора і сёння», і якая, прайшоўшы праз нямецкую цэнзуру (напрыклад, забаранілі згадку пра Грунвальдскую бітву), стала школьным падручнікам на акупаванай немцамі тэрыторыі.
Згадаўшы бітву пад Воршай, Найдзюк пазнаёміў чытачоў з народнай беларускай песняй «Ой, у нядзельку нараненька, узышло сонца хмарненька», у якой праслаўляліся беларускія ваяры-пераможцы, і надрукаваў партрэт гетмана Астрожскага.
У пасляваенны перыяд доўгі час бітва пад Воршай не згадвалася ў гістарычных выданнях БССР. У сталінскай гісторыі БССР (акадэмічнае выданне 1954г.) паведамлялася, што ў канцы XV ст. шмат якія значныя феадалы ВКЛ разам са сваімі валоданнямі пераходзілі на службу да маскоўскага князя.
Называюцца гарады Любеч, Гомель, Старадуб і Чарнігаў, а потым гаворыцца, што гэтыя землі былі замацаваныя за Рускай дзяржавай у выніку вайны 1500-1503 гг. Далей ідзе сказ наступнага зместу (цытую на мове арыгінала): «В результате войны 1512-1522 гг. Русским государством был освобождён Смоленск (1514), имевший большое экономическое и стратегическое значение». Цікавасць выклікае думка аб «вызваленні» Смаленска, які да 1514 года ніколі не належыў Масковіі.
Школьны падручнік пад рэдакцыяй Абэцэдарскага ( 1975 г. выдання) пайшоў яшчэ далей у скажэнні беларускай гісторыі. У раздзеле «Рух за ўз’яднанне з Рускай дзяржавай» можна прачытаць наступнае: «К Русскому государству в 1500 г. присоединили свои владения чернигово-северские князья, которым принадлежал и Гомель». Тут нічога няма ні пра захоп Смаленска, ні пра Аршанскую бітву, а таксама пра вяртанне Гомеля ў выніку Старадубскай вайны.
Першым вярнуў беларусам іх слаўную перамогу над агрэсарам Уладзімір Караткевіч, які змясціў у сваёй папулярнай кнізе «Зямля пад белымі крыламі» старажытную гравюру 1597 года з выявай Аршанскай бітвы. Потым быў Міхась Ткачоў, які надрукаваў у сваёй працы «Замки Белоруссии» летапісную рускую мініяцюру, прысвечаную бітве пад Оршай.
Упершыню каляровую выяву Аршанскай бітвы з яе апісаннем у жніўні 1990 г. у часопісе «Мастацтва Беларусі» надрукавалі Анатоль Грыцкевіч і аўтар гэтага артыкула.
У тым жа 1990 годзе ў Эстоніі Беларускае культурнае таварыства «Грунвальд» і аб’яднанне «Беларуская школа» з Кліўленда выдаюць «Кароткі агляд гісторыі Беларусі для беларускіх дапаўняльных школаў», які ўклаў П.Рагач. Тут апісваецца Аршанская бітва і друкуецца народная песня «Бітва пад Воршай».
У незалежнай Беларусі Аршанская бітва адразу заняла адпаведнае месца ў хроніцы асноўных гістарычных падзей сярэднявечнай гісторыі беларусаў. Акадэмічнае выданне «Нарысы гісторыі Беларусі» на сваіх старонках разглядае бітву пад Воршай і яе гістарычнае значэнне.
Самае добрае апісанне Аршанскай бітвы ў школьным падручніку для 7 класа зрабіў гісторык Павел Лойка ў 1993 годзе. Прыводзім гэты фрагмент цалкам:
«У 1514 г. маскоўскае войска, авалодаўшы Смаленскам, рушыла ўглыб Княства ў напрамку Друцка і Оршы. Прыпыніць 80-тысячную рускую армію князя Булгакава-Голіцы ды баярына Чалядніна магло толькі не намнога большае за 30 тысяч вялікакняскае войска на чале з вядомым палкаводцам, найвышэйшым гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астрожскім. Сутычка паміж гэтымі далёка не раўназначнымі па колькасці сіламі адбылася 8 верасня 1514 года на рацэ Крапіўне пад Оршай».
Глядзіце яшчэ:
«Слава Воршы ўжо ня горша»
Гетман Астрожскі расставіў свае войскі такім чынам, што па флангах стаяла конніца, а пасярэдзіне пад прыкрыццём часткі гарматаў — пяхота з ручніцамі. Асноўную ж частку гармат палкаводзец пакінуў у засадзе. Ад раніцы да полудня бітва працягвалася з пераменным поспехам. Атакі вершнікаў Астрожскага адбіваліся маскоўскімі воямі, напады ды абыходныя манеўры рускага войска разгадваліся і поспеху не мелі. Галоўныя сілы ў бой яшчэ не ўводзіліся. Упэўненыя ў перамозе, Булгакаў-Голіца ды Чаляднін не прыспешвалі падзей. Першым ініцыятыву ўзяў на сябе Астрожскі. Ён рашуча кінуў у атаку ўсю конніцу Вялікага Княства. Завязалася лютая сеча. Неўзабаве імпэт нападаючых пачаў суцішацца. Вось яны прыпыніліся, пачалі прагінацца і нарэшце ўцякаць. «Літва ўцякае», — з гэткімі воклічамі вялізныя сілы маскоўскіх ратнікаў рынуліся за адыходзячым ворагам. Калі пагоня падляцела да лесу, гетман ускінуў булаву, і «ўцекачы» рэзка збочылі хто ўлева, хто ўправа. Маскоўская конніца апынулася перад пастаўленымі ў засаду гарматамі. Яна была растраляна проста ва ўпор. Маскоўцы пачалі ратавацца ўцёкамі. І цяпер войска Астрожскага спяшалася наўздагон ворагу, наносячы яму страшныя спусташальныя ўдары. Летапісцы колькасць загінуўшых маскоўскіх ратнікаў акрэслівваюць лічбаю ад 30 да 40 тысяч.
Гэта была вялікая перамога войска Вялікага Княства. Яна сталася дзякуючы тонкаму тактычнаму разліку гетмана Астрожскага, добрай узброенасці (прынамсі, гарматамі) вялікакняскага войска, а ў першую чаргу — мужнасці і рашучасці ліцьвінскіх воінаў, якія абаранялі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і. Перамога дазволіла на пэўны час спыніць памкненні Масквы авалодаць суседнімі заходнімі тэрыторыямі і не дапусціць падзелаў ва Усходняй Еўропе, што выклікала б новыя ваенныя канфлікты.
Глядзіце яшчэ:
Галасы мінулага
У тыя часы была складзена народная песня аб бітве пад Оршаю, якая ўслаўляла перамогу і князя Астрожскага:
Ой у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Селецкім таборам,
А ў таборы трубы йграюць,
Ды ваяцкія нарады зазываюць,
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршу здабываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
А ні з поля, а ні з лесу,
Толькі з рэчкі невялічкі.
А ў нядзелю параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы
Каля рэчкі на прыгорцы.
Гучаць разам з самапалаў,
В сяміпалых ад запалаў.
Б’юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці,
А як з Воршы ўцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як наша слава тутака прапала.
Бадай высыхала да сканчэння свету,
Што нашай славанькі ўжо нету».
Слава Воршы ўжо не горша.
Слаўся, пан Астроскі!
Пасля бітвы пад Оршай вайна цягнулася яшчэ 8 гадоў, але ні для аднаго з варагуючых бакоў не была выніковай. У 1522 г. было заключана мірнае пагадненне паміж Масквой і Вільняй, па якому Смаленск замацоўваўся за Маскоўскай дзяржавай«.
Пазней, пасля 1995 года, калі ў краіне адбыліся значныя змены, нягледзячы на пэўны ўціск з боку новай улады, тэма аршанскай бітвы не знікае ў беларускай навуцы і літаратуры. Прывядзем некалькі прыкладаў. Так, Мікола Ермаловіч у сваёй працы «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае», што выйшла ў 2000 годзе, піша асобны параграф «Аршанская бітва і пасля яе», дзе дае падрябязны аналіз хода падзей і іх наступстваў для Беларусі .
Пісьменнік Кастусь Цвірка, які напісаў у 2006 г. твор «Гісторыя Беларусі паводле паданняў і легендаў» таксама разглядае ў раздзеле «Вайна Беларусі з Масковіяй» легендарную бітву і прыводзіць народную песню і «гістарычную песню» Юльяна Нямцэвіча, напісаныя ў яе гонар.
Засталася Аршанская бітва і на старонках беларускіх школьных падручнікаў, але ў скарочаным варыянце. Возьмем, да прыкладу, падручнік П.А. Лойкі для 7 класса «Гісторыя Беларусі XVI-XVIII стст.» 2000 года выдання. На старонках 24-25 чытаем наступнае:
«У 1508 г. было падпісанае новае пагадненне, а ўжо летам 1512 г. распачалася новая вайна. На гэты час была арганізавана пад эгідай Маскоўскага Вялікага княства і Свяшчэннай Рымскай імперыі («Свяшчэнная Рымская імперыя нямецкай нацыі» — буйная еўрапейская дзяржава, якая складалася з зямель сучаснай Германіі, Аўстрыі, часткі Італіі, Францыі, Польшчы. Сталіцай яе была Вена) кааліцыя з сямі еўрапейскіх дзяржаў. Мэтай вайны быў падзел Усходняй Еўропы: да Васіля ІІІ павінны былі адысці ліцвінскія землі, а польскія — увайсці ў склад імперыі. У 1514 г. маскоўскае войска, авалодаўшы Смаленскам, рушыла ў глыб ВКЛ у напрамку Друцка і Оршы. Прыпыніць 80-тысячную армію князя Булгакава-Голіцы і баярына Чалядніна магло толькі не намнога большае за 30 тысяч велікакняжацкае войска на чале з вядомым палкаводцам найвышэйшым гетманам Вялікага княства Літоўскага Канстанцінам Астрожскім. Сутычка паміж гэтымі далёка не раўназначнымі па колькасці сіламі адбылася 8 верасня 1514 г. на рацэ Крапіўне пад Оршай.
Перамагло войска Вялікага княства. Перамога дазволіла на пэўны час спыніць памкненні Васіля ІІІ завалодаць суседнімі заходнімі тэрыторыямі і не дапусціць падзелаў ва Усходняй Еўропе, што выклікала б новыя ваенныя канфлікты».
Аднак «не спяць у шапку» і сённяшнія прыхільнікі «заходнерусізма», адэпты «Русского мира». Вось як яны асвятляюць падзеі вайны 1512-1514 гг. у школьных падручніках для 10 класа (год выдання 2008):
«Паражэнне рускіх войскаў пад Оршай на рацэ Крапіўна 8 верасня 1514 г. было адным з заключных эпізодаў гэтай вайны, якая ніяк не змяніла яе вынікаў. За ім было чарговае паражэнне літоўскіх войскаў пад смаленскімі сценамі. У выніку Смаленск аж да інтэрвенцыі пачатку XVII ст. заставаўся ў складзе Расіі. (Успомніце, чым характэрны гэты час для Расіі). Аб фактычным баку гэтай бітвы вядома няшмат. У прыватнасці, што праз дзесяць дзён пасля яе ад імя Сігізмунда І папе Льву Х і магістру Альбрэхту было адпраўлена пасланне, у якім кароль з выхваленнем паведамляў, што ім разгромлена «шмат» маскавітаў і «схізматыкаў», якія падтрымлівалі іх. Так кароль называў сваіх праваслаўных падданых, міжволі прызнаючы, на чыім баку яны знаходзіліся. Кароль указаў, што было забіта 20 тыс. воінаў праціўніка, узята ў палон 46 военачальнікаў і 1500 дваран».
У будучым у сачыненнях Дэцыя і Стрыйкоўскага лічбы забітых узрастуць да 40 тыс., а палонных дваран — да 2 тыс. Такія празмерныя перабольшванні ў тыя часы былі справай звычайнай. Хутка быў складзены панегірык «Жыгімонту Казіміравічу і князю Астрожскаму», дзе неймавернае прыхарошванне перамогі пад Оршай павінна было падсаладзіць горыч страты Смаленска.
У 1517 і 1526 гг. Расію наведаў пасол аўстрыйскага імператара Сігізмунд Герберштэйн. Абодва разы яго шлях ляжаў праз Літву. Герберштэйн сустракаўся з князем К.Астрожскім і з яго слоў зрабіў запісы аб Аршанскай бітве. У 1549 г. першым выданнем выйшлі «Запіскі аб Маскавіцкіх справах» Герберштэйна, дзе былі пераказаны гэтыя запісы, якія сталі асноўнай крыніцай усіх наступных папулярных выкладанняў падзей Аршанскай бітвы на ўсіх мовах. Іх прыблізнасць і прадузятасць ніколі не выклікалі сумненняў ні ў аднаго сур’ёзнага гісторыка.
На жаль, мы не ведаем, колькі людзей сышліся над рэчкай Крапіўнай і хто ваяваў там. Напэўна, ужо ніколі не даведаемся. Разважанні аб трохразовай перавазе маскавітаў няхай застануцца на сумленні фанетазёраў. Аднак не пашкодзіць памятаць, што да пачатку XVI ст. насельніцтва Вялікага княства Літоўскага істотна перавышала насельніцтва Маскоўскай дзяржавы. Варта ўлічваць таксама польскую і нямецкую дапамогу Літве.
У сувязі з гэтым заканамернае пытанне: у якой меры можна лічыць войскі К. Астрожскага беларускімі? Іх аснову складалі харугвы польскай і літоўскай шляхты, наёмныя нямецкія ландскнехты. Сярод літоўскай шляхты, вядома, былі і этнічныя беларусы, але не яны складалі ядро войска. Колькасць беларускіх мужыкоў у войску таксама была невялікая. Яны з’яўляліся прымусова мабілізаванымі " ў падводы" абознікамі. У адрозненне ад Маскоўскай дзяржавы ў Літве з XVст. простых людзей пад сцягі не прызывалі. Такі фактычны бок пытання аб праславутай Аршанскай бітве«.
Тым не меньш, аўтары змясцілі каляровую выяву бітвы, памылкова датуючы яе 1597 годам, а дату «8 верасня 1514 года» уключылі ў спіс асноўных падзей у гісторыі Беларусі (13. — С.85-88, 242).
Цікава, а як пішуць пра бітву пад Воршай і яе значэнне нашы суседзі?
Пра тое, як апісвалі Аршанскую бітву рускія гісторыкі падрабязна пісаў прафесар Анатоль Грыцкевіч. Глядзіце, напрыклад, «Народную Волю» № 64 ад 19 жніўня 2014 г.
Сучасны польскі гісторык Мар’ян Семаковіч у 2005 годзе піша пра Аршанскую бітву наступнае: «У 1514 годзе Літва страціла Смаленск. Але ў тым жа годзе польскія, літоўскія і рускія войскі пад камандаваннем літоўскага гетмана Канстанціна Астрожскага здабылі бліскучую перамогу над маскоўскімі войскамі пад Оршай: польска-літоўская армія налічвала толькі каля 30 тыс. Чалавек, у тым ліку 3 тыс. Палякаў, маскоўская ж армія — каля 80 тыс.». Як мы бачым, Семаковіч пайшоў далей за Трашчанка, які дапускаў, што крыху беларускіх мужыкоў, хай і ў абозе, у войску Астрожскага ўсё ж было. Семаковіч адмаўляе і гэта.
У гэтым годзе Міністэрства замежных спраў Літвы выдала на беларускай мове, услед за палякамі, сваю гісторыю. Літоўскія гісторыкі пішуць, што: «Літва, падтрыманая Польшчаю, выстаяла супраць праваслаўнай Масквы ў бітве пад Оршай ў 1514 г.» і даюць вялікую (на кніжны разварот) каляровую выяву Аршанскай бітвы. Прычым яны сціпла маўчаць, колькі праваслаўных беларусаў ваявалі з праваслаўнаю Масквою, каб захаваць незалежнасць каталіцкай Літвы.
Напрыканцы трэба заўважыць, што за гады незалежнай Беларусі пра Аршанскую бітву пішуць і ведаюць усе плыні нашага грамадства, незалежна ад іх палітычных поглядаў, даючы ёй адпаведна сваю адзнаку.
А.Т., budzma.org