Гісторыя кахання двух буслоў скарыла сэрцы жыхароў Харватыі, разнеслася перапостамі па свеце і выдатна прарэкламавала марку пітной вады.
Падчас Фестывалю aDNaK! досведам дзялілася багата знаўцаў, а хэдлайнерам стаў сузаснавальнік вядомага харвацкага digital-агенцтва DRAP Давар Руне.
Спачатку Давар адзначыў, што сёння моладзь мала глядзіць тэлебачанне, амаль не чытае друкаванай прэсы, інфармацыю атрымлівае з сацыяльных сетак і канцэнтруецца на адной тэме каля 8 секунд. “Цяпер моладзь не будзе нешта чытаць ці глядзець са сціпласці ці павагі да аўтара. Калі сумна – карыстальнік пераходзіць да іншай інфармацыі”, – перакананы Руне.
Такія ўмовы не замінаюць прасоўваць брэнды праз цікавыя акцыі, асабліва калі рабіць стаўку на цёплыя пачуцці адно да аднаго.
DRAP атрымала найбольшую колькасць узнагародаў у краіне. Каманда распрацавала праекты, што ўвайшлі ў глабальную справаздачу IAB MIXX “Што і чаму працуе ў лічбавым фармаце” ў 2014 і 2015 гадах, а таксама атрымала шматлікія ўзнагароды за крэатыўнасць і эфектыўнасць уключна з трыма Effie і трыма Гран-пры MIXX.
Менш кажыце, больш слухайце
Апошняя акцыя, што літаральна выбухнула ў інтэрнэце, – гісторыя пра тое, яе саміца бусла з пашкоджаным крылом не зляцела на зімоўе і чакала свайго дружка. За гісторыяй больш чым 20 дзён сачылі ў сацсетках, на вулічных экранах, мікрасайце з анлайн-трансляцыяй, людзі шэрылі і лайкалі кожную новую інфармацыю.
Трансляцыя ішла з вёскі, дзе мясцовы фермер даглядаў бусліху цягам зімы. Камера паказвала толькі гняздо і птушку, без каментароў, спецыфічных ракурсаў і г.д. Але цікавая і гісторыя. Гэтая пара буслоў разам ужо 17 гадоў, і кожны раз саміца з хваляваннем чакае вясны, бо не вядома, ці прыляціць бусел сёлета да іх гнязда. У момант, калі ён нарэшце прызямліўся, людзі плакалі ад шчасця і абдымалі адно аднаго. Што казаць, ролік пра буслоў нават за дзве хвіліны крануў да слёз аўдыторыю фестывалю.
Ідэя гэтай рэкламы чакала сваёй кампаніі два гады і толькі сёлета jana зацікавілася і набыла яе. Давар перакананы, што сёння звышістотна мець гатовыя праекты для кампаніі яшчэ да таго, як яе супрацоўнікі прыйдуць у агенцтва.
Стварайце інфармацыйныя нагоды для СМІ
У нашай краіне СМІ часам не дужа лагодныя да брэндаў, якія ладзяць нейкую актыўнасць. Але гэта не праблема, калі гаворка ідзе пра сацыяльныя медыі ці ўласныя шэры. Практыка Давара паказала, што людзі любяць быць разам і распавядаць пра гэта ў сваіх стужках.
Відавочным прыкладам стала сацыяльная інсталяцыя NESCAFÉ. Грунтавалася ідэя на звышпапулярнай традыцыі сярод закаханых вешаць на масты замочкі. А яшчэ на тым, што людзі любяць піць каву разам. У сярэдзіне верасня на харвацкіх вуліцах з’явілася ТЫСЯЧА прычэпленых роварнымі замочкамі кубкаў. Любы ахвочы мог атрымаць код, адчапіць кубачак, абмяняць замок на каву і атрымаць падарунак.
Людзі прыйшлі ў захапленне, знаёміліся з іншымі ўдзельнікамі акцыі, гутарылі, сябравалі. А яшчэ посцілі свае фота. Каб унікнуць у сэнс гэтай падзеі, не трэба шмат часу, таму людзі не прагортвалі паведамленні ў стужках, а спыняліся на іх. Відавочна, што пагалоска пра інсталяцыю пайшла далёка за межы Харватыі, а СМІ ахвотна распавялі пра такую гарадскую цікавостку.
Не лічыце аўдыторыю дурной
Ідэя выдатнага праекта можа прыйсці ад саміх спажыўцоў. Так, пачатак вялікай і пяшчотнай падзеі ў Харватыі паклаў македонскі дызайнер, які дзеля смеху зрабіў плакат з шакаладам. Ён прыдумаў гульню словаў з назвай маркі Kraš: I have a Kraš on you (я закахаўся ў цябе). Агенцтва звязалася з аўтарам, і яны разам распрацавалі праграму з некалькіх складнікаў, дзе галоўнай ідэяй быў такі слоган.
“Мы падумалі, што ўсе любяць кампліменты і шакалад. А калі гэта сумясціць, мусіць атрымацца неймаверна прыемная рэч”, – прызнаўся Давар.
У гандлёвых цэнтрах усталявалі аўтаматы з шакаладкамі, дзе кожны мог напісаць на скрынцы нейкія словы свайму блізкаму чалавеку. Акрамя таго, той, каму дарылі шакаладку, атрымліваў малюнак-паштовачку на сваю старонку ў ФБ. Дзякуючы такой акцыі пра кампанію-вытворца даведаліся па ўсім свеце, а македонскі дызайнер стаў нацыянальнай зоркай.
Кампанія таксама ладзіла інтэрактыўную гульню з мэтай стварэння экалагічнага парку, прапаноўвала хлопцам пратрымаць сваю дзяўчыну ў краме з адзеннем цягам гадзіны за скрыню піва і шмат чаго іншага. “Я люблю рабіць стаўку на камунікацыю паміж людзьмі – гэта спрацоўвае часцей за ўсё. Інтэрактыўныя падзеі заўжды цікавыя, трохі непрадказальныя і дакладна захапляльныя. Не заўважыць паста пра штосьці такое даволі складана”, – адзначыў Давар.
Зухаваты выступоўца прызнаўся, што многія акцыі выкарыстоўваюць тэму рамантыкі ці кахання не толькі таму, што прадаюць тавар, а і таму, што асабіста яму такое блізка: “Мажліва, можна стварыць праект пра забойства зомбі, які таксама добра зойдзе людзям. Але мне гэта тэма не блізкая, таму нават задумак такіх не маю”.
Марыя Грыц