Пад Навагрудкам аднавілі ўнікальную капліцу XIX стагоддзя

Аб аднаўленні ўнікальнай капліцы — помніка сакральнага дойлідства ХIХ стагоддзя — распавялі аўтары групы «Планета Беларусь» у Facebook.


Kaplica XIX st.
Так выглядае капліца пасля рэстаўрацыі

Вёска Мількавічы размешчана за 7 км ад Навагрудка ў бок Бярозаўкі. Зусім нядаўна сіламі прыхаджан і двума мясцовымі калгасамі тут аднавілі капліцу — помнік сакральнага дойлідства ХIХ ст.

Гэта адзіная драўляная капліца, якая захавалася на Навагрудчыне.

Kaplica XIX st.
Так выглядае капліца пасля рэстаўрацыі

«Як яна выстаяла да нашых дзён і не «рассыпалася» да гэтага часу — вядома толькі ёй самой! Трэба аддаць належнае будаўнікам, якія падчас рэстаўрацыйных работ імкнуліся максімальна захаваць аўтэнтычнасць дадзенай пабудовы. Асабліва беражліва паставіліся да алтара. Удалося аднавіць і закансерваваць частку пляцоўкі, якая мацавалася без прымянення цвікоў, на спецыяльных шыпах. З вонкавага боку захавалі драўляныя сцены. А вось дах прыйшлося замяніць цалкам!», — адзначае «Планета Беларусь».

Kaplica XIX st.

Kaplica XIX st.
Так выглядала капліца да рэстаўрацыі

Падчас рэстаўрацыйных работ у капліцы знайшлі рэліквіі 1755 г. з надпісамі на лацініцы, барэльеф — дакладную копію выявы Маці Божай (Вастрабрамскай) 1844 г., старадаўнія падсвечнікі, ручнікі і абрусы.

Капліца ў Мількавічах стаіць на мясцовых могілках. Жыхары вёскі прыходзяць сюды памаліцца за Св. Антонія Падуанскага, за пахаваных тут людзей, а таксама за тых, хто дапамог ім аднавіць і захаваць помнік даўніны, не зрабіўшы з яго навадзел.