Палова случчан хоча, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю па-беларуску

19.03.2021 Краіна

Каля 40 працэнтаў случчан сказалі, што выкарыстоўваюць беларускую мову ў штодзённых размовах, амаль 54 працэнты — разумеюць мову, але не выкарыстоўваюць. Гэта вынікае з апытання, што праводзіць аддзел адукацыі Слуцкага райвыканкама, перадае Новы Час


Вынікі апытання на 10 гадзін раніцы 19 сакавіка. Зрэшты, прагаласаваць яшчэ пакуль можна
Вынікі апытання на 10 гадзін раніцы 19 сакавіка. Зрэшты, прагаласаваць яшчэ пакуль можна 

Вынікі апытання можна пабачыць на сайце Слуцкага райвыканкама. З іх можна вынікае, што большасць бацькоў хацела б, каб іх дзеці дасканала валодалі роднай мовай. У апытанні па становішчы на 9 гадзін раніцы 19 сакавіка прынялі ўдзел 297 чалавек, якія адказалі на розныя пытанні. З тых 297 асобаў, што прагаласавалі, 177 выказаліся за тое, каб дзеці свабодна размаўлялі па-беларуску. Супраць — толькі 65 удзельнікаў.

173 чалавек хочуць, каб школьнікі вывучалі гісторыю Беларусі на роднай мове, адмоўнае стаўленне выказала меншая частка — 112 чалавек.

Да беларускамоўнага выхавання ў дзіцячых садках пазітыўна ставіцца крыху менш, чым палова апытаных.

Крыху больш за палову падтрымалі беларускамоўную адукацыю ў школе па ўсіх навучальных прадметах: за — 150 чалавек, 147 — супраць.


Па выніках апытання Слуцкае гарадское таварыства беларускай мовы напісала зварот да бацькоў, які цяпер распаўсюджваецца ў мясцовых чатах. У сваім звароце ТБМ просіць бацькоў Слуцкага раёна агучыць сваё пажаданне наконт беларускамоўнага навучанню на школьных бацькоўскіх сходах і напісаць пісьмовыя звароты на імя дырэктараў школ, аддзела адукацыі Слуцкага райвыканкама наконт забеспячэння законнага права на атрыманне адукацыі на беларускай мове.

Новы Час