У дзень смерці вядомага беларускага мысляра Ігната Канчэўскага, які пайшоў з жыцця 21 красавіка 1923 года, спрабуем паразважаць над самым яго вядомым творам — філасофскім эсэ «Адвечным шляхам».
Ігнат Канчэўскі
Кажуць, што старажытныя японцы верылі ў тры сілы: мяча, багацця і люстэрка. Тлумачэнне, пэўна, асабліва і не патрэбнае, бо меч — гэта сімвал зброі, а той, хто яе мае, ужо a priori моцны. Добра таксама пачуваецца і той, хто мае вялікія грошы, бо можа «замаўляць музыку», як кажа нам вядомая народная прымаўка. Люстэрка сімвалізуе самаспазнанне і паводле ўяўленняў японцаў — гэта найбольш уплывовая з сілаў.
Бо калі ты разумееш, кім ты ёсць, спрабуеш спазнаць самога сябе, ты заўжды будзеш займаць належнае табе месца ў грамадстве і свеце. Толькі такім чынам можна развязаць свае праблемы і пазбавіцца ад балячак, што замінаюць жыць. Гэтым і паспрабаваў заняцца Ігнат Канчэўскі, калі ва ўзросце 25 гадоў напісаў знакамітае эсэ «Адвечным шляхам».
Самаробная фотакопія першага выдання Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам», зробленая Сержуком Сокалавым-Воюшам
У ім ён даследаваў беларускі светагляд, які паводле аўтара не падобны ні да ўсходняга, ні да заходняга. Гэта нейкі дзіўны сімбіёз, які ўдала спалучае рысы абодвух, але пры гэтым утварае нешта самабытнае, не падобнае ні да аднаго, ні да другога. Бо, як слушна заўважае аўтар, насельнікі ягонай Бацькаўшчыны не прызнаюць ні «ojczyzny», ні «отечества». Яны прагнуць чагосьці свайго...
Акрамя гістарычнага экскурсу ў беларускую гісторыю ў гэтым эсэ прысутнічае і тое, што сёння назвалі б павестачкай. Ігнат Канчэўскі ўдала міксуе факты з гісторыі Беларусі з сучаснай яму сітуацыяй. Напрыклад, адкрыта крытыкуе тагачасныя «беларускія ўрады», не абіраючы ніводнага з іх:
«Першы беларускі Ўрад, што стаяў на грунце прыцыповай незалежнасьці, не дасягнуў ніякіх практычных вынікаў. Першымі спробамі «рэальнай» палітыкі былі спробы яго наступнікаў. Так, знамянітая «Найвышэйшая Рада», або «Дырэкторыя», хацела згаварыцца са шляхоцкім урадам Пілсудскага, і, пеўна, стоячы на грунце незалежнасьці, Дырэкторыя была фактычна блізка ад здаваленьня культурна-нацыянальнай аўтаноміяй, аб чым сьведчыць прамова ў Польскім Сойме прэм’ера Скульскага. Гэты кірунак як мала жыцьцёвы практычна адкінуты.
Ў ліпні 20 г. групка фэдэралістычна настроенай беларускай інтэлігэнцыі прызнала «беларускі савецкі ўрад»: савецкую Беларусь за магчымасьць легальнай працы. І гэтая спроба рассыпалася, не пакінуўшы навет ніякіх сьлядоў.
Цяпер найболей рэальным шляхам здаецца ўмова с.-р.-аўскага ўраду з ліцьвінамі. Але і тут толькі сьляпы ня ўбачыць, што палітыка міністэрства па беларускім справам у Ліцьве сьведчыць аб тым, што ліцьвіны маюць уласныя зданьні, непадобныя да зданьняў саміх беларусаў».
То-бок захаплення ў яго не выклікалі ні Антон Луцкевіч, які ачольваў Найвышэйшую раду БНР, ні група беларускіх дзеячаў, што падтрымалі другое абвяшчэнне БССР у ліпені 1920 года, ні Народная Рада БНР, якая знаходзілася ў Коўна і была ў прыязных дачыненнях з урадам Літвы.
Чытайце таксама: Складаны выбар Власта
Як не выклікалі ў яго захаплення левыя і правыя самых розных аддценняў:
«Сур’ёзна казаць аб розьніцы паміж соцыялізмам і камунізмам, ведама, ня можна, бо ў іх адзін слуп — марксізм і дактрына захапленьня ўлады. Тое, што робяць маскоўскія камуністыя, ў належачых абставінах паўтарылі б і варшаўскія соцыялістыя. Розьніца толькі ў тым, што соцыялістыя — болей практычныя рэалістыя, а камуністыя-романтыкі не бяз дзіцячай самапеўнасьці. Але як адзін, так і другі кірунак жадае зьдзейсьніць дыктатуру пролетарыяту, абмінаючы другія бязумоўна працоўныя клясы, бо аб апошніх марксізм заўсёды кажа з вялікім тактычным рэвэрансам».
Эсэ перапоўнена прысмакам расчаравання ад пафасных ідэяў, якія тады былі ў модзе. Канчэўскі ці не першы казаў тое, што многія потым паўтораць праз дзесяцігоддзі:
«Ніхто з сучасных сьвядомых грамадзян, калі ён не адтрымлівае значнай урадавай падмогі, шчыра ня пойдзе бараніць афіцыяльных перакананьняў, ніхто ня пойдзе паміраць за гукі дэмакратычнай марсэльезы ці соцыялістычнага інтэрнацыяналу. Так тыя, што пачыналі шумлівай палітычнай бутафорыяй, вывярнулі шубу шэрсьцю ўверх. Іх сучасная, гінучая сіла апіраецца пакуль на народнай цемнаце і несьвядомасьці, на прыхільнасьці да гучных незразумелых формул-заклінаньняў».
Яму відавочна хацелася прыдумаць нешта сваё, арыгінальнае, таму Канчэўскі робіць нечаканы крок, які ўвогуле не ўласцівы беларускім дзеячам. Ён пачынае глядзець не назад, як у нас прынята і цяпер, але наперад. То-бок фармуе хай сабе і прывідныя, але ўсё ж абрысы будучыні:
«Няхай сучасная палітычна-грамадзянская дзейнасьць — банкрут, няхай найбольш пашыраныя сьветагляды не развязваюць найбольш канечных жыцьцёвых пытаньняў, а выхад ёсьць, быў адвеку, мігаціць адвечны веснавы прасьвет: ён у сталай творчасьці бязупыннай, бязустаннай. Ні прымусовае гаспадарства, ні сучасныя палітычныя партыі, пачынаючы ад чырвона-соцыялістычных і канчаючы чорна-клерыкальнымі, якія лятуцяць аб захапленьні ўлады і аб бязьлітаснай дыктатуры, ня выхаваюць творчага чалавека. Будучына іх — духовая сьмерць».
Пасля яго збольшага будуць імкнуць спарадкаваць мінуўшчыну — даказаць, хто стварыў насамрэч ВКЛ, хто быў самым крутым «беларускім» князем і так далей. У гэтым сэнсе беларусы вельмі завернутыя на даўнейшых часах, якім надаюць значна болей увагі, чым цяперашнім. Як бы тая веда аб месцы, дзе насамрэч каранаваўся Міндоўг, можа нешта змяніць карэнным чынам.
Калі Ігнат Канчэўскі пісаў сваё эсэ, то ўзяў сабе псеўданім Ігнат Абдзіраловіч — так звалі галоўнага героя знакамітай аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы», якая была напісана некалькімі гадамі раней. Даволі рэдкі выпадак у літаратуры, бо адна справа, калі ты падпісваешся імем любімага героя ў сацыяльных сетках, а зусім іншая, калі падпісваеш так уласны твор.
Максім Гарэцкі. 1928 год
Але калі пачытаць яшчэ і саму аповесць Гарэцкага, то усё становіцца на свае месцы. Бо Ігнат Абдзіраловіч у ёй — гэта найперш сузіральнік, мысляр, але не чалавек дзеяння. Ён аказваецца на зломе эпох, калі ў свеце бушуюць войны і рэвалюцыі, распадаюцца імперыі, знікаюць з мапы свету адны і ў той жа момант з’яўляюцца на ёй другія дзяржавы.
І вось на фоне ўсіх гэтых лёсавызначальных падзей прадстаўнік старой інтэлігенцыі спрабуе неяк адаптавацца да новых варункаў, а разам з тым разгледзець і спасцігнуць самога сябе. У выніку ён прыходзіць да высновы, што мае адразу дзве душы, якія даўно і непарыўна перапляліся. Адна — сацыяльная, другая — экзістэнцыяльная. Таму цалкам лагічна, што Ігнату Канчэўскаму так спадабаўся гэты персанаж.
Бо і сам Канчэўскі быў у першую чаргу сузіральнікам, хаця меў пры гэтым даволі насычаную біяграфію. За нейкія 27 гадоў жыцця ён паспеў і павучыцца, і паваяваць, і пры бальшавіках папрацаваць, а па фінале пакінуць яшчэ заўважны след у беларускай літаратуры і філасофіі.
У апошнія гады свайго жыцця Ігнат Канчэўскі жыў у Вільні, дзе займаўся кааперацыяй ды пісаў свае эсэ. Там ён і памёр ад сухотаў у 1923 годзе. Найбольшая колькасць ягоных твораў была апублікавана ў газеце з красамоўнай назвай «Наша будучына», якую выдаваў ягоны брат Арсень.
Першы нумар газеты «Наша будучына». Вільня, 1922 год
Арсень Канчэўскі
Л. Г., budzma.org