Выйшла кніга кулінарных рэцэптаў ад беларускіх літаратараў

У выдавецтве «Каўчэг» выйшла кніга «Па (д)шот. Кухня беларускіх літаратараў». Аўтарка-ўкладальніца Кацярына Барысенка сабрала 50 рэцэптаў ад беларускіх літаратараў і літаратарак, піша bellit.info.

«Pa (d)šot. Kuchnia bielaruskich litarataraŭ»

Кожны «аўтарскі» рэцэпт аздоблены ілюстрацыяй. Сярод тых, чые кулінарныя рэкамендацыі змешчаны ў кнізе, паэты і паэткі, пісьменнікі і пісьменніцы. Так можна згатаваць «Мяса ўежнае, з грыбамі ды гароднінай» ад Таццяны Барысік, бабку ад Сяргея Харэўскага, салянку ад Сяргея Календы, печаную курыцу ад Алеся Камоцкага.

Таксама сярод «кухараў» кнігі можна знайсці імёны Франца Сіўко, Стася Карпава, Сірошкі Пістончыка, Уладзіміра Глазава, Андрэя Дудко і многіх іншых.

Адам Глобус
(пісьменнік, паэт, мастак, аўтар кнігі навэл «Дамавікамерон», рамана «Дом», кнігі паэзіі «Новае неба», зборніка хайку «Сняжынка», кніг прозы «Койданава», «Сучаснікі», «Казкі» і інш.)

Кава па-караткевіцку
кава (арабіка) – 2 чайныя лыжкі з верхам
вада – 180–200 мл
чорны перац – 2 шт.
соль

У турку засыпаць дзве поўныя з каптуром лыжкі кавы. Да кавы дадаць два разрэзаныя напалам зерні чорнага перцу і некалькі драбочкаў солі з кончыка нажа. Усё заліць кіпнем, перамяшаць, а потым на маленечкім агні давесці да кіпення, каб шумок паўстаў, але не выліўся з туркі.

«Pa (d)šot. Kuchnia bielaruskich litarataraŭ»