Адзінаццатыя заняткі курсаў “Мова нанова” у Баранавічах: “Чытанне”

21 траўня  прайшлі адзінаццатыя заняткі курсаў беларускай мовы “Мова нанова”  у Баранавічах. Тэмай абралі “Чытанне”. Вучыліся чытаць нанова!

На самым пачатку заняткаў мы прапанавалі тры сітуацыі на тэму “Навошта людзям трэба мова”. Студэнты па сітуацыях імправізавалі міні-пастаноўкі. Пакуль рыхтаваліся нашыя акцёры, астатнія наведвальнікі курсаў спрабавалі прачытаць хуткамоўкі! Нават нашая Зэрліна, бабулька 83 год, якая прыехала з Камчаткі ў Беларусь толькі тры гады таму, справілася з гэтым заданнем! Гэта вялікае асабістае дасягненне!

Зламаўшы язык, наглядзеўшыся “народнай тэатральнай творчасці”, пачалі сур’ёзна вывучаць лексіку. Заданне было не з простых: скласці апавяданне, ужываючы найбольшую колькасць прапанаваных словаў. Але ж добра папрацавалі, склалі сапраўдныя мастацкія літаратурныя творы розных жанраў. Пасля такога мазгавога штурму разбіралі тэксты, якія не былі падзеленыя не тое што на сказы, нават на словы! Але ж і гэтае заданне нашыя студэнты выканалі,  як семкі лускалі!

На другой гадзіне заняткаў прыехалі нашыя паважаныя госці – Валер Булгакаў і Алесь Пашкевіч. Распавядалі пра часопіс “ARCHE”, што можна прачытаць у нумарах, на што звярнуць увагу. Алесь зрабіў прэзентацыю кнігі Юрася Юркевіча “Балахоўцы”.

Пасля прэзентацыі можна было бліжэй пазнаёміцца з часопісамі і кнігамі, памацаць. Некаторыя з кніг знайшлі свайго гаспадара! Дзякуй усім, хто наведваў заняткі №11, дзякуй спадару Валеру і спадару Алесю за тое святло, што запалілася ў нашых галовах!

Не марнуй час, прыходзь да нас!

Тэгі: