Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае сачыць за станам беларускай мовы ў Беларусі і збіраць выпадкі дыскрымінацыі беларускай мовы і яе носьбітаў, піша bellit.info.
На жаль, у Беларусі захоўваецца тэндэнцыя на пагаршэнне статусу беларускай мовы. Дзяржава не тое, што не прымае ніякіх захадаў па паляпшэнні сітуацыі, а працягвае палітыку дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў, што ў сваю чаргу вядзе да таго, што само грамадства не лічыць патрэбным падтрымліваць і пашыраць яе ўжыванне.
Так, згодна з вынікамі апытання інстытута «Палітычная сфера», 70% рэспандэнтаў не лічыць неабходным мяняць мову выкладання школьных дысцыплін з рускай на беларускую. Толькі 16% апытаных падтрымалі павелічэнне беларускамоўных праграм за кошт скарачэння рускамоўных. І гэта пры тым, як адзначаюць даследчыкі, што па выніках усеагульнага перапісу 2019 года ў Беларусі доля тых, для каго беларуская мова — родная, вырасла да 54%, у тым ліку сярод беларусаў — да 61,2%. Адзін з аўтараў даследавання сацыёлаг Аляксей Ластоўскі лічыць, што пашырэнне выкладання школьных прадметаў па-беларуску можа выклікаць негатыўную рэакцыю грамадства, таму трэба павышаць сацыяльны статус мовы, каб яна ўспрымалася «як фактар прафесійнага поспеху, кар’еры».
У той жа час беларускія ўлады заклікаюць змагацца за правы рускай мовы ў свеце, стан якой пагоршыўся ў сувязі з вайной Расіі супраць Украіны. Так, Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступе на саміце кіраўнікоў СНД у Бішкеку (13 кастрычніка 2023 г.) назваў вельмі своечасовай і запатрабаванай ініцыятыву прэзідэнта Казахстана аб заснаванні міжнароднай арганізацыі па рускай мове, бо «валоданне рускай мовай — гэта найвялікшы здабытак». Пазіцыю Лукашэнкі падтрымала і Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў тым жа Бішкеку (17 лістапада 2023 г.). Яна працытавала словы Лукашэнкі пра тое, страціць рускую мову — гэта страціць сваю гісторыю, сучаснасць і сваю будучыню і выказала занепакоенасць негатыўнай тэндэнцыяй выкарыстання рускай мовы як «мішэні для палітычнага, культурнага і маральна-духоўнага падаўлення рускамоўнага насельніцтва».
За другое паўгоддзе 2023 года з адкрытых крыніц у нас атрымалася выявіць наступныя выпадкі дыскрымінацыі беларускай мовы:
Праваабаронца Ігар Случак апублікаваў у сваіх сацыяльных сетках адмоўныя адказы некаторых вытворцаў прадукцыі ў Беларусі ў адказ на прапанову пазначаць сваю прадукцыю па-беларуску. Так, СТАА «КОНТЭ» адмовіла ў выкарыстанні беларускай мовы на этыкетках тавараў іх вытворчасці ў сувязі с тым, што так вырашыла нарада кіраўнікоў і супрацоўнікаў прадпрыемства. Яшчэ адным аргументам было тое, што іншыя вытворцы падобнай прадукцыі таксама не выкарыстоўваюць беларускую мову. Аўтары ліста таксама спаслаліся на Канстытуцыю, дзе вызначаны статус беларускай і рускай моваў як роўны. ТАА «Клуб Фарм-Эко» адмовілася маркіраваць сваю прадукцыю па-беларуску таму, што гэта контрпрадуктыўна дасягненню камерцыйнага поспеху кампаніяй, адцягвае работнікаў ад працы і дыскрымінуе тую частку насельніцтва, каторая валодае ў поўнай меры толькі рускай мовай. Адказ на зварот, напісаны па-беларуску, прадпрыемства дало па-руску, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства. (Інфармацыя ўзятая са старонкі ў фэйсбуку Ігара Случака).
У тэлеграм-канале «МОВА ТУТ» 15 ліпеня 2023 г. была апублікавана вытрымка з аповеду мастака Алеся Пушкіна (мастак, асуджаны па арт. 370 КК — здзек з дзяржаўных сімвалаў, арт. 130 КК — распальванне варожасці ці варажнечы да 5 гадоў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму, прызнаны палітвязнем 6 красавіка 2021 г., памёр у турме 11 ліпеня 2023 года) пра абыходжанне з ім у ізалятары на Акрэсціна. Так, Алесь паведаміў, што на момант затрымання на адным з мірных маршаў у Мінску пры ім была напісаная па-беларуску дэкларацыя пра ягоныя матывы выйсці на пратэст. Амапаўцы пры вобшуку знайшлі гэтую дэкларацыю. Яны распранулі Алеся дагала перад астатнімі зняволенымі і моцна збілі яго. Прычынай была беларуская мова тэксту.
19 ліпеня 2023 г. у газеце «Беларусь Сегодня (СБ)» дзяржаўны прапагандыст Андрэй Мукавозчык рэзка раскрытыкаваў інтэрв’ю, якое дала пісьменніца і перакладчыца Наталка Харытанюк рэдакцыі партала «Будзьма беларусамі!». Мукавозчык у сваім артыкуле ставіць пад сумнеў нармальнасць пісьменніцы ў сувязі з тым, што яна вырашыла выхоўваць сваё дзіця цалкам па-беларуску.
24 лiпеня 2023 г. Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала на тэрыторыі краіны найбуйнейшую інтэрнэт-бібліятэку беларускай літаратуры ў свеце — сайт Kamunikat.org. Зараз яго можна чытаць толькі з-за мяжы, а ў краіне толькі з дапамогай VPN-сэрвісаў.
25 ліпеня 2023 г. апублікаваны (26 ліпеня набыў моц) закон аб змене закону «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» ад 6 студзеня 1990 г. No 3094-XI. Змены ў законе датычаць афармлення дакументаў для беларусаў, судовай вытворчасці і мовы адукацыі. Судовую вытворчасць і адміністрацыйныя працэсы (арт. 14, 15) зараз можна весці на беларускай і (або) рускай мовах. Раней можна было выбіраць рускую альбо беларускую мову. Права на атрыманне адукацыі (арт. 21) на беларускай і (або) рускай мовах зафіксавалі для сістэм навукова-арыентаванай адукацыі і дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі. Змянілася назва артыкула: «Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове» на «Права на атрыманне адукацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь». Адгэтуль вучыцца на мовах нацыянальных меншасцей нельга, дазваляецца толькі вывучэнне іх роднай мовы і літаратуры ў асобных групах і класах паводле рашэння мясцовых органаў улады, узгодненага з Міністэрствам адукацыі. Таксама знікла патрабаванне да кіраўнікоў сістэмы адукацыі валодаць беларускай мовай. Цяпер гэты наказ дзейнічае толькі для педагагічных работнікаў (арт. 22). У гэтым жа артыкуле зняты абзац, які рэгламентуе механізм выбару мовы навучання ў пэўнай установе адукацыі: «Асноўная мова навучання і выхавання (беларуская або руская) вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі (арганізацыяй, якой у адпаведнасці з заканадаўствам дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць), індывідуальным прадпрымальнікам, якому ў адпаведнасці з заканадаўствам дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, з улікам пажаданняў навучэнцаў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў)». Нагадаем, раней у Беларусі былі ліквідаваныя 2 літоўскія і 2 польскія школы.
У інтэрв’ю «Вясне» 25 ліпеня 2023 г. былы палітзняволены Аляксандр Казакевіч распавёў, як у СІЗА стаў размаўляць па-руску з-за таго, што пачуў, як другому хлапцу пагражалі паніжэннем яго сацыяльнага статусу за беларускую мову. Таксама Аляксандр распавёў, што следчая па ягонай справе Крысціна Дубяневіч пры аглядзе змесціва ягонага тэлефона папрасіла змяніць мову інтэрфейса на рускую, таму што не магла разабрацца з надпісамі па-беларуску.
11 жніўня 2023 г. на Вайсковых могілках у Мінску старое надмагілле беларускага паэта і мовазнаўцы Алеся Гурло (1892–1938) было змененае на сучаснае, аформленае па-руску. Тут важна адзначыць той факт, што Алесь Гурло быў не толькі беларускамоўным паэтам, але і шмат зрабіў для развіцця і ўмацавання беларускай мовы: працаваў у складзе тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі, складаў слоўнікі беларускай мовы. А ягоны слоўнік «Тэхнічная тэрміналогія» паклаў пачатак сістэматызаванай распрацоўцы і вывучэнню спецыяльнай лексікі.
На сайце goszakupki.by 14 жніўня 2023 г. для Магілёўскай абласной бібліятэкі праводзіўся электронны аўкцыён на набыццё дзіцячай літаратуры. На кнігі было выдаткавана 50 000 рублёў, але выдавецтвы, кнігі якіх хацелі купіць — выключна расійскія. Беларускім дзецям набылі такія выданні, як «Арбат», «ВДНХ. Главная выставка страны», «Бульварное кольцо», «Кремль — сердце Москвы», «О чём молчат башни Кремля?», «Московские высотки», «Необычные дома Москвы», «Паруса России», «Парки Москвы», «Русская изба», «Как жили на Руси», «Мифы Поволжья», «Коломна. Маленький город с большой историей», «Как Пушкин русский язык изменил», «Великие победы генерала Ушакова», «Иркутск. Город сам по себе» і іншыя. Магілёўскія школьнікі за сродкі абласнога бюджэту будуць вучыць гісторыю, геаграфію і культуру Расіі.
15 жніўня 2023 г. суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» наступныя творы беларускіх пісьменнікаў: Кніга з серыі «Беларускі кнігазбор» Арабей Л. Выбраныя творы; Кніга з серыі «Беларускі кнігазбор» Геніюш Л. Выбраныя творы; Кніга з серыі «Беларускі кнігазбор» Арсеннева Н. Выбраныя творы; Кніга з серыі «Беларускі кнігазбор» Някляеў У. Выбраныя творы.
17 жніўня 2023 г. прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інфармацыйная прадукцыя ў выглядзе прадмовы Язэпа Янушкевіча да кнігі, а таксама тэксты твораў «Плывуць вятры», «Гутарка старога дзеда», якія прыпісваюцца В. Дуніну-Марцінкевічу і ўключаныя ў заключную частку пад назвай «DUBIA» серыі «Беларускі кнігазбор» Выбраныя творы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Падставай для прызнання інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» стала заява пракуратуры горада Мінска.
8 лістапада 2023 г. прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» двухтомнік твораў класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Адпаведнае рашэнне вынес суд Жыткавіцкага раёна.
Чытайце яшчэ: Забараніць, скасаваць, сьцерці, выкрасьліць! Лявон Вольскі пра беларускі экстрэмізм
Рэгістрацыя на Мінскі паўмарафон, які прайшоў 10 верасня 2023 г. у Мінску, праходзіла на асобным сайце праз расійскую платформу і выключна па-руску. Рускамоўная сістэма сайту не ўспрымала беларускіх літар і беларускай лацінкі.
Тэлеграм-канал «МОВА ТУТ» 29 жніўня 2023 г. паведаміў, што ў расійскім падручніку па гісторыі (9 клас) узгадваецца, што пасля падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага (1863— 1864) адзінай мовай адукацыі і кніг стала руская мова. Але пры гэтым сцвярджаецца, што дзякуючы русіфікацыі «взаимодействие русской и национальных культур стало более тесным, это способствовало взаимному обогащению». Якім чынам руская культура ўзбагаціла беларускую, у падручніку не ўдакладняецца.
29 жніўня 2023 г. намеснік міністра Аляксандр Кадлубай заявіў, што не бачыць «перакосу ў бок рускамоўнасці» ў беларускіх школах. Аднак, згодна з апошнімі данымі Белстата (2021), з 1,058 млн школьнікаў на беларускай мове вучыліся толькі каля 10%.
2 верасня 2023 г. у эфіры праграмы «Вопрос номер один» на тэлеканале «Беларусь 1» міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што ў Беларусі 40% школ — беларускамоўныя і па-беларуску навучаецца каля 10% школьнікаў. Аднак пераважная колькасць беларускамоўных школ — вясковыя. Міністр лічыць, што гэта вельмі добры паказчык, які ўсяляе пэўны аптымізм. У той жа час «Наша Ніва» адзначае, што падчас правядзення палітыкі русіфікацыі СССР у Беларусі па-беларуску вучыліся 22% дзяцей.
2 верасня 2023 г. у Гарадку да Дня беларускага пісьменства паставілі «помнік рускаму «Букварю»». Віцебская дзяржаўная газета «Витьбичи» анансавала, што гэта будзе «арыгінальны арт-аб’ект у выглядзе літар беларускага алфавіта — з «Ў» і «І». Аднак у выніку з бетонных літар складаецца толькі рускае слова «Букварь». На пастаменце прымацавалі шыльдачку: «БУКВАРЬ. Посвещается ХХХ Дню белорусской письменности». У надпісе памылка: паводле граматыкі рускай мовы трэба пісаць «посвящается».
3 верасня 2023 г. у сваім тэлеграм-канале праўладная актывістка Вольга Бондарава раскрытыкавала словы міністра адукацыі Андрэя Іванца аб тым, што нягледзячы на тое, што колькасць школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, усяляе аптымізм, гэта не гаворыць аб тым, што мы не павінны надаваць асаблівую ўвагу вывучэнню нашай культуры і нашай мовы. На думку Бондаравай, калі «нашай» міністр назваў толькі беларускую мову, ён дыскрэдытаваў і намерана прынізіў значэнне адной з дзяржаўных моў — рускай. Тым самым яна абвінаваціла Андрэя Іванца ў распаўсюджанні нацызму. Намаганні падтрымаць беларускую мову Бондарава расцэньвае як спробу ўнесці раскол у грамадства.
6 верасня 2023 г. стала вядома, што раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» знялі са школьнай праграмы. У праграме на 2022/2023 год раман быў, на яго вывучэнне адводзілася пяць навучальных гадзін. У праграме на новы навучальны год (2023/ 2024) раман «Каласы пад сярпом тваім» замянілі на іншы твор Уладзіміра Караткевіча — «Чорны замак Альшанскі». Акрамя таго, з раздзелу для дадатковага чытання прыбралі твор Алеся Разанава «У горадзе валадарыць Рагвалод». Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Гігін лічыць, што знакаміты раман Уладзіміра Караткевіча не спрыяе фарміраванню ў школьнікаў гістарычнай памяці, якая патрэбна ўладам. Ён прызнаўся, што твор з праграмы прыбралі з яго ініцыятывы.
У дзяржаўных СМІ 5 верасня 2023 г. выйшаў артыкул, што на магіле вядомага дырыжора М. Фінберга (1947–2021) паставілі надмагільны помнік. Тэкст на помніку выкананы па-беларуску, аднак імя нябожчыка напісана з памылкай: у напісанні імя «Міхаіл» прысутнічае літара «и», якой у беларускай мове ўвогуле няма: «Михаіл».
10 верасня 2023 г. «Наша Ніва» паведаміла, што у 104-м сезоне Купалаўскага тэатра з беларускага рэпертуару пакажуць толькі адзіную пастаноўку паводле твораў беларускіх аўтараў — «Паўлінку». Адзін раз пакажуць такія беларускамоўныя спектаклі паводле твораў замежных аўтараў, як «Апошні атракцыён» Д. Ліндсі-Эбэра, «Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра, «Donna sola (Жанчына адна)» Д. Фо і Ф. Рамэ, «Чакана гучна і да болю блізка» М. Паніча, а таксама паводле твораў рускіх пісьменнікаў — «Гарачае сэрца» А. Астроўскага, «Жаніцьба» М. Гогаля. Увесь астатні час у сценах нацыянальнага тэатра будзе панаваць руская мова. З гастролямі ў Мінск запрошаны Казанскі акадэмічны рускі вялікі драматычны тэатр імя В. І. Качалава, які адкрые тут свой 233-ці сезон.
8 верасня 2023 г. адбылося пасяджэнне экспертнай групы па ўзгадненні праекта Заявы кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб падтрымцы і прасоўванні рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін. У праекце Заявы адзначаецца важнасць захавання і папулярызацыі ўнікальнай моўнай і гісторыка-культурнай спадчыны дзяржаў — удзельніц СНД, канстатуецца значнасць рускай мовы ў справе ўмацавання агульнай культурна-гуманітарнай прасторы Садружнасці, пацвярджаецца прыхільнасць да выкарыстання рускай мовы ва ўзаемных кантактах і на пляцоўках.
15–16 верасня 2023 г. у Полацку прайшоў штогадовы культурна-адукацыйны форум «Скарынаўскія дні ў Полацку». Гэты форум быў запачаткаваны ў 2014-м як свята пісьменства, падчас якога ўсе ўдзельнікі згадваюць беларускага першадрукара Францыска Скарыну і яго вялікую справу. Першапачаткова форум называўся па-беларуску. У 2021 годзе праекту надалі статус міжнароднага і прымеркавалі час правядзення да 17 верасня — заснаванага ў тым жа годзе Дня народнага адзінства. Сёлета лагатып мерапрыемства быў выкананы на рускай мове. Паводле праграмы, адзінымі гасцямі з замежжа былі прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі.
19 верасня 2023 г. падчас праграмы на «Радыё-Мінск» старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заявіў, што ў мінскім метро зменяць навігацыйныя паказальнікі з беларускай лацінкай. Транслітарацыю выканаюць паводле новых правілаў, зацверджаных пастановаю Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Робіцца гэта ў рамках дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. На лацінку скардзіліся «неабыякавыя грамадзяне» на чале з праўладнай актывісткай Вольгай Бондаравай. Раней кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка 14 верасня 2023 г., падчас рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяржаўная палітыка ў сферы гісторыі: праблемы і перспектывы захавання гістарычнай праўды і памяці», распавёў, што «кіраўніком дзяржавы даручана ўраду выключыць практыку прымянення лацінкі ў найменні вуліц і тапаграфічных абʼектаў і выкарыстоўваць толькі дзяржаўныя мовы».
19 верасня 2023 г. прапагандыст Яўген Пуставы ў эфіры тэлеканала «СТБ» падзяліўся прыкладам «няшчырага патрыятызму», які ён заўважае ў некаторых беларусах. Маркёрам выступіла беларуская мова. На яго думку, людзі, якія ў Беларусі пазіцыянуюць сябе яе патрыётамі, думаюць па-руску і пераходзяць на беларускую мову толькі пабачыўшы яго ці Рыгора Азаронка. Прычым Пуставы бачыць пакуту ў вачах гэтых людзей, таму што яны шчыра не ведаюць беларускай мовы, бо думаюць на рускай.
20 верасня 2023 г. стала вядома пра тое, які новы падручнік біялогіі для шасцікласнікаў выпусцілі на беларускай мове. Актывістка і мама школьніка Кацярына Варажун звярнула ўвагу грамадскасці на грубыя памылкі практычна на кожнай старонцы і нават на вокладцы падручніка. На яе думку, ляпы ўзяліся ў падручніку праз тое, што складальнікі прагналі тэкст праз Google-перакладчык і не праверылі вынік на пісьменнасць. Аўтар падручніка — біёлаг, кандыдат біялагічных навук Мікалай Лісаў, загадчык кафедры батанікі і асноваў сельскай гаспадаркі БДПУ імя М. Танка. Кніга выйшла ў 2021 годзе ў профільным выдавецтве «Народная асвета». Адказнасць за пераклад на беларускую мову ляжыць на перакладчыцы Таццяне Юдчыц, а таксама на карэктарах — А. П. Тхір і Г. В. Алешка. Кацярына Варажун пазначыла, што рыхтуе ліст у Міністэрства адукацыі — паводле яе словаў, памылкі ёсць не толькі ў падручніку па біялогіі, але і па інфарматыцы, гісторыі старажытнага свету і прадмеце «Чалавек і свет».
27 верасня 2023 г. Міністэрства культуры ў Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады прывяло звесткі аб тым, што ў 2022 годзе на беларускай мове выпушчана 12,43% найменняў кніг, што складае менш за 1/8 ад агульнай колькасці. Паводле звестак Мінкульта, у 2022 годзе ў краіне выпушчана 8,586 найменняў кніг і брашур агульным накладам 20,13 млн асобнікаў (2,2 кнігі на аднаго жыхара). Сярэдні наклад адной кнігі — 2,35 тысячы. На беларускай мове ў 2022 годзе выпушчана 1067 найменняў кніг і брашур накладам 2,83 млн экзэмпляраў. Адзначаецца, што пры камплектаванні бібліятэчных фондаў маюць месца «факты набыцця замежнай літаратуры, якая ўплывае на фарміраванне, прапаганду і распаўсюджанне поглядаў, якія супярэчаць традыцыйным духоўным каштоўнасцям беларусаў». У Беларусі дзясяткі кніг прызнаны «экстрэмісцкімі». А шэраг прыватных беларускіх выдаўцоў зазналі рэпрэсіі і былі вымушаны спыніць сваю дзейнасць
1 кастрычніка 2023 г. у Нацыянальным унівэрсітэце Таджыкістана ў Душанбэ ўрачыста адкрылі «Цэнтр беларускай мовы і інавацыйных тэхналогій» на базе сумеснага факультэта ўніверсітэта Таджыкістана з Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам. У мерапрыемстве ўдзельнічаў пасол Беларусі ў Таджыкістане Віктар Дзянісенка. Што адметна, шыльда «Цэнтра беларускай мовы і інавацыйных тэхналогій» была выканана на рускай мове.
3 кастрычніка 2023 г. у артыкуле «Люстэрка» некалькі бацькоў другакласнікаў расказалі, што ў школах, дзе вучацца іх дзеці, з пачатку года не выкладаюць беларускую літаратуру, хоць у раскладзе ў дзённіку яна ёсць. Бацька аднаго з вучняў абурыўся, што гэты прадмет могуць нават замяніць на рускую мову ці матэматыку. У некаторых школах беларускую мову і літаратуру выкладаюць сумесна, на адным занятку. А ў школе ў Мінскім раёне ўвогуле ёсць факультатыў, які называецца «Язык родной, дружи со мной». У навучальнай праграме па гэтым факультатыве гаворыцца, што яго мэта — «авалоданне рускай мовай як сродкам зносін», а адна з задачаў — «развіццё цікавасці да вывучэння рускай мовы як часткі нацыянальнай культуры народа і як да з’явы культуры».
7 кастрычніка 2023 г. у інтэрв’ю ютуб-каналу «жизнь малина» моладзевая актывістка Алана Гебрэмарыям (асуджаная па арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, да 2 г. 6 мес. пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, прызнана палітвязнем 18.11.2020, вызвалілася 30 лістапада 2022 г.) распавяла, што ў Гомельскай калоніі № 4, калі асуджаныя размаўляюць на беларускай мове, то адміністрацыяй калоніі гэта ўспрымаецца як правакацыя. Асуджаных за гэта прыцягвалі да адказнасці за парушэнні, які спецыяльна для гэтага знаходзіліся альбо прыдумляліся.
У пачатку кастрычніка 2023 г. у г. Гродна дэмантавалі вулічныя паказальнікі з лацінкай. Турыстаў, якія прыехалі ў горад, сустракалі пустыя слупы. Раней на іх месціліся паказальныя знакі з назвамі вуліц і славутасцей. Зверху інфармацыя пісалася на беларускай мове кірыліцай, а ўнізе тое самае дублявалі лацінкай. Актыўнае змаганне з ужываннем лацінкі ў Беларусі пачалося ў жніўні 2022 года. Галоўныя ініцыятары — прарасійская актывістка з Гродна Вольга Бондарава і яе прыхільнікі. Вольга тлумачыла, што змаганнем з лацінкай яна «абараняе краіну ад калабарантаў». Улады паставілі задачу цалкам прыбраць лацінку з дарожных знакаў і паказальнікаў у Беларусі да канца 2023 года.
10 кастрычніка 2023 г. замест дэмантаванага крыжа на месцы ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Магілёве з’явіўся новы. Вялікі дубовы памятны крыж, пастаўлены тут калісьці грамадскасцю, быў заменены на невялікі новы, з рускамоўным надпісам «Кресту твоему поклоняемся владыко и воскресение твоё славим». Форма і афармленне крыжа адпавядаюць расійскай традыцыі.
19 кастрычніка 2023 г. у маладзечанскіх электрычках перасталі абвяшчаць прыпынкі па-беларуску. З прыёмнікаў у вагонах гучыць толькі руская мова. Занепакоеным пасажырам машыніст адказаў, што яму загадалі часова не ўключаць беларускай мовы.
22 кастрычніка 2023 г. на гродзенскім аўтавакзале зніклі галасавыя абвесткі па-беларуску. Як піша «Радыё Рацыя», аднаму з гарадзенцаў у адміністрацыі аўтавакзала патлумачылі, што раней такія аб’явы рабіў чалавек, а цяпер прыйшла камп’ютарная праграма з Мінска. Да таго ж у краіне дзве дзяржаўныя мовы. Пытанні гарадзенца, чаму знікла менавіта беларуская мова і ці не збіраюцца транспартнікі ўжо цалкам увайсці ў Расію, «выклікалі невялікі скандал».
9 кастрычніка 2023 г. выдавецтва «Кнігазбор», якое займалася выпускам беларускай літаратуры больш як 25 гадоў, афіцыйна выключылі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру. У студзені 2023 году пасля доўгага пераследу выдавецтва пачаўся працэс яго ліквідацыі. У снежні 2022 году Міністэрства інфармацыі на месяц прыпыняла яго дзейнасць.
6 лістапада 2023 г. сілавікі затрымалі хлапца за пратэсты (імя і прозвішча невядомыя). На «пакаяльным» відэа ён прамаўляў па-беларуску. Сілавікі адзначылі, што гэта нібыта першы «палітычны» затрыманы за тры гады, які здолеў расказаць пра сябе на «пакаяльным» відэа па-беларуску без запінак. Іншыя ахвочыя, маўляў, здаваліся самі пасля няўдалых дубляў (хоць прадстаўнікі ўлады, як яны сцвярджаюць, нікому запісваць такія відэа на беларускай мове не забаранялі).
1 снежня 2023 г. на мінскім аўтавакзале заўважылі памылкі ў беларускім варыянце таблічкі пра пасажыраў. Другі пункт у абавязках сфармуляваны так, нібыта пасажыры павінны нешта грамадзянам-ільготнікам. Нават пажаданне «Шчаслівай дарогі» напісана беларускімі літарамі на рускі манер: «Шчаслівага шляху», якога ў беларускай мове не існуе.
2 снежня 2023 г. генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў пракаментаваў рашэнне Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, паводле якога сяброўства беларускай арганізацыі ў федэрацыі прыпыняецца з-за адмовы замяніць дыскрэдытаванага кіраўніка. Нечаканым было ягонае абурэнне тым, што рашэнне Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа было апублікавана на абедзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь. У наяўнасці беларускамоўнай версіі дакумента ён бачыць ідэалагічную дыверсію. Увогуле інфармацыя аб прыпыненні сяброўства ў міжнароднай федэрацыі беларускай арганізацыі была апублікаваная на чатырох мовах — англійскай, рускай, беларускай, украінскай. І Шаўцоў бачыць у гэтым палітызаванасць: «Афіцыйныя мовы Міжнароднай федэрацыі — англійская, французская, іспанская, арабская, тэхнічная мова — руская». Апублікаванне на ўкраінскай і беларускай мовах — каб дагадзіць украінскім уладам, якія заклікалі выклікаць Шаўцова ў Міжнародны суд, і каб дагадзіць беларускай апазіцыі, якая таксама заяўляла, што Шаўцоў удзельнічае ў дэпартацыі дзяцей з Данбаса.
6 снежня 2023 г. Свіслацкая гімназія № 1 была пазбаўлена імя кіраўніка паўстання 1863–1864 гг. Кастуся Каліноўскага. Гэта была адзіная ўстанова адукацыі ў Беларусі, якая насіла імя нацыянальнага героя краіны. Менавіта ў гэтай гімназіі (тады называлася Свіслацкае павятовае вучылішча) у 1847–1852 гг. вучыўся сам Кастусь Каліноўскі. На тэрыторыі гімназіі быў і школьны музей з экспазіцыяй, прысвечанай жыццю Каліноўскага і паўстанню, там жа быў і яго бюст, але зараз экспанатаў музея там няма. Гімназію перайменавалі ў гонар камсамолкі-падпольшчыцы Праскоўі (Пашы) Васіленка, а на старонцы школьнага музея зараз сказана — «музей гімназіі знаходзіцца на рэканструкцыі».
8 снежня 2023 г. у горадзе Бяроза 12 чалавек прынялі грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Адметным стала тое, што іх прынялі без праверкі ведаў беларускай мовы, культуры і гісторыі Беларусі. Для прыняцця ў грамадзянства дастаткова было толькі прачытаць прысягу з лістка.
8 снежня 2023 г. у Гомелі затрымалі і пазней асудзілі на 15 сутак студэнта Кастуся Тэнца, які вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Як расказалі аднакурснікі Кастуся, ён часта ва ўніверсітэце ладзіў розныя акцыі для прамоцыі беларускай мовы — віктарыны, дыскатэкі з беларускамоўнымі песнямі, экскурсіі ў адметныя беларускія месцы і ў родныя мясціны выбітных беларускіх дзеячаў. А ў верасні, паводле аповеду аднакурснікаў, Кастусь арганізаваў ва ўніверсітэце Тыдзень беларускай мовы.
На нашу думку, вельмі важна збіраць і публікаваць выпадкі дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, бо сёння як ніколі беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Мы працягнем пільна сачыць за станам беларускай мовы і рабіць падобныя агляды не радзей як раз на паўгады. Таму калі ў вас ёсць прыклады дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, якія не ўвайшлі ў гэты агляд, калі ласка, дасылайце іх нам на наш адрас — naszamova@gmail.com.