Алесь Кіркевіч задаецца на budzma.by адвечным пытаннем: а што застанецца пасля нас?
Далёка-далёка, амаль на краі свету, стаіць фантастычны горад Ангкор-Ват. Выява ягоных велічных абрысаў змешчаная нават на сцягу дзяржавы. Гэта брэнд Камбоджы. Рэдкі турыст не зробіць сэлфі на фоне касмічнага палаца, збудаванага прыкладна 900 гадоў таму, у часы нашых сціплых Сафіі ды Каложы. Разам з тым палац — усяго толькі сэрца агромністага горада на два мільёны чалавек.
Зрэшты, і палац, і горад, і ўся тая цывілізацыя — мёртвыя. І Пол Пот са сваімі «палямі смерці» зусім ні пры чым. Рэч у тым, што асновай той цывілізацыі было вырошчванне рысу. Рыс — значыць меліярацыя. Чалавек валіў джунглі, араў зямлю, капаў канавы, вырошчваў рыс, збіраў, а пасля пераходзіў на новае месца.
Мірныя жыхары пакідаюць Пнампень пасля таго, як ён быў узяты чырвонымі кхмерамі, 1975 год
На старым жа месцы ўтвараліся балоты. Балота — значыць камары. Камары — значыць малярыя. Малярыя — значыць эпідэміі. Такі лад жыцця пасля хуткага росту і росквіту ўрэшце справакаваў гуманітарную катастрофу. Як вынік — мёртвая цывілізацыя і велічныя руіны Ангкор-Вата.
Амфараў няма, «ЖЭКарт» — ёсць
Да чаго гэтая прадмова? А да таго, што ажыятаж вакол віруса, пажары ў Чарнобылі, вулкан, які прачнуўся на Кракатаў, злавесныя і таямнічыя вежы 5G ды іншыя злыбеды правакуюць падвесці пэўныя вынікі. Цывілізацыі разбудоўваюцца і знікаюць, робячыся здабыткам археолагаў ды турыстаў. А што, калі гэта канец?
Сённяшнія камбаджыйцы (не факт, што нават генетычныя нашчадкі будаўнікоў Ангкор-Вата) могуць прынамсі «прадаваць» свой мёртвы горад турыстам. А што застанецца пасля нас?.. Карацей, час пісаць самарэфлексію ў фармаце некралога.
Турысты наведваюць Ангкор-Ват
Так атрымалася, што археолагі і палеабатанікі могуць аднавіць ці не любыя драбніцы зніклай культуры. Што вырошчвалі, чым дыхалі, як хадзілі ў прыбіральню ці якія кантрацэптывы ўжывалі. Але паспалітаму гледачу ў вочы найперш кідаецца мастацтва і архітэктура далёкіх продкаў. Надоі ў старажытных грэкаў мала каго ўражваюць. А вось храмы, скульптура ды амфары — уражваюць.
З сумам хачу паведаміць, што ніякіх самабытных і адначасна масавых прыкладаў храмаў, скульптуры і нават амфараў у незалежнай Беларусі так і не было створана. Адзіны сапраўды масавы і характэрны стыль, які тут пусціў карані за апошнія 30 гадоў, — гэта «аграмадэрн», «ЖЭКарт», «барака»... называйце як хочаце.
Вяртанне да Шклоўскага ідала
Пра што мова? Пра ўсе гэтыя расфарбаваныя інфернальнымі ўсмешкамі камяні на падворках, пальмы з пластыкавых бутэлек, слонікі ды пчолкі з пляшак ад «Жыгулёўскага», помнікі згушчонцы, сметніцы ў выглядзе дамы з парасонам, бронзавыя агуркі ды каровы...
У падручніках археалогіі так і будзе напісана: «Культура позняга аграмадэрну». І няважна, будзе гэта стаянка «Гасцінны двор» на колішняй М3 з галерэяй бетонных зайцаў на матацыклах або руіны палаца Карычаў на прасторах археалагічнага запаведніка «Менеск-2».
Як так сталася? Чаму нацыя, яка стварыла за сваю гісторыю шмат прыгажосці, ад вытанчанага віленскага барока да касмічных пейзажаў Драздовіча, усё адно на апошнім вітку развіцця вярнулася да Шклоўскага ідала (адно што пафарбаванага алейнай фарбай)?
Наша культура зусім не антывізуальная. Рэлігійных забаронаў на выяву чалавека ці жывёлы ў нас ніколі не было, у адрозненне ад семітаў. У нас быў цудоўны іканапіс. Былі Рушчыц, Бялыніцкі-Біруля, Сергіевіч. Ёсць Аганаў, Грыневіч, Марачкін і мноства іншых.
Але ж нейкім цудоўным чынам так атрымалася, што масавая свядомасць бясконца спараджае менавіта скульптуры парсючкоў, масленічныя лялькі ў стылістыцы Дэвіда Лінча, саламяныя 3-5-метровыя пудзілы ўздоўж дарог. Выглядае гэта так, нібыта любіць і ствараць сапраўды прыгожае — балюча, небяспечна і ненадзейна. Ствараць пачварнае — трывала і перспектыўна. Нармальна!
Творцаў «лебедзяў з пакрышак» нават кланаваць страшна...
Я не ведаю, чаму так. Я проста дзялюся сваімі страхамі. Калі б праз гады ці стагоддзі зусім іншыя людзі (ці істоты?) капалі «старадаўні Мінск» ды знайшлі няхай змрочную, але прыцягальную і загадкавую культуру з эстэтыкай якога Ганса Рудольфа Гігера, было б прынамсі не сорамна. Вусцішна, але не сорамна.
Ганс Рудольф Гігер, інтэр’ер Гігер-бару
Калі ж яны знойдуць чорных лебедзяў з пакрышак і шлангаў... Думаю, беларусаў тады нават кланаваць па абрыўках генетычнага коду не стануць. Нават з цікавасці і для навукі. Не стануць. Пабаяцца. Хто ж ведае, на што здольныя істоты, здольныя да такіх праекцыяў свайго ўнутранага свету?
Ганс Рудольф Гігер, скульптура
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!