Літаратар Айзік Кучар, 110-годдзе якога малазаўважна прайшло ў чэрвені, вядомы перадусім як аўтар разгромных артыкулаў і выкрывальнік шкоднікаў, ворагаў ды здраднікаў у беларускай літаратуры. Гэты аспект яго дзейнасці шырока апісаны і не сказаць каб дастаткова дакументальна абгрунтаваны, але прыватных сведчанняў супраць Кучара больш чым хапае.
Не хачу ні абяляць Айзіка Евелевіча, як тое робіць добразычлівы і момантамі эпатажны папулярызатар белкультуры, тэатральны, а цяпер і музейны дзеяч Васіль Дранько-Майсюк, ні дадаваць чарнаты да вобразу — уласна мая сям’я да Кучара дачынення не мела.
Проста згадаю некалькі момантаў, якія дапамагаюць, як мяркую, паглядзець на АЕ з большым разуменнем...
Сацыяльна чужы элемент
Айзік рос у заможнай сям’і паспяховага прыказчыка лесасплаву, якой рэвалюцыя і палітычнае змагарства наўрад ці былі патрэбныя... Але давялося адаптавацца да новых умоваў і прыдумляць сабе паходжанне з былых прыгнечаных... Да 30-х гадоў мінулага стагоддзя падман з паходжаннем «пракатваў», нават у камсамол Кучара прынялі. Але затым супрацоўнікі НКУС правялі дбайную праверку і пасадзілі маладога камсамольскага актывіста на надзейны кручок супрацы... «Хто прымушаў быць першым вучнем?» — можа, і ніхто, але пагадзіцеся, даносіць, прыніжаць і паклёпнічаць са страху — далёка не тое ж, што па імкненнях і схільнасцях душы...
Да чаго даводзяць жанчыны...
Невялічкага росту, у акулярах і не казаць каб прыгожы, Кучар жанчын любіў вельмі. Каб яны адказвалі ўзаемнасцю, патрэбныя былі і сур’ёзныя заробкі, і высокі сацыяльны статус. І Айзік стараўся...
Уласную сям’ю ён стварыў на ўсё жыццё. У шлюбе ў сярэдзіне верасня 1936-га ў яго нарадзіўся сын, у далейшым — высокапрафесійны аператар «Беларусьфільма», якога ён назваў Феліксам, цёзкам народжанага таксама ў сярэдзіне верасня «каральнага мяча рэвалюцыі».
Сваякі запомнілі Айзіка Евелевіча добрым і клапатлівым. Ды прывязанасць да жонкі не надта замінала яму выказваць знакі ўвагі і пры магчымасці фліртаваць з астатнімі жанчынамі. Прынамсі, каханне і ў творчасці дапамагае...
Увага да прыгажуняў прывяла Кучара ў другой палове лета 1941-га да самага годнага з вядомых мне ўчынкаў. Нямецкія войскі падчас наступлення паспяхова панішчылі гераічную абарону Краснай арміі на дняпроўскіх рубяжах на Магілёўшчыне (з мастацкай літаратуры пра гэта расказвае раман «Жывыя і мёртвыя» Канстанціна Сіманава) і імкліва рушылі далей на ўсход.
Хуткасны ад’езд у эвакуацыю беларускіх дзяржслужбоўцаў з усходняй сталіцы БССР — Магілёва — выглядаў уцёкамі.
Кучар, у адрозненне ад многіх іншых, і не кінуў сям’ю на волю лёсу і, хоць праз затрымку істотна рызыкаваў трапіць пад бязлітасную нямецкую расправу як габрэй, настаяў, каб шафёр аўто, у якім ехаў ён сам, капітальна збочыў з маскоўскай трасы. У Хоцімску яны падхапілі ад дзеда з бабай сабе ў пасажыры маладую жонку камуніста і заўважнага беларускага паэта Аркадзя Куляшова — Аксану — з малымі дзеткамі, Валяй і Валодзем. І тое, імаверна, уратавала іх лёс.
Аркадзь Куляшоў камісарыў на франтах Айчынай і не ведаў пра лёс сям’і да самага 1944-га. А рэшту жыццябыў удзячны Кучару і прымаў таго ў сваім доме, нягледзячы на тое, што ў сяброўства тое не перарасло і перарасці не магло. Чаму не магло? Пра тое — праз эцюд...
Кучар і вайна
У збольшага глыбокатылавой працы Айзіка Евелевіча падчас вялікай вайны быў непрацяглы экстрэмальны этап, калі ён як супрацоўнік беларускага штаба партызанскага руху з парашутам высадзіўся ў партызанскую зону. Для многіх сучасных літаратараў гэтага дастаткова, каб усё далейшае жыццё стабільна-навязліва згадваць такі эпізод з патэтыкай і сціплым какецтвам... У адрозненне ад іх, Кучар такім сваім удзелам у вайне не ганарыўся. Замест патэтыкі і героікі ён шакаваў дзіцячую аўдыторыю амаль блюзнерствам, у якім перапляталіся самаіронія з уласных страхаў і погляд на вайну як на з’яву абсурдную, бязглуздую і непрывабную...
Кучар і нацыянальнае пытанне
У вызваленым ад немцаў Мінску беларускасці новыя ўлады пакінулі месца яшчэ меней, чым давалі фашысты, не кажучы ўжо пра даваенную беларусізацыю. Перастаў існаваць Музей гісторыі з яго багатай і змястоўнай калекцыяй. Ідэалагічна вайна як бы стварыла новы пункт адліку, а людзі, што правялі яе на акупаванай тэрыторыі, як і іх сваякі, сталі другім гатункам што да шанцаў быць прызначанымі хоць на якую адказную пасаду ў савецкай сістэме.
А Айзіка Кучара ў 1945-м прынялі ў кампартыю.
Лаўрэат Сталінскай прэміі за паэму «Сцяг брыгады» Аркадзь Куляшоў балюча ўспрымаў гаспадаранне на беларускай зямлі новых савецкіх прыхадняў. Ва ўласцівай яму творчай манеры пасля працяглага асэнсавання ён з ходу напісаў вялікі артыкул па беларускім нацыянальным пытанні з намерам абнародаваць яго праз які ўплывовы сродак інфармацыі.
Калі да Куляшовых завітаў Кучар, рукапіс артыкула ляжаў на стале ў кабінеце маладога лаўрэата, а мнагадзетная сям’я (апроч Валі і Валодзі да яе цяпер дадаўся Саша) у поўным складзе абедала. Айзіку Евелевічу прапанавалі пачакаць завяршэння трапезы ў жылых пакоях...
На наступны дзень Куляшова запрасіў да сябе партыйны бос тагачаснай Беларусі Панцеляймон Панамарэнка. Падрабязна распытаў пра сям’ю, пра ўмовы працы і, ужо развітваючыся, спыніў ля дзвярэй і ціха важка прамовіў:
— У нас в стране — один специалист по национальным вопросам!
...Па вяртанні дахаты Куляшоў з жонкай спалілі выпакутаваны аўтарам артыкул у печцы. Ён праіснаваў у рукапісе менш за двое сутак...
Мяккая кармічная расплата
Гераічны, авантурны і глыбокі літкрытык Рыгор Бярозкін, пабыўшы пад расстрэлам НКВД, адваяваўшы ў штрафбаце, адседзеўшы ў лагерах як вораг народа, у гады хрушчоўскай «адлігі» вяртаўся да паўнавартаснага жыцця ў літаратуры.
Неяк яны разам з Кучарам паехалі ад Беларусі ў працяглую маскоўскую камандзіроўку.
У цягніку Бярозкін паліў цыгарэту за цыгарэтай, пакідаў на ноч яркае святло ў купэ, маючы што пісаць ды чытаць. А на нясмелыя просьбы калегі даць яму трохі камфортней адпачыць, іранічна нагадваў, што перанёс у зняволенні праз дапамогу дарагога Айзіка...
Тое ж працягнулася ў супольным гасцінічным нумары. І, магчыма, стала больш дзейсным за ўсе ігноры і нерукапоціскі іншых штуршком для асэнсавання АЕ ўласнай віны ў рэпрэсаванай беларускай літаратуры.
У слаўнай кампаніі
Значна старэйшы за Бярозкіна Кучар перажыў таго на паўтара дзесяцігоддзя. У гарбачоўскую перабудову воляю лёсу яму давялося пісаць на зборнік прозы Міхаіла Круля «День Юпитера» рэцэнзію ў кампаніі з тады кандыдатам гістарычных навук, будучым рэдактарам газеты «Новы час» і цкаваным апазіцыянерам беларускай сацыял-дэмакратычнай «Грамады» Аляксеем Каралём ды Лідзіяй Вакулоўскай — пісьменніцай, якую пераследавалі напрыканцы 1960-х. Да іх пераследу Айзік Евелевіч дачынення ўжо не меў, а нашчадкі і прыхільнікі тых, да пераследу каго ён дачыненне меў, цяпер усё часцей і не так прыватна і тактоўна, як Бярозкін, адмоўна згадвалі і ганілі яго самога...
***
Сканаў Айзік Евелевіч Кучар у гарачую для Беларусі вясну 1996-га, на 86-м годзе жыцця.
Да напісання гэтага артыкула апроч згаданага Васіля Д.-М. мелі дачыненне плённыя размовы аўтара з унукам Аркадзя Куляшова Уладзімірам Берберавым і загадчыкам літаратурнага музея Максіма Багдановіча, паэтам Міхалам Бараноўскім.
Андрэй Мельнікаў, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!