Ягор Цюкін выкладае духавыя інструменты дзецям і дарослым. У яго быў досвед працы выканаўцам, а зараз ён бярэ ўдзел у музычным калектыве. З цягам часу Ягор зразумеў, што яму больш падабаецца разбірацца з нюансамі працэсу выкладання, рабіць яго як мага больш эфектыўным і па-беларуску. З гэтай нагоды ён стварыў тэлеграм-канал «Muzyka bielaruskaj», дзе штотыдзень робіць па некалькі публікацый для тых, хто цікавіцца акадэмічнай музыкай. Амаль за месяц канал набраў больш за 200 падпісантаў. Рэдакцыя budzma.org паразмаўляла з Ягорам пра тое, як ён прыйшоў да беларускасці і чаму важна вывучаць вузкія прадметы на беларускай мове.
«А чаму я, жывучы ў Беларусі, амаль ніколі не чуў беларускую мову ў побыце...»
«Па-сапраўднаму адчуваць сябе беларусам я пачаў прыкладна ў апошнія два гады, да гэтага часу я проста жыў сам сабе, шукаў магчымасці найбольш эфектыўнага прымянення сваіх здольнасцей, і мне было без розніцы, дзе шукаць гэтыя магчымасці — у Беларусі, Расіі, ЗША ці дзесьці яшчэ, галоўнае, каб я быў патрэбны», — пачынае свой расповед музыка.
Працэс «пераходу» адбываўся ў Ягора даволі доўга і паступова — спачатку нехта прапанаваў у раённым чаціку зрабіць беларускамоўную суботу, у іншым — пятніцу. «Так атрымалася, што мімаволі ты ўжо пішаш два дні з сямі па-беларуску. Потым з’явіўся знаёмы, які нават нягледзячы на рускамоўную кампанію працягваў размаўляць на беларускай мове, і ад гэтага такое ўражанне: «Вой, які ж у чалавека характар!». Потым пакрысе ў мяне пачалі з’яўляцца пытанні, напрыклад: «А чаму я, жывучы ў Беларусі, амаль ніколі не чуў беларускую мову ў побыце — краме, лякарні ці на вахце ўніверсітэта?», «Чаму я слухаю рускую музыку?», «Чаму я дрэнна арыентуюся ў гісторыі сваёй краіны?», «Чаму я сам размаўляю на мове чужой краіны?» — узгадвае Ягор.
Фінальным штуршком пераходу на беларускую мову для музыкі стала тое, што жонка падарыла яму «Мову» Віктара Марціновіча, пасля прачытання якой ён канчаткова вырашыў перайсці на беларускую мову, адчуўшы ў сабе дысананс: «Ты не можаш паўнавартасна называць сябе беларусам, калі не карыстаешся беларускай мовай».
Як пачаць праводзіць урокі на беларускай мове?
Ягор перайшоў на беларускую мову адным днём у лютым 2021 года, і калі стаў пачуваць сябе больш упэўнена, то пачаў прапаноўваць бацькам сваіх вучняў займацца па-беларуску і атрымаў роўна нуль адмоваў!
«Канечне, дзецям з цалкам рускамоўным асяроддзем і нашым папярэднім агульным вопытам цяжкавата было ўспрымаць беларускую мову, але літаральна за пару ўрокаў гэтая нязручнасць прайшла, і цяпер на ўроках нам камфортна. Дзве сям’і з таго часу цалкам перайшлі на беларускую мову, а рускамоўныя дзеці часта самі пачынаюць ужываць беларускія словы, так што на асабовым узроўні праблем амаль няма. З чым праблемы ёсць — дык гэта з наяўнасцю матэрыялаў для ўрокаў», — распавядае выкладчык.
Пры пераходзе на беларускую Ягор зразумеў, што літаральна ўсё, што ён мае з матэрыялу — ноты, слоўнікі, гульні, хрэстаматыі, метадычная літаратура (за выключэннем аднаго беларускамоўнага дапаможніка) альбо на рускай, альбо на англійскай мовах. Гэта стала вялікай нязручнасцю, але выкладчык і музыка вырашыў палепшыць сітуацыю самастойна.
Для выкладання музыкі па-беларуску папросту няма матэрыялаў
Ягор Цюкін мяркуе, што галоўная прычына адсутнасці падобных матэрыялаў для выкладання музыкі ў заняпадзе беларускай культуры: «Які сэнс выдаваць падручнік на беларускай мове, калі ва ўсіх музычных школах навучанне рускамоўнае? — гэта натуральнае і зразумелае пытанне цяпер. У часы, калі беларускасць магла развівацца свабодна і нават з падтрымкай дзяржавы, напрыклад, на пачатку дзевяностых гадоў, профільная літаратура выдавалася, бо навучанне і ў школах, і ва ўніверсітэтах магло быць па-беларуску. Цяпер гэта выключна справа энтузіястаў. Выдаць нешта на беларускай мове — значыць мэтанакіравана звузіць сабе аўдыторыю. Але ёсць адчуванне, што ў апошнія гады тэндэнцыя мяняецца і людзі пачынаюць імкнуцца да беларускасці, шукаюць магчымасць чуць і ўжываць беларускую мову. Задача ж людзей, якія ўжо «на гэтым беразе», на мой погляд, — перакінуць масткі і дапамагаць навічкам», — разважае музыка і выкладчык.
Ён лічыць, што калі з’явіцца істотны попыт на беларускамоўныя матэрыялы — іх абавязкова стане болей, цяпер проста варта дапамагаць павелічэнню гэтага попыту.
Сучасных беларускіх слоўнікаў з музычнымі тэрмінамі не існуе, ёсць толькі «Англійска-руска-беларускі тлумачальны слоўнік музычных тэрмінаў» 2017 года аўтарак Карчагінай і Аксянчук. «Але там пераклады не агульнараспаўсюджаных італьянскіх тэрмінаў, а іх англамоўных аналагаў, што абмяжоўвае сферу яго выкарыстання. Такія слоўнікі ствараліся ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя, а таксама ў часы заснавання ІнБелКульта, але і іх паўнавартасна выкарыстоўваць цяпер не атрымоўваецца, бо з тых часоў элементарна змяніліся шматлікія граматычныя нормы беларускай мовы, і можна толькі арыентавацца на тое, як тыя ці іншыя тэрміны перакладалі навукоўцы мінулых гадоў», — прыводзіць прыклады выкладчык.
«...Па-беларуску можна выдаць вузкапрофільны матэрыял, і гэта не будзе адчувацца дзіўным...»
Ягор Цюкін пачаў сам ствараць метадычныя матэрыялы для заняткаў: «Прыгаданыя вышэй слоўнікі, напрыклад, 1926 ці 1992–1993 гадоў было вельмі цікава для сябе адкрыць, хоць і шкада, што толькі ў электронным варыянце. Таксама я цяпер займаюся адлічбаваннем некаторых хрэстаматый перыяду дзевяностых гадоў — ты трымаеш у руках сапраўдны доказ, што па-беларуску можна выдаць вузкапрофільны матэрыял, і гэта не будзе адчувацца дзіўным, гэта натхняе працаваць. Але самым каштоўным экспанатам у маёй калецыі ёсць беларускамоўны запіс оперы «Фаўст» Антонія Радзівіла, які быў зроблены ў 1997 годзе. Я патраціў некалькі дзён на тое, каб адшукаць гэты запіс, а потым аформіць яго асобнымі нумарамі і выкласці на Youtube.
Думаю, што гэта важна — ведаць і памятаць, што беларуская культура можа быць маштабнай, што нашая сфера — не толькі хор бабуляў у вёсцы, але і вялікія сцэнічныя пастаноўкі ад беларускіх аўтараў, зробленыя па-беларуску», — апантана апісвае сваю даследчыцкую працу выкладчык.
Тэлеграм-канал для выкладчыкаў і аматараў акадэмічнай музыкі па-беларуску
Каб дзяліцца сваімі адкрыццямі і ведамі з выкладчыкамі і аматарамі акадэмічнай музыкі, Ягор больш за месяц таму запусціў тэлеграм-канал «Muzyka bielaruskaj».
Зараз рэдакцыя канала складаецца з аднаго Ягора, часам яму дапамагае жонка, але музыка ўжо ўвайшоў у пэўны рытм і робіць публікацыі стабільна і на розную тэматыку. «Мая спецыяльнасць — гэта духавыя інструменты, але хочацца не абмяжоўвацца ў падрыхтоўцы матэрыялаў толькі адным кірункам, таму галоўнай складанасцю я б назваў менавіта недахоп уласных кампетэнцыяў па іншых спецыяльнасцях, што, як я бачу, зможа выправіцца з пашырэннем уплыву той дзейнасці, што я распачаў», — разважае Ягор.
За месяц з лішнім больш за 200 падпісантаў
«Людзям заўсёды цікава тое, да чаго іх не прымушаюць, а даюць у лёгкай і зразумелай форме. Я аналізаваў свой шлях у беларускамоўным музычным выкладанні і зразумеў, што мне было неверагодна складана без нейкага месца, дзе я мог бы ўзяць хаця б базавую інфармацыю. Прыходзілася ўсё шукаць самастойна — ад назваў працягласцяў нот да таго, як правільна перакласці назву таго ці іншага твора. Я думаю, што я не адзіны ў Беларусі выкладчык, які захацеў працаваць па-беларуску, але я адначасова разумею, што і далёка не ўсе пачнуць прабірацца цераз тыя складанасці, цераз якія прабіраўся я, дзеля свайго жадання. Таму зацікаўленыя людзі і прыходзяць, бо знаходзяць месца, дзе ім дапамогуць. А калі я магу нечым дапамагчы ў такой важнай сферы, як беларускамоўная адукацыя, то не зрабіць гэтага я не магу», — рэзюмуе Ягор Цюкін.
Алесь Масевіч, budzma.org