«Працягваем жыць і верыць у лепшае». Вынікі году ад Лявона Вольскага

31.12.2025
Лявон Вольскі прыгадвае дасягенні і страты адыходзячага году.

Напрыканцы году прынята падводзіць вынікі. Дасягненьні, паразы, плюсы-мінусы...

Паспрабую й я зрабіць кароткі агляд гэтага стракатага 2025-га, які імкліва зьнікае за паваротам.

Lavon Volski
Лявон Вольскі. Фота: Nastya Kassiopea (з асабістага архіву Лявона Вольскага)

Шоў аднаго актора

Ніхто ўжо, відаць, ня памятае, але ў гэтым годзе, на самым ягоным пачатку, у Беларусі адбыліся выбары. Ну, можа быць, ня выбары ў агульнапрынятым сэнсе гэтага слова, а тэатралізаваная пастаноўка, шоў аднаго актора. Не! Стоп! Гэтым разам да галоўнага нязьменнага пэрсанажа дадаўся ягоны гадаванец — шпіц, які разам з гаспадаром у атачэньні каралеўскае сьвіты зьявіўся на сцэне — «выбарчым ўчастку» і нават пазначыў, грацыёзна падняўшы заднюю лапку, урну для галасаваньня. Гэта выглядала вельмі сымбалічна! Усё астатняе ў гэтых выбарах было шэра, нудна й прадказальна.

Дуэт з Алесем Ясінскім

У сакавіку мы зайгралі ў Празе дуэтам з выбітным акардэаністам Алесем Ясінскім. Для мяне гэта быў новы досьвед і, спадзяюся, мы яшчэ парадуем вас супольным выкананьнем маіх вядомых і новых песень.

Канцэрты ў Ніцы і Лімасоле і адраджэнне Крамбамбулі

У траўні мы зайгралі канцэрты ў Ніцы і Лімасоле. На Кіпры сустрэліся з Уладзімірам Цэсьлерам — неверагодным беларускім мастаком і дызайнэрам. Паразмаўлялі пра ўсё.

Напрыканцы таго ж траўня «Крамбамбуля» выйшла з партызанскіх лясоў, каб зьявіцца ў Вільні на сцэне клюбу «Vakaris». Мы адзначалі 10-годдзе альбому «Чырвоны Штраль», і ў песьні «Я страляў у міліцыянта» я выйшаў на сцэну ў прэзэнтаванай адмыслова для гэтага выпадку Ўладзімірам Цэсьлерам (дамовіліся пра гэта ў Лімасоле) «генэральскай» фуражцы. Прыглядзіцеся да яе дызайну, фота прыкладаецца!

Furažka
Тая самая «генэральская» фуражка, распрацаваная Удадзімірам Цэсьлерам

Удзел у фэстывалі «Тутака»

Потым былі канцэрты ў Нямеччыне, а ў ліпені «Крамбамбуля», гэтым разам не выходзячы зь лясоў, зайграла на фэстывалі «Тутака» на Падляшшы. Фэст і праводзіцца ў лесе каля мястэчка Гарадок непадалёк ад мяжы з РБ.

Амэрыканскі тур

Прыйшоў верасень і разам зь ім — амэрыканскі тур. Гэта былі дванаццаць канцэртаў па розных гарадах Злучаных Штатаў. 

Afiša
 Афіша туру па ЗША

Адметнасьць туру — самаарганізацыя беларускіх суполак ЗША. У кожным горадзе беларусы займаліся арганізацыяй — ад арэнды апаратуры да закватараваньня й выкананьня райдэраў. І — на дзіва! — ўсё прайшло бяз збояў і накладак.

Безумоўна, фізычна гэта было нялёгка — канцэрты былі раскіданыя па ўсёй краіне — ад Тампы да Сыэтлу, шматгадзінныя пералёты, розьніца часу, надвор’я, клімату... Але ўсё кампэнсоўвалася энэргіяй гледачоў! У першым канцэрце туру — у Чыкага — да мяне далучыўся неверагодны менскі гітарыст, які з пачатку 1990-х жыве ў Злучаных Штатах, Аркадзь «Аркан» Юшын.

Выступ у Берліне

Потым быў выступ у Бэрліне на дыскусіі пра Беларусь. Яна прайшла ў залі, поўнае неабыякавых беларусаў і немцаў. У дыскусіі ўдзельнічалі былыя палітвязьні (Паліна Шарэнда-Панасюк, Уладзімір Мацкевіч, Вольга Лойка, Ксенія Луцкіна), у некалькіх песьнях да мяне далучылася Вераніка Круглова, а вёў дыскусію мой шматгадовы сябар, знаўца Беларусі і беларусаў Ingo Petz.

Прэзентацыя кліпу «Каляды ў Менску»

Адбылася прэзэнтацыя анімацыйнага кліпу «Каляды ў Менску», дзе сталічная рэчаіснасьць зьмененая да лепшага — там зьявіліся кінатэатры «Рагнеда» ды «Альгерд» і надпіс (наглядная агітацыя са станоўчым знакам) «Вялікае Княства — несьмяротнае». 

Міні-тур па польскіх гарадах

Скончыўся наш музычны год міні-турам па польскіх гарадах — гэтым разам дуэтам з выдатным гітарыстам Паўлам Трыпуцём. Завяршыўся тур у Варшаве, дзе мы выканалі песьню Максіма Знака «Лятучы галяндзец» разам з аўтарам. 

Гэтае выкананьне сталася магчымым дзякуючы таму, што адпусьцілі з палону шэраг палітычных вязьняў — і Максіма ў тым ліку. Гэта адзін са станоўчых вынікаў году — тое, што людзі выйшлі зь вязьніцаў пасьля шматгадовае няволі. 

Страты году

Не абышлося і бяз сумных вынікаў. 

У гэтым годзе пайшла з жыцьця мая мама, Сьятлана Яўсеева, таленавітая паэтка. 

Сышоў Зьміцер Касьпяровіч. Калісьці ў далёкім 2017-м ён арганізоўваў наш канцэрт у Вільні і ня раз дапамагаў нам вырашыць розныя творчыя і ня толькі праблемы. 

Пакінулі гэты сьвет беларускія музыкі Алег Тумашоў (вакаліст, сьпяваў у розных гуртах, у тым ліку — «Фарпост» і Ulis), Сяргей Кныш — бубнач і аўтар тэкстаў (граў на бубнах у гуртах «Бонда», Ulis і «Крама», пісаў словы для «Бонды»), Анатоль Каляда, легендарны бубнач.

Напрыканцы году нечакана сышоў з жыцьця Мікіта Мелказёраў, вельмі таленавіты, з велізарным патэнцыялам малады журналіст і блогер. 

Верыць у лепшае

Malunak Lavona Volskaha
Вясёлых сьвятаў! Малюнак Лявона Вольскага

А мы, пакуль мы тут, працягваем жыць і верыць у лепшае. І намагаемся гэтае лепшае набліжаць. Кожны на сваім мейсцы. Кожны — чым можа.

Таму давайце ў навагоднюю ноч уздымем келіхі з ігрыстым віном і ціха прамовім:

«Наступным годам — сустрэць Каляды ў Менску!».

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org