Кіраўніца «Гутэнберг Паблішэр» Валянціна Андрэева пра Асацыяцыю выдаўцоў, сілу слова і найлепшае ў 2025-м

«Гэта толькі трэцяя зіма «Гутэнберг Паблішэр». Але ў нас ужо ёсць чым пахваліцца. Ёсць сучасныя беларускія бестселеры, перавыданні класікі, серыя дзіцячых кніг ды папулярныя настолкі. У сыходзячым годзе выдалі 27 кніг», — кажа сузаснавальніца і галоўная рэдактарка выдавецтва Валянціна Андрэева.

Valancina Andrejeva
Валянціна Андрэева. Фота з асабістага архіву

— Валянціна, нядаўна вы абвесцілі пра заснаванне Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў? Галоўны вынік года?

— Адзін з вынікаў. Мы сустрэліся ў лістападзе з выдаўцамі на пляцоўцы, ласкава нам прадастаўленай фестывалем «Прадмова», і дайшлі да згоды, што нам патрэбнае аб’яднанне, што было б добра, каб выдаўцы мелі афіцыйную структуру, і маглі выступаць як група, як асацыяцыя ўласна. Але распавяду пра адну сустрэчу, якая фактычна не пра асацыяцыю, але для мяне важную. Літаральна пасля падпісання статутных дакументаў Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў мы патрапілі на вельмі натхняльную сустрэчу ў Кракаве з гарадскімі ўладамі. Гэта быў фактычна першы выступ у ролі яшчэ незарэгістраванай юрыдычна, але ўжо існуючай Асацыяцыі. Тым больш, сам факт згоды, што яна ствараецца, думаю, і ёсць стварэннем асацыяцыі, а не фармальнае ўнясенне ў рэестры.

На сустрэчы мы бачылі адкрытасць мэрыі Кракава да беларускай супольнасці, яны зацікаўленыя ў нас, у дыялогу, у беларусах. Гэта размова вельмі натхніла, гэта дае сілы для таго, каб працаваць, не апускаць рукі.

Вядома ж, апошнім часам ў Польшчы гучна чуваць у сацсетках, а таксама часам і на вуліцах падчас, напрыклад, шэсцяў фанатаў пасля футбольных матчаў, або нейкіх лакальных маршаў, негатыўныя выказванні наконт эмігрантаў, гэта і ў адрас украінцаў, і беларусаў часам. Беларусы пачынаюць адчуваць сябе няўтульна, непажаданымі тут і пачынаюць паглядваць (асабліва пасля некаторых ініцыятываў па змене закону наконт грамадзянства, напрыклад) на краіны далёкага замежжа, можа быць, там нам будзе лягчэй?

Дык вось размова з гарадскімі ўладамі Кракава паказала тое, што мы не бачым у сацсетках, бо людзі разумныя і інтэлектуальныя не сядзяць у іх пастаянна і не пішуць гадасці пра беларусаў.

Valancina Andrejeva
Валянціна Андрэева. Фота з асабістага архіву

— А што яны думаюць?

— Аказваецца, гарадскім уладам Кракава беларусы патрэбныя, яны ведаюць пра беларусаў, яны ведаюць, што беларуская дыяспара другая па колькасці ў Кракаве пасля ўкраінскай, і яны вельмі цэняць беларусаў. Яны ведаюць, што беларусы, як правіла, высокакваліфікаваныя людзі, матываваныя, выхаваныя. Больш за тое, яны нават маюць надзею на тое, што беларусы, прыехаўшы са сваімі ведамі, са сваёй кваліфікацыяй, са сваім бачаннем справядлівасці, дапамогуць і Кракаву як гораду стаць больш дэмакратычным, больш утульным для жыцця, магчыма, больш справядлівым, больш цікавым свету.

Яны разглядаюць беларусаў не як эмігрантаў, якія панаехалі, а як паўнапраўных гараджан, якія разам з астатнімі гараджанамі ствараюць гэты горад. Не ведаю, наколькі гэта будзе падмацавана дзеяннямі, аднак жа нават гэта прамоўленая пазіцыя нямала значыць. Словы ж таксама ўплываюць, ведаем па тых жа хвалях у фэйсбуках.

Думаю, гэтыя вітальныя словы ад мэрыі Кракава варта было пачуць не толькі кракаўскім беларусам, але і ўсім беларусам Польшчы гэта на карысць. Лічу гэта важным.

Valancina Andrejeva
Валянціна Андрэева. Фота з асабістага архіву

— Але калі вярнуцца да Асацыяцыі, то навошта яна ствараецца?

— Скажу, што чула шмат меркаванняў кшталту: навошта нам тая асацыяцыя выдаўцоў, калі ў нас ёсць Беларуская Рада культуры, у нас ёсць Інстытут беларускай кнігі і г.д. На мой погляд, гэта натуральна, што нам патрэбнае такое аб’яднанне. Доўгі час нам у Беларусі было фактычна забаронена, або рабіліся максімальныя перашкоды для стварэння ўсіх магчымых формаў самаарганізацыі. Ліцэнзіі, складанасці са сходамі, проста дыскрэдытацыя любых ініцыятываў, якія штосьці бяруць на сябе, прызнанне экстрэмісцкімі ўсіх магчымых згуртаванняў і сходаў. І гэта таму, што ў самаарганізацыі бачылі сілу. Еўропа ж менавіта так і працуе — праз самаарганізацію, так працуе дэмакратыя. Гэта пра тое, што, калі людзі бачаць праблему, то бяруцца яе вырашаць. Для любой нармальнай улады гэта падарунак, калі людзі не ідуць да яе з праблемамі і не сварацца на гэтую ўладу, а самаарганізуюцца і вырашаюць свае пытанні. Улада можа толькі падтрымліваць такое, нармальная ўлада, якая працуе для таго, каб грамадства развівалася.

Для гэтага мы і хочам працаваць на еўрапейскіх асновах, так, як працуе ўся Еўропа, і спрабаваць вырашаць свае праблемы выдавецкія самастойна.

— Што найперш?

— Найперш трэба зразумець, як гэта ўсё павінна працаваць. Бо нас ніхто не вучыў, у нас няма магчымасцяў, у нас няма вольных рук, якія могуць у вольны час пабавіцца нечым такім. Нам трэба навучыцца, як Асацыяцыя можа працаваць, як забяспечыць яе функцыянаванне. Каб яна магла даваць справаздачы, каб у ёй быў хаця б адзін чалавек, які займаецца яе праблемамі і знайсці заробак гэтаму чалавеку. Гэта самая важная задача на першы момант.

Пасля гэтага мы будзем узмацняць прысутнасць беларускіх выдаўцоў на ўсемагчымых мерапрыемствах. Мы заўважылі па першых выніках анлайн-апытанкі, што прысутнасць на мерапрыемствах для чытачоў — архіважная. Пры гэтым, для выдаўцоў прысутнасць не акупаецца, яе немагчыма паставіць на камерцыйныя рэйкі.

Прысутнасць у якасці стэнду на любым кірмашы каштуе больш, чым усе выдаўцы могуць выручыць за свае кнігі на гэтым стэндзе, не кажучы пра тое, што існуе сабекошт гэтых кніг, выплаты аўтарам і гэтак далей. Тым не менш, мы павінны прысутнічаць на ўсіх больш-менш значных мерапрыемствах у тых месцах, дзе жыве заўважная колькасць беларусаў. І гэта такая адна з важных задач у тым ліку для Асацыяцыі. Яе вырашаюць цяпер многія іншыя беларускія ўстановы, Інстытут беларускай кнігі шмат робіць, Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве займаецца гэтым, у Беластоку мясцовыя беларусы дапамагаюць. Але гэтая праца можа быць большай, той жа кірмаш у Кракаве не прадстаўляе беларусаў, ёсць і іншыя мерапрыемствы, дзе варта беларусам быць.

Valancina Andrejeva
Валянціна Андрэева. Фота з асабістага архіву

Важнай задачай ёсць і збор статыстыкі. Вось пачалі з памянёнай ужо апытанкі. А што калі б такая статыстыка збіралася рэгулярна, што калі б пытанні паступова дапрацоўваліся, станавіліся яшчэ больш эфектыўнымі і дакладнымі — мы б мелі карціну ў дынаміцы і маглі б, зыходзячы з гэтага, карэктаваць выдавецкія планы і лепш даносіць інфармацыю да чытачоў. Альбо наадварот, атрымліваць лепшы фідбэк ад чытачоў, даваць патрэбныя ім кнігі. Бо на сёння мы ўсе карыстаемся толькі досведам практычным і досведам іншых краін. Але, напэўна, упускаем нешта важнае.

— Якім год выдаўся для ўласна «Гутэнберг Паблішэр».

— Мы за гэты год падрыхтавалі 23 выданні публічныя і чатыры выданні не публічныя, то бок 27 кніг у нас. У тым складзе, якім мы цяпер працуем, гэта, думаю, пакуль наш максімум.

Што самае паспяховае? Гэта «Слон» Сашы Філіпенкі, самае папулярнае выданне года, самае прадаванае і тое, якое мацней за ўсё абмяркоўвалася. Шмат у чым, канечне, дзякуючы асобе аўтара. Для нас гонар, што мы спрацаваліся з гэтым аўтарам. Ён таксама расставіў прыярытэты сам для сябе і зрабіў акцэнт на выхад беларускай версіі рамана. Гэта важна.

Vokładka knihi «Słon» Sašy Filipienki
Вокладка кнігі «Слон» Сашы Філіпенкі

Адзначу таксама вельмі цёпла сустрэтыя чытачамі дзве кнігі. Гэта раман «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха і раман «Пентаквантар» Арцёма Шуканава. Яны выдатна напісаныя і карыстаюцца поспехам у публікі. Мне здаецца, што і ў наступным годзе яны будуць чытацца, атрымаюць яшчэ пэўную колькасць рэцэнзій і, спадзяюся, будуць адзначаныя. Вось гэта тое, што падаецца мне бясспрэчным поспехам.

Prezientacyja ramana «Pientakvantar» na fiestyvali «Pradmova» ŭ Vilni
Падчас прэзентацыі рамана «Пентаквантар» на фестывалі «Прадмова» ў Вільні

Яшчэ мы выдалі сёлета некалькі дзіцячых кніг, пераважна беларускіх аўтараў з ілюстрацыямі беларускіх мастакоў.

Мы бачылі і бачым у гэтым пэўны абавязак, місію — мы беларускія выдаўцы і маем выдаваць беларускія кнігі для дзяцей, у тым ліку беларускіх мастакоў заангажоўваць да працы і даваць ім заробак. Але, зазначу, такія кнігі недастаткова запатрабаваныя пакупніком, гэта праекты, якія, пераважна, мы робім за тыя грошы, якія нам удаецца ўзяць ад продажу бестселераў. Дзіцячыя беларускія кнігі пакуль што стратныя для выдаўца.

Неяк мы стараемся выкруціцца, але ў бліжэйшыя паўгода мы практычна не будзем выдаваць кніг дзіцячых беларускіх аўтараў, беларускіх ілюстратараў, а паспрабуем выдаваць перакладныя кнігі з жаданнем зразумець, ці беларусы проста хочуць замежных кніг для дзяцей, ці справа ў тым, што дзяцей не так шмат беларускамоўных у эміграцыі, ці яшчэ менш дзяцей, якія чытаюць. Гэта трэба праверыць, і гэтым мы займаемся.

У нас ёсць ужо некалькі перакладных кніг, але цяжка яшчэ зрабіць якасныя высновы з гэтага. Пакуль усё ж беларускія аўтары, у тым ліку тыя, якіх я назвала, больш цікавыя нашым пакупнікам. Але пабачым, як будзе далей, у 2026 годзе выйдзе яшчэ некалькі цікавых перакладаў.

— Вы пачыналі ў тым ліку з паспяховых настольных гульняў і пазла, як з гэтым у 2025-м?

— Сёлета мы не выдалі, на жаль, ніводнай новай настолкі. Выданні настольных гульняў — вельмі дарагія праекты. Ёсць некалькі настолак, якія пакуль стаяць на паўзе. На пачатак наступнага года ў нас запланаваны выхад адной настолкі для дарослых і адной складанкі для дзетак. Мы спадзяемся, што ўдасца вярнуцца да вялікіх праектаў, да сапраўдных настолак з разнастайнымі кампанентамі. У нас ёсць два праекты, якія патрабуюць дастаткова вялікай сумы інвестыцый. Магчыма, у новым годзе ўдасца. Мы аналізуем не толькі рынак выдавецкі, але і эканамічную эфектыўнасць самых розных нашых прадуктаў. Глядзім, дзе мы павінны ўдасканаліць нашу мадэль, каб выходзілі тыя ж новыя беларускія настолкі, каб інвестыцыйныя схемы, якія мы прапаноўваем, былі больш празрыстымі, каб усё было паводле закону. Спадзяюся, што мы зможам актуалізаваць працу па настолках і не толькі ў будучым годзе.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org