Хочацца пазытыву. Але трапляеш збольшага на пацярпелых. “У межах імпрэзы толькі амерыкана і капучына!” Дзяўчынка ў бары свежага гламурнага кінатэатру крычыць на мяне, сціплага замоўцу падвойнага эспрэса. “- Я вам не прыслуга! У мяне вышэйшая адукацыя!” Даражэнькая, а што ты робіш за стойкай? А калі ўжо ты тут, мо будзем гуляць па правілах: ты – сэрвіс, я – спажывец? Яна гоніць. Я ганю. Гляжу на яе, як у люстэрка. І раптам разумею: вось ён, беларускі шлях. Вось яна, нацыянальная ідэя. Комплекс ахвярнасці. Сыходзім у чужыя матрыцы, гуляем у чужыя гульні. І змагаемся выключна паміж сабой. Ахвяра з ахвярай, пацярпелы з пацярпелым.
Навошта шукаць украінскіх шпіёнаў ды палохаць народ “Белым легіёнам”? Хочаце экстрыму – зазірніце ў звычайную цэнтравую кавярню і атрымайце па-поўнай. Як той казаў, ідзі і глядзі. Збірай траўмы ды пашкоджанні.
Ранак. Кавярня каля ГУМа з французскай шыльдачкай імя залатога пеўніка. Падавачка лётае праз залю. Праз наведвальнікаў. Вочы ў неба. Твар натхнёны. Ёй не да нас. Тут без варыянтаў: скачы малпай і рабі ручкай. Мо заўважыць. Калі пашчасціць, вас разлічаць.
Дзень. Пляц Перамогі. Прыйшлі на стандартны ланч. Той самы, што мусіць быць хуткім. Дваццаць хвілінаў чакання. Пустая заля. Нуль эфекту. Нуль ежы. Нуль сэрвісу. Што рабіць? Пачынаеш пошук. Злавіў дзесьці у сутарэннях чувака ў белай кашулі. І чуеш у адказ абыякавае: “Паслушайце, мужчы-ы-на!”
Вечар. Кастрычніцкая плошча. (Нібыта) французская пякарня. За вітрынкай з хлебам шчыруе дзяўчо у белым. Хацеў запытацца, параіцца – але без шансаў. Мяне няма. Побач з ёй яшчэ двое. Таксама ў белым. Занятыя асабістай размовай. Ім весела. Ім добра і так. А ты, з таго боку вітрынкі, суцэльная нязручнасць. Прыйшоў, бачыш. Стаіць. Да касы, як трэба, не ідзе. І яшчэ чагосьці хоча. Пэўна, замежнік. Альбо вычварэнец. А можа і тое, і тое. Кнігу скаргаў? Калі ласачка! Пішы-пішы…
Што тут скажаш? Нармальна. У нас вось так – нармальна. Ненармальна наадварот. Калі хутка і смачна. Калі шчыра ўсміхаюцца і разрульваюць траблы, не чакаючы пераходу ў скандал. Калі аўтаматычна ўжо на ўваходзе не ўключаеш спажывецкага тэрарыста – проста таму, што ўсё і так як трэба. І няма за што змагацца. Ёсць такія месцы? Ясна, ёсць.
Але гэта выключэнні. Звычайна ж ўсё як у людзей: абы што, абы як.
Чаго не хапае? Ведаў? Сумлення? Адказнасці? Так. І не. Бо не гэта галоўнае.
Сэрвіс і спажывец жывуць не проста на розных хуткасцях. Фактычна яны ў розных краінах.
Звычайны айчынны сэрвіс чыста па-савецкі лічыць сябе ўладай – з вертыкалью моцы, нулявой канкурэнцыяй, дырэктыўным кіраваннем і арыстакратычнай знявагай да шэраговага наведвальніка. Ён паважае толькі сябе і хоча падабацца адзінае вышэйшым інстанцыям. У гэтым раскладзе палюбіць спажыўца немагчыма. Бо ён тут не галоўны. І нават не роўны. Так, шэбуршыць нешта паміж сырамі і гароднінай. Мо, хоча апельсінку стырыць.
Зрэшты пра апельсінкі. Прыклад з гіпермаркету. Самотны аранж яшчэ можна атрымаць у адзеле з налепкай кошту. А вось два – толькі ў пластыкавым пакунку. Такая інструкцыя. А калі не любіш пластык? Ці можна два апельсіны без пакунку, кожны з налепкай? “- Нельга! Бо можа вы іх пераклеіце на большы!” Пачынаеш адчуваць сябе рэцыдывістам і бурчэць турэмны шансон.
Спажывец, у адрозненне ад сэрвісу, жыве хутка. Не дырэктывамі, а інстынктамі. Абірае зручнае і шукае лепшага. Ён не тармазіць, а паскараецца: сёння Вілейка, заўтра – Вільня, далей – Брусэль. І ведае, як працуюць з людзьмі ў Рыме і Барселоне. Але шэнген тут не галоўнае. Нават на ўзроўні сярэднестатыстычнага пенсіянера, з ягоным штотыднёвым маніторынгам актуальных зніжак у “Гіпа”, “Еўраопце” ды “Рублёўскім”, народ існуе ў рэжыме канкурэтнага пошуку паслугаў. Ён абірае. І калі за яго не трымацца, папросту сыходзіць да іншых.
Самае заганнае ў нашай спажывецкай (неда)культуры: сувязь паміж рэпутацыяй і заможнасцю дагэтуль не зрабілася чымсьці натуральным і відавочным. “Сохранять лицо” адказныя асобы здольныя слаба. Змагацца за звычайнага – не “элітнага” – спажыўца ніхто не навучыў. І, адпаведна, не навучыўся.
Чарговы слайд, пліз. Новая кропка на завулку Казлова. За суседні столік уладкоўваюцца чатыры мажныя жанчынкі. Побач скача ўсхваляваны адмін: “Ніна Пятроўна! А мы вас ждалі! Очэнь прыятна!” Цетачка сувора: “Ну што, всё ісправілі?” “Да-да, как вы і сказалі! Вадзім Алексеевіч, к сажаленію, у ад’езде, прасіў ізвініць. Налівачкі ілі водачкі?”
А што народ? Народ пачакае. Бо, вядома ж, ёсць рэчы больш істотныя: падатковая, райвыканкам, санстанцыя, пажарнікі і дэкрэты галоўнакамандуючага.
Таму будзем стаяць нязломна. Як сцяна. Супраць усіх. І не патрэбныя нам вашыя грошы! Самі з’ямо нашыя круасаны!
У звычайных схемах айчыннага сэрвісу наш “гаспадар” не абслугоўвае “госціка”, а паслядоўна даводзіць яму сваю першаснасць. І адпаведна чакае ў адказ гатоўнасці адчуць сябе залежным. Тады як нармальны “госцік” даўно стаміўся ад шматгадовай залежнасці і хоча атрымаць адэкватную паслугу – з мінімальнай павагай да сваіх натуральных патрэбаў.
І вось вам канфлікт спажывецкіх стандартаў. Вось вам вайна культур. Перманентны разрыў сэнсаў, штодзённая несумяшчальнасць чаканняў.
Яна гоніць. Я ганю. І кожны адчувае сябе ахвярай.
Максім Жбанкоў