Якія перамены адбываюцца ў жыцці беларускай дыяспары ў Грузіі, як можна паўдзельнічаць у арганізацыі беларускамоўнага летніка «Злёткі» і што новага ў беларускай шматфункцыянальнай прасторы «Аксяродак» у Батумі? Пагаварылі пра гэта з кіраўніцай «Аксяродка» Аксанай Акуневіч.
Аксана Акуневіч
Арэнда ў нашым цяперашнім памяшканні на вуліцы Давіда Клдзіяшвілі, 32 пачалася летась першага чэрвеня, а ў старым — скончылася першага ліпеня. Месяц мы паступова пераязджалі, але сказаць, што мы паўнавартасна запрацавалі на новым месцы, можна, бадай, з пачаткам навучальнага года — у Грузіі гэта 15 верасня, хаця ўлетку мы ўжо ладзілі асобныя імпрэзы. Свята халадніка, напрыклад. Нават тэатральны вечар быў, чытка-спектакль «Вечар» Дударава, які зрабілі Алена Зуй і Васіль Казлоў.
У нас цяпер тры паверхі, і атрымалася фізічна аддзяліць «Аксяродак», шматфункцыянальную беларускую прастору, дзе ладзяцца розныя культурныя імпрэзы, працуе беларуская бібліятэка і кавярня, пераважна для дарослых, ад школы з дзіцячым садком. Першы паверх — для дарослых, другі і трэці — для дзяцей і падлеткаў.
Эмблема «Аксяродка»
У «Аксяродку» працуе беларуская школа. Сёлета ў нас вучацца дзеці і падлеткі з першага да дзясятага класа, хаця набор быў да 12 класа. Афіцыйна мы не кажам, што мы асобная школа, рыхтуем дзяцей да атэстацыі з дапамогай нашых грузінскіх партнёраў. Усе нашы вучні афіцыйна аформлены ў грузінска-французскай школе. Два разы на тыдзень яны ходзяць у грузінскую школу, дзе вывучаюць замежныя мовы: ангельскую, французскую і грузінскую, а тры разы на тыдзень займаюцца ў «Аксяродку». На беларускай мове вывучаюць усе агульнаадукацыйныя прадметы.
З Новага 2026 года таксама адкрылі другую, неафіцыйную суботнюю беларускую школку. Яна ўмоўна дармовая: бацькі скідаюцца данатамі, колькі могуць. Гэтых грошай хапае на заробак двух настаўнікаў з трох. Спрабавалі на гэта знайсці грантавае фінансаванне, але пакуль нічога не атрымалася. На школку ёсць попыт, вялікая цікавасць да яе. Канечне, адчуваецца, што ў Батумі засталося менш беларусаў. Калі мы першы раз адкрывалі суботнюю беларускую школку ў 2023 г., то было 78 заявак, а цяпер — толькі 20. Фактычна гэта людзі, якія пра нас ужо ведалі, хадзілі на заняткі раней і чакалі, пакуль мы адчынімся зноў.
У нас у школах і садку вельмі шмат свабоды і антыгламуру. Дзеці самі шмат чаго робяць для сябе. Не ўсім сем’ям гэта падыходзіць. Часта ў эканамічных мігрантаў, працаўнікоў ІТ-сферы, іншыя патрабаванні і стандарты. Да таго ж, шмат у каго няма адчування каштоўнасці беларускага. Аддаюць дзяцей у школы з рускай мовай, бо з ёй быццам бы лягчэй паступіць. Пытанне, куды?...
У «Аксяродку»
У параўнанні з папярэднім памяшканнем у «Аксяродку» з’явілася больш прафесійная сцэна, з кулісамі. Суадносна, больш прафесійныя тэатральныя пастаноўкі. Большая зала, зручнейшыя крэслы, і агулам больш утульна. Як я ўжо казала, мы аддзялілі прастору «Аксяродак» ад школы, таму ў бібліятэку можна цяпер прыходзіць на цэлы дзень: сядзець чытаць, працаваць, як у каворкінгу.
Мы адкрылі пры «Аксяродку» кавярню «Стары маёнтак». Нам аддалі для яе антыкварную мэблю. Прапануем каву, гарбату. Пераважна я сама там працую. Выбар напояў і кошты стандартныя, як у суседніх кавярнях у парку 6 мая, трохі ніжэй за сярэдні па Батумі.
Дэкор кавярні «Стары маёнтак» у «Аксяродку»
З новага ў «Аксяродку» — курсы грузінскай і польскай мовы для дарослых-пачаткоўцаў, польскі размоўны клуб. Плануем таксама курсы польскай для дзяцей. Польшча — асноўны кірунак міграцыі беларусаў з Батумі, таму курсы карыстаюцца попытам.
Грузінская мова — ужо менш, бо ніхто не ведае, колькі нам тут жыць засталося. Да таго ж, у Батумі складана стасавацца з грузінамі на грузінскай. З аднаго боку, стаўленне як да турыстаў, для зручнасці пераходзяць на расейскую ці ангельскую, а з другога боку, аджарцы, грузіны, якія пераважна жывуць у Батумі, дастаткова закрытыя нават адносна іншых грузінаў, што ўжо казаць пра замежнікаў. (Аджарыя — рэгіён у Заходняй Грузіі са сталіцай у Батумі — рэд.). А яшчэ экспаты ў Батумі, можна сказаць, аддзелены ад грузінаў геаграфічна. Грузіны лічаць, што жыць ля мора шкодна для здароўя, лепш бліжэй да гор. Таму яшчэ пару год таму некалькі вуліц, бліжэйшых да мора, займалі тыя, хто пераехаў у Сакартвэла яшчэ ў часы СССР, альбо нядаўнія экспаты, а грузіны жылі далей. Цяпер ужо троху перамяшаліся: і прыезджыя здымаюць жытло бліжэй да гор, бо там танней, і грузіны сталі жыць ля мора.
Абвестка ў «Аксяродку»
Для мяне вельмі важныя ўстойлівасць і экалогія. Таму я адразу настаяла, каб у «Аксяродку» выкарыстоўваўся толькі шматразовы посуд. Гэта стварае праблему для працы кавярні: часам людзям хочацца зайсці і нешта ўзяць з сабой. Мне самой часам хочацца так зрабіць: пайсці, трымаючы нешта ў руках. Мы маем аднаразовы посуд, але імкнемся яго не выкарыстоўваць нават на вялікіх імпрэзах.
Акрамя таго, мы просім людзей пакідаць у «Аксяродку» непатрэбныя рэчы. Канцылярскія прыналежнасці могуць спатрэбіцца для працы школы, нешта прыдасца для рукадзелля.
Побытавыя рэчы служаць абменным фондам: нехта з’язджае, нехта прыязджае і можа ўзяць сабе. Для нас гэта пэўныя цяжкасці, бо рэчы трэба сартаваць, недзе захоўваць, але для беларусаў — вялікая падтрымка і ўсё ж клопат пра навакольнае асяроддзе.
Імкнемся мінімізаваць выкарыстанне расходных матэрыялаў. І ў нашай звычайнай, і ў суботняй школе расказваем дзецям: «Калі вы берацё папяровую сурвэтку, то памятайце, што на яе выраб пайшло восем літраў вады. Падумайце, ці трэба вам тры-чатыры сурвэткі, ці хопіць адной». Імкнемся прышчапіць экалагічную свядомасць.
Сёлета мы ўжо чацвёртым разам будзем ладзіць міжнародны аздараўленча-адукацыйны беларускамоўны летнік «Злёткі». Папярэдне плануем з 16 да 27 ліпеня, мо плюс пару дзён.
Ідэя летніка — сабраць у адным месцы беларускіх дзяцей і падлеткаў (прымаем удзельнікаў ад пяці да васямнаццаці год) з розных краін, і з Беларусі, і з дыяспар. Асноўнае, што нас аб’ядноўвае — беларускасць.
Прыязджаюць таксама дарослыя, у іх свой, асобны «атрад», са сваёй праграмай, але і ўдзелам у агульных мерапрыемствах. Для дарослых удзел ва ўсіх актыўнасцях — добраахвотны. Па водгуках, гэта цудоўны варыянт адпачынку, калі не трэба ні пра што думаць, бо за цябе ўжо ўсё прадумалі.
Удзельнікі лічаць такі летнік сродкам падтрымкі сваёй ідэнтычнасці, што, кажуць, вельмі натхняе.
Летнік ладзіцца на Чорным моры, у курортным пасёлку Урэкі, вядомым сваімі пляжамі з магнітным чорным пяском (Большасць пляжаў у Аджарыі камяністая — рэд.). Штодня двойчы ходзім на мора, а ўвечары ў нас — агульныя імпрэзы, свечка-рэфлексія. Таксама робім экскурсійныя выезды.
Самае важнае, што аб’ядноўвае ўсіх удзельнікаў, — гэта беларуская мова. Не ўсе, хто прыязджаюць, добра ёй валодаюць, некаторыя зусім не размаўляюць па-беларуску, але прынамсі маюць цікаўнасць да беларушчыны. Супрацоўнікі ж летніка, важатыя — усе беларускамоўныя.
З Беларусі яшчэ прыязджаюць у Сакартвэла новыя людзі: нехта таму, што да іх прыйшлі, нехта па працы (рэлаканты), а нехта проста хоча да цяпла. Увесь час ёсць плынь, хай ужо і не такая вялікая. Шмат і з’язджае, бо ў Грузіі мяняецца заканадаўства: з першага сакавіка трэба будзе мець дазвол на працу, нават калі ты ІП. Праўда, незразумела, якая будзе практыка выкарыстання гэтага закону. Нават ідучы па горадзе, заўважаеш, што шмат экспацкіх кавярняў ды іншых бізнесаў пазачынялася, людзі з’ехалі.
З Беларусі і раней кліматычныя мігранты ехалі на зімоўку, у тым ліку ў Сакартвэла. Пасля 2020 г. выязджалі ўжо масава і на сталае месца жыхарства. Мне здаецца, каб не загад, што за мяжой нельга абмяняць беларускі пашпарт, і не змены ў грузінскім заканадаўстве, то беларуская дыяспара ў Сакартвэла была б вельмі вялікай. Нават цяпер я ўвесь час сустракаю беларусаў, якіх не ведаю, і якія не ведаюць пра «Аксяродак». З вялікай згуртаванай хвалі эміграцыі прайшло ўжо некалькі гадоў, людзі паабжываліся і, можа быць, цяпер няма такой патрэбы быць усім разам, шукаць сваіх.
Беларуская дыяспара ў Батумі адрозніваецца ад іншых сваёй згуртаванасцю і нізкай канкурэнтнасцю. Дапамагаем адно аднаму і справай, і «проста пагутарыць».
Пераезд «Аксяродка» ладзілі талакой. Самі б мы проста не справіліся. Уплывае памер горада: Батумі ў параўнанні з Тбілісі ці Варшавай невялікі, таму людзі мо часцей кудысьці выбіраюцца з дому. Атрымліваецца сяброўская, прыяцельская тусоўка, чымсьці падобная да студэнцкай.
Калі вы прыязджаеце ў Батумі ў кароткі адпачынак і хочаце чымсьці падзяліцца, зладзіць нейкае адукацыйнае мерапрыемства, майстар-клас — звязвайцеся з намі. Калі вы хочаце паўдзельнічаць у беларускім жыцці «Аксяродка» дольш, можаце пабыць у нас валанцёрам / валанцёркай: жыць у нашай прасторы (мы маем для гэтага спецыяльны пакой), працуючы прыкладна па чатыры гадзіны на дзень. Праца абсалютна розная: улетку нам быў актуальны рамонт, потым была дзяўчына, якая разбірала рэчы. Калі валанцёры беларускамоўныя, могуць пабыць на замене ў садку ці школе.
Запрашаем валанцёраў таксама ў якасці важатых на летнік «Злёткі». Аплоцім пералёт і ўсе кошты пражывання. Разлічваем, што за гэта чалавек працуе цэлы дзень, а пасля летніка мае магчымасць застацца адпачыць у Сакартвэла, пажыць у «Аксяродку».
Частка бібліятэкі «Аксяродку»
Мы працягваем збіраць бібліятэку «Аксяродку». Пераважна там беларускія кнігі, але не толькі. Калі да нас нехта прыязджае з Польшчы, Літвы, дзе вялікія беларускія дыяспары і больш магчымасцяў набыць новыя кнігі, мы заўсёды просім гэта зрабіць. Часта людзі здзіўляюцца, што мы маем шмат навінак беларускай літаратуры, якая выходзіць па ўсім свеце. Мы прымаем і новыя кнігі, і тыя, што выдадзены даўно. Напрыклад, я перавезла з Беларусі сваю асабістую бібліятэку, і яна стала часткай бібліятэкі «Аксяродку». Там шмат кніг, якія ўжо не перавыдаюцца і не прадаюцца. Таму, калі вы маеце непатрэбныя кнігі на беларускай, украінскай, польскай, ангельскай мовах, мы з задавальненнем і вялікай удзячнасцю іх прымем.
Заўсёды радыя, канечне, фінансавай падтрымцы. Калі вы — спонсар, які хоча падтрымліваць беларускую справу, ці разова нам заданаціць, на нашых старонках можна знайсці рэквізіты грузінскай карткі, польскай, крыптагаманца, By Me а Coffee. Гэтыя грошы ідуць пераважна на арэнду памяшкання. Апошнім часам данатаў стала значна менш — адчуваецца, што беларусы з’язджаюць з Сакартвэла.
Будзьма беларусамі па ўсім свеце!
Алеся Лях, Budzma.org
Фота аўтаркі