Алесь Кіркевіч: «Небяспечныя не «бабарыкінцы», а масавая палітычная наіўнасць»

Баяцца «бабарыкінцаў» — як баяцца свайго ценю. Можна, але цень ад гэтага не знікне. Нікуды ад яго не ўцячэш. Хіба — святло выключыш. «Бабарыкінцы» — гэта не пра палітычную групу, нават не пра Расію. Гэта — пра масавую палітычную наіўнасць.


Хто такія «бабарыкінцы»? Тэрмін пайшоў гуляць з 2020-га, калі Бабарыка ўварваўся на беларускае палітычнае поле і сарваў джэк-пот народных сімпатыяў. Менавіта ён перад дэбютам Ціханоўскай — найбольш папулярны апанент Лукашэнкі. Каб не «пасадка» — стаў бы лідарам гонкі.

Сінонім непаслядоўнасці і сімпатыяў да Расіі

Але ўсё гэта было пазаўчора. Сёння «бабарыкінцы» — сінонім непаслядоўнасці ды слаба прыхаваных сімпатыяў да Расіі. Віктар Дзмітрыевіч надта доўга разбіраўся, «чый Крым?», а таксама — ці ён сыходзіць на пенсію, ці застаецца ў гульні. Як напісаў Някляеў:

...Але як у свеце крыку,
Дзе ў дуэце рык ды віск,
Разабрацца Бабарыку
Чый той Крым? І чый той Мінск?

А яшчэ «бабарыкінцы» — сінонім дэманстратыўнай палітычнай наіўнасці. Ад заяваў з 2020-га пра «немагчымасць рэпрэсіяў» да заяваў з 2026-га: «общечеловеческие ценности», «каждый может идти своим путем и своим темпом», «у мяне нет точного плана действий, как своих, так и ваших»... З такімі думкамі не вяртаюцца ў палітыку, а — сыходзяць. Гасіце святло.

Свабода — дорага. За яе трэба плаціць «наяўнымі»

Але «бабарыкінцы» — у шырокім сэнсе — гэта не Віктар Дзмітрыевіч. Нават не чырвоныя вусны Марыі Аляксандраўны. Гэта — шырокі сегмент грамадства, які ў 2020-м зачапіўся акурат за такога лідара і такую рыторыку. Бо — хацелася палітыкі без вылупленых вачэй. Без экстазу, пафасу, высокіх каштоўнасцяў і ахвяраў. Хацелася — нармальнасці. Ці гэта дрэнна? Зусім не. 

Нармальнасць, дзе можна жыць, працаваць і багацець — наш нацыянальны код. Гэта не «бабарыкінцы» прыдумалі, а беларусы. Гэта пра нас.

Таму за Бабарыку ў 2020-м агітавалі і топ-менеджары з узорнай бізнес-гісторыяй, і, даруйце, бамжы (сам бачыў!). Гэта і быў нацыянальны кансэнсус — нармальнасць.

ustrecza-z-babarukam.jpg
Пікет па збору подпісаў за Віктара Бабарыку ў Бабруйску, 2020 г. Фота: Радыё Свабода

Але «бясплатная» нармальнасць эвалюцыйным шляхам — аказалася фантазіяй. Так не бывае. У гэтым рэгіёне, у гэты час, з гэтымі суседзямі. Спачатку трэба заплаціць за свабоду, а пасля ўжо ёй карыстацца: жыць, зарабляць і будавацца. Цана — зусім не бранзалетка на руцэ і сэлфі з маршу.

Свабода — гэта дорага. За яе трэба плаціць «наяўнымі». Ніякіх крэдытаў і растэрміновак. Накапіць на свабоду таксама нельга. Або плаціш — або ідзеш лесам. Гэтага моманту, здаецца, Віктар Дзмітрыевіч і Марыя Аляксандраўна не разумеюць дасюль. Бог з імі.

Ці трэба баяцца «бабарыкінцаў»?

Бабарыка, Калеснікава і нават Краўцоў — нікуды з палітычнага поля не знікнуць. Прынамсі, пакуль ёсць запыт на фантазіі: «давайце жыць дружна», «жызнь — эта река», «у каждава свой пуць»... Калі мы пазіцыянуем сябе дэмакратамі — то і ў Парламенце Новай Беларусі яны таксама будуць. І — не ў апошніх шэрагах.

Небяспечныя не «бабарыкінцы», а масавая палітычная наіўнасць. Той крэдыт даверу, які людзі гатовыя даць лідарам без акрэсленай пазіцыі па ключавых пытаннях, без планаў і адказнасці. Хто ведае, можа, Віктар Дзмітрыевіч стане для нас усіх прышчэпкай ад гэтай наіўнасці, роўна як Аляксандр Рыгоравіч — прышчэпкай ад дыктатуры.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org