Марыя Грыц: «Уменне казаць пра добрае — гэта не легкадумнасць, а форма супраціву стоме ад штодзённага змагання»

10.02.2026
«Парадавацца — не значыць здрадзіць тым, каму дрэнна. Смяяцца — не значыць забыць». Марыя Грыц разважае пра тое, чаму варта дзяліцца добрымі навінамі, і распавядае пра свой досвед стварэння такой традыцыі.

maryia.jpgМарыя Грыц. Фота з асабістага архіва

Ці сапраўды «шчасце любіць цішыню»?

Мама дарагая, які гэта брыдкі выраз! «Шчасце любіць цішыню» звычайна кідаюць з выглядам глыбокай жыццёвай мудрасці, нібыта адкрываюць нейкі сакральны закон быцця. Маўляў, калі табе добра — маўчы. Калі падзелішся — спалохаеш, сурочыш, страціш, выклікаеш зайздрасць і тады ўжо зусім капут.

А можа, гэта не пра шчасце ў прынцыпе, а пра звычку маўчаць, пра страх быць бачным, пра дамоўленасць жыць у паўтанах, дзе боль — легітымны і нават сацыяльна прыняты чын існавання, а радасць — нейкае падазронае і негераічнае глупства?

Я перакананая, што калі не дзяліцца добрымі навінамі, іх вельмі лёгка не заўважыць. Яны не прарываюцца праз «дарослыя» навіны, не маюць вострых загалоўкаў, не трапляюць у хронікі. І ў выніку чалавек проста задыхаецца горам, штодзённымі выклікамі і нудой, не таму што ў яго няма шчасця, а таму што ён перастаў умець яго фіксаваць.

Пра культ пакуты

У нас цэлая вялізная — амаль уся — літаратура розных народаў пра тое, як людзі пакутуюць. Асабліва калі глядзець на тое, што называюць «вялікай класікай». Каханне там звычайна трагічнае, сям’я — разбураная, жыццё — кароткае, фінал — могілкі, вар’яцтва або самота. Сапраўды, мала хто дажывае да канца кнігі ў сваім розуме ці ў прынцыпе дажывае!

Прынята меркаваць, што такія гісторыі патрэбныя, хаця асабіста я іх не люблю і не разумею. Нашто чытаць/глядзець такія творы, калі ў нас штодня такое ў сапраўдным жыцці паказваюць? Магчыма, яны дапамагаюць назваць боль, даюць форму таму, што цісне і не мае словаў. Але ёсць адна праблема: гісторый пра здаровае, устойлівае шчасце ў нас вельмі мала. Ну, як мала... прыкладна адна — пра Выліваху. І тое, калі вы адолееце супердушны ўступ. А так у беларускай класіцы нават закахацца няма ў каго: то багна ў роце, то на зямельку моляцца, то вайна, то голад, то вайна-балота-голад разам + няўдзячныя дзеці і раскіданае гняздо.

Беларуская класіка — лепшая прышчэпка ад жадання будаваць сям’ю.

Я памятаю, як яшчэ да шлюба злавіла сябе на дзіўнай думцы: я не ведаю, як выглядае шчаслівая сям’я. Не вылізаная гісторыя, інстаграмная пастаноўка, дзе былая балерына з некалькімі дзецьмі жыве на ферме, усміхаецца на фоне печы і гатуе, «як у бабулі». Бо потым аказваецца, што яна недастаткова ўдзячная за падораны на народзіны фартух і ўвогуле «нешта не тое адчувае» і гаруе, як праклятая.

Я кажу пра іншую гісторыю. Пра партнёрства. Пра ўзаемную павагу. Пра жыццё без пастаяннага подзвігу і неймаверных высілкаў, каб ухапіць глыток паветра. Але такіх прыкладаў у публічнай прасторы — адзінкі.

Ну шчыра, не хачу я гараваць і змагацца. Ці хаця б не ўсё разам. Не пасуе мне гераічна пакутаваць і ліць слёзы, нават калі гэта ўспрымаецца грамадствам як вартая справа для добрасумленнай жанчыны.

Пра няёмкасць радасці

У Беластоку заняткі «Мова Нанова» пачынаюцца з простай рэчы: мы дзелімся добрымі навінамі. Глабальнымі і асабістымі. Гэта не абавязкова нешта вялікае. Хутчэй наадварот.

Спачатку людзям было няёмка. Бо не прынята, «а што людзі падумаюць» і «якая з мяне радасць, калі вакол такое». Але паступова гэта стала традыцыяй.

Хтосьці распавядае пра прыгожую птушку і зімовае гала над горадам. Хтосьці пра новую машыну ці атрыманае пасведчанне кіроўцы. У кагосьці хутка канцэрт, а ў кагосьці — коцік, хтосьці цешыцца новым джынсам, а хтосьці — што атрымалася пабываць на зімовым моры.

mova-nanova.jpg
На занятках "Мова нанова" ў Беластоку. Фота з інстаграма movananovabelastok 

І я ні разу не заўважыла зайздрасці. Наадварот: парадавацца нават чужым добрым навінам — вельмі гаюча. Гэта не адмяняе болю, не абясцэньвае трагедыі нашага часу і не робіць з нас аматараў эскапіі. Усё мы бачым на свае здаровыя і цвярозыя вочы. Але вяртаецца пачуццё, што жыццё не складаецца выключна з цемры. 

Я перакананая, што маўчанне тут вельмі шкодзіць. Калі мы не гаворым пра добрае, узнікае скажоная карціна рэчаіснасці. Нібыта ўсім вакол дрэнна, а радасць — гэта або прывілей, або хлусня, або непрыстойнасць. Асабліва ў нашыя бясконцыя «цяжкія часы».

Але цяжкія часы якраз і патрабуюць малых агеньчыкаў, а не толькі вялікіх вогнішчаў трагедый. Бо інакш у чалавека не застаецца сіл. Ён жыве ў пастаянным напружанні, дзе кожная радасць мусіць апраўдвацца: «Я набыў сабе новы гадзіннік на народзіны, але во, глядзі, як машыну парэпаў, стаміўся ўсю зіму хварэць і ўвогуле думаю пра вяроўку і мыла». Нельга так. Пакажы гадзіннік! Давай разам парадуемся і палюбуемся, які ён прыгожы.

Радасць — не здрада

Парадавацца — не значыць здрадзіць тым, каму дрэнна. Падзяліцца добрай навіной — не значыць адмовіцца ад салідарнасці. Смяяцца — не значыць забыць.

Памятаю, як адна актывістка прад’яўляла другой, што тая выкладае фоткі з нейкага СПА, калі людзі за кратамі, а хто не за кратамі, тыя выгаралі ўшчэнт і не ведаюць, дзе на арэнду кватэры ўзяць. Як што, гаворка не пра Блакітную лагуну ў Ісландыі. А нават калі б і пра яе, то што?

Людзі, якія ўмеюць фіксаваць добрае, маюць больш рэсурсу, каб быць побач з чужым болем. Бо яны дыхаюць, яны не заціснутыя ў пастаянным унутраным траўматызме, а дбаюць і пра сябе, праз што маюць сілы ісці далей.

Пра здаровую бачнасць

Мне падаецца важным вяртаць у публічную прастору нармальныя шчаслівыя гісторыі, без глянцу, без героікі, без маралі. Проста як ёсць.

Часам я прашу людзей у ФБ падзяліцца сваімі добрымі навінамі. Цікава, што некаторыя дзеляцца, а некаторыя пішуць у прыват, што ў мяне за гора. Нібыта толькі ад гора можна шукаць чужой радасці. Калі што, то не, са мной усё ок.

Проста я люблю гісторыі, дзе людзі падтрымліваюць адно аднаго, будуюць адносіны без самаразбурэння, кідаюць паліць, лекуюць катоў і сабак, пачынаюць новыя справы, атрымліваюць кампенсацыю, радуюцца дробязям і глабальнаму, не саромеюцца сказаць: «Мне зараз добра».

Бо калі мы гэтага не робім, вакуум запаўняецца пакутай. І тады здаецца, што жыць інакш немагчыма і не тое, каб варта.

Замест высновы

Я не веру, што шчасце любіць цішыню. Я думаю, што цішыню любіць страх, гвалт, нядобрыя ўчынкі і беззаконне.

А шчасце любіць, калі яго бачаць, называюць і дзеляцца ім, без крыку ці на поўныя грудзі. Можа нават з музыкай і танцам!

Магчыма, уменне казаць пра добрае — гэта не легкадумнасць, а форма супраціву стоме ад штодзённага змагання. Ціхая, настойлівая, вельмі чалавечая. І калі ў нас ёсць хоць маленькая добрая навіна — давайце не хаваць яе. Бо інакш мы рызыкуем не заўважыць, як жыццё ўсё ж такі адбываецца.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org