Паліна Чабатарова: «Я ўсё яшчэ Аліса ў Краіне цудаў»

16.02.2026 Кіно

Актрыса Паліна Чабатарова ў інтэрв'ю «Салідарнасці» – пра маму Яўгенію Кульбачную, а таксама пра Машу Зайцаву і Дашу Чульцову, ролі якіх сыграла.

– Паліна, вы гралі ў новым тэатры Варшавы, зняліся ў ролі Дашы Чульцовай у фільме Мары Тамковіч «Пад шэрым небам». Чаму цяпер шукаеце працу, і наколькі для вас гэта стрэс?

– Пераезд у Польшчу сапраўды адкрыў перада мной шэраг творчых магчымасцяў. Я пачала вучыцца ў тэатральнай акадэміі, трапіла ў спектакль «1.8 М», караткаметражны фільм «Na żywo», а пазней і ў «Pod szarym niebem».

cabatarova-3.jpg

Цяжка казаць пра гэта адназначна і ў радасным ключы, паколькі праекты, у якіх я ўдзельнічала, былі наўпрост звязаныя з болем і траўматычным досведам таго, што адбываецца ў Беларусі. І ўсё ж менавіта гэтыя абставіны сталі пунктам сустрэчы з дзіўнымі людзьмі, якія вельмі паўплывалі на мяне.

І так, я цяпер шукаю працу. У нейкі момант адчула эміграцыйную дэпрэсію. Не ведала, як рэалізавацца ў Польшчы ў якасці акторцкі, не зусім разумела, куды рухацца і што мне блізка. Адчула вялікую дыстанцыю з тым, што адбываецца ў польскім тэатры. Крыху адышла ад прафесіі.

Апошні раз я выходзіла на сцэну год таму, у Teal house. Гэта Міжнародны культурны фонд для артыстаў, якія былі вымушаны пакінуць родныя краіны. Заснавалі яго Караліна Грушка і Іван Вырыпаеў. Пасля гэтага ў прафесіі здарыўся перапынак: я падзарабляла афіцыянткай, выкладала дзецям.

Калі казаць зусім сумленна, то трошкі згубіла кантакт з самой сабой і творчасцю. Зрабілася сумна, і я вырашыла, што трэба вяртацца ў прафесію і займацца тым, што люблю.

«2020-ы усіх прымусіў пасталець. Гэта нават не пра мяне, а ў першую чаргу пра гэтых дзяўчат»

– Ці сустракаліся вы з Дашай Чульцовай? Што яна казала пра тое, як вы раскрылі яе персанажа? Можа, штосьці раіла?

– Даша прыйшла на Варшаўскую прэм'еру нашага кароткаметражнага фільма. У яе былі змяшаныя адчуванні. Даша казала, што ўсё было не зусім так. Яна трошкі па-іншаму рэагавала ў сітуацыі арышту.

А для Мары (рэжысёркі «Пад шэрым небам» – С.) было важна перадаць на экране розніцу паміж Кацяй і Дашай. Паколькі гэта не дакументальны фільм, а мастацкае выказванне.

Даша – вельмі светлы і цікавы чалавек. Памятаю, шмат хто казаў, што мы з ёй вельмі падобныя.

Падчас здымак «Pod szarym niebem» здарыўся нейкі метафізічны момант. Там ёсць сцэна ў судзе, заснаваная на рэальных падзеях, калі дзяўчынкі ў клетцы, і прыходзяць журналісты іх фатаграфаваць.

У гэтай сцэне Даша сыграла журналістку, якая фатаграфавала абвінавачаных. І яна як бы ўбачыла сябе з боку.

Для мяне гэта было асаблівае адчуванне. Таму што ад Дашы я адчувала вельмі шмат падтрымкі.

– У спектаклі «1.8 М» пра ахвяр рэжыму Лукашэнкі вы чыталі гісторыю загінулай ва Украіне Машы Зайцавай. А пазнаёміліся з ёй у Празе, калі Маша прыйшла на спектакль. Якой яна вам падалася?

– Я запомніла яе як вельмі глыбокага чалавека. Па-добраму дарослага і цікавага. Яна была стрыманая і вельмі тактоўная. Падзякавала, мы абняліся. Зазначыла толькі, што ў спектаклі я граю персанажа, які не падобны да яе. Ён сапраўды адрозніваўся ад Машы, гэта была нейкая іншая дзяўчына.

І магчыма, што гэта таксама было ёй цікава: зірнуць на сваю гісторыю свежым позіркам. З іншай перспектывы, як на іншы спосаб яе апавесці.

cabatarova-1.jpg

– Ці гісторыі Дашы і Машы неяк перагукнуліся з вашымі перажываннямі, якія вы пражывалі ў 2020-м?

- 2020-ы ўсіх прымусіў пасталець. Гэта нават не пра мяне, а ў першую чаргу пра гэтых дзяўчат Вельмі ранняе сталенне.

Чаму такім маладым дзяўчатам давялося перажыць такі жудасны вопыт? Чаму ім давялося паплаціцца за абвостранае пачуццё ўнутранай справядлівасці?

Адчуванне несправядлівасці – гэта тое, што нас аб'ядноўвае. Я хадзіла на ўсе пратэсты, жадала, каб людзі перасталі пакутаваць і гвалт спыніўся. Жадала змяніць сітуацыю.

З маімі бацькамі, Купалаўцамі, мне пашанцавала: мы былі адзінай камандай, усе разам хадзілі са сцягамі. Але ведаю нямала іншых гісторый, калі з-за розніцы ў поглядах руйнаваліся сем'і.

Я была ўпэўненая, што мы зараз пераможам. Што не можа быць гаворкі пра тое, каб ён застаўся ва ўладзе.

Памятаю, як адзін важны для мяне чалавек, які таксама за свабодную Беларусь, сказаў тады: «На жаль, Паліна, усё не так проста».

Я яшчэ падумала: «У якім сэнсе?! Такое адбываецца ўпершыню ў нашай гісторыі! Такія пратэсты, салідарнасць! І вядома ж, мы пераможам!»

Але мінулі гады, і так сталася, што ён меў рацыю.

«Бачу той жах, што адбываецца на Радзіме, і ні з кім не магу звязацца»

– У 2020-м у мяне былі два самыя страшныя моманты. 9 жніўня я была ў Маскве, прагаласавала ў пасольстве. Наступным ранкам зразумела, што ў Беларусі няма інтэрнэту, а там жа ўсе мае родныя. Бачу той жах, што адбываецца на радзіме, і ні з кім не магу звязацца.

Другі момант здарыўся ў кастрычніку, калі мяне затрымалі. Разумею, што мой досвед не ўнікальны і вельмі распаўсюджаны сярод беларусаў. Мне моцна пашанцавала, я была ў турме ўсяго 9 сутак.

Напярэдадні мы з аднакурснікамі ішлі граць у Тэатр арміі. На выхадзе з метро на Кастрычніцкай я ўбачыла, што каля танка ўсё запоўнена аўтазакамі і міліцэйскімі машынамі. Раззлавалася яшчэ і таму, што праз вучобу не магла далучыцца да пратэсту. Пачала здымаць на мабільны ўсе гэтыя машыны і вырашыла выкласці гэта ў Instagram з гнеўным подпісам.

Відаць, зрабіла я гэта дэманстратыўна, за намі пабеглі. Дагналі ў тэатры і ніякія тлумачэнні, што мы цяпер граем спектакль, вядома ж, не выратавалі. Двух маіх аднакурснікаў затрымалі проста за тое, што ішлі побач са мной.

Нас не чапалі, калі везлі. Але тое, як і што яны казалі, запомнілася мацней за ўсё.

Потым былі Акрэсціна і турма ў Баранавічах. Там я ўсвядоміла сілу чалавечай падтрымкі.

Некаторыя моманты сапраўды пражываліся лягчэй менавіта з-за таго, што вакол былі добрыя цікавыя жанчыны. Я сядзела са студэнткамі, нават была ў адной камеры з дырэктарам EPAM. Пазней, ужо на волі, мы сустракаліся ў Мінску, а потым і ў Кракаве.

Перад выхадам адна дзяўчына запляла мне касічкі, і я выйшла на волю з кучаравымі валасамі. Амаль як Даша Чульцова, якая на судзе была з кудзеркамі.

– Чула, што горш за Баранавіцкую турму складана штосьці ўявіць...

– Будынак сапраўды стары, разбураны і зусім савецкі. Але мне там было больш камфортна, чым на Акрэсціна.

У турме значна лепшая вада. Я ажно захаплялася, таму што на Акрэсціна піць ваду з крана проста немагчыма. А ў Баранавічах яна ледзьве не крынічная. І персанал там быў больш прыязны.

«Я ўсё яшчэ Аліса ў краіне цудаў. Можа, проста трошкі заблукала»

cabatarova-2.jpg

– Вы падпісалі петыцыю супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. Удзельнічалі ў звароце студэнтаў і выпускнікоў БДАМ пад хэштэгам «не магу маўчаць». Гэта быў жнівень 2020-га. Да таго вы былі па-за палітыкай?

– У 2020-м, як і кожны адэкватны чалавек, я не магла не рэагаваць, калі бачыла, які жах адбываецца. Вядома, я вельмі хацела нешта зрабіць, каб спыніць гвалт і вярнуць людзям права на голас.

– Па выхадзе з турмы вы адразу з'ехалі?

– І зноў мне тады пашанцавала. Дарота Сегда, рэктарка Кракаўскай Акадэміі тэатральных мастацтваў імя Станіслава Выспянскага, вырашыла дапамагчы студэнту з Беларусі, запрасіўшы пераехаць і вучыцца ў Кракаве.

І мне пашчасціла, я стала гэтай студэнткай. Вельмі ўдзячная ёй, Зоі Валянцінаўне Белахвосцік і акцёру Сашы Рэзнікаву, якія дапамаглі гэта ажыццявіць.

Спрыялі ад’езду і такія думкі: што рабіць у краіне, дзе палітыка і цэнзура захапілі ўсё мастацтва?

У кастрычніку 2020-га я выйшла з турмы, а ў снежні ўжо жыла і вучылася ў Кракаве.

– Вы пісалі, што, жывучы ў Кракаве, адчулі сябе Алісай у краіне цудаў – сярод выбітных польскіх актораў і выдатных людзей. Калі параўноўваць з цяперашнім настроем, дэпрэсіўнымі момантамі апошняга года, ці ёсць адчуванне, што Аліса правалілася ў яму, з якой незразумела як выбірацца?

– Прыехаўшы ў Польшчу, я адчула каласальную падтрымку. Унікальная група і выдатныя педагогі. Раптам апынулася ў вельмі добрым і адкрытым свеце, у іншым сусвеце, нейкім космасе. Дзякуючы падтрымцы здолела хутка вывучыць мову і пазнаёміцца з культурай.

І я ўсё яшчэ Аліса ў краіне цудаў. Можа, проста трошкі заблукала (усміхаецца).

Але насамрэч краіну цудаў я адкрыла. І далей ужо толькі мая адказнасць.

– Дарослыя і маладое пакаленне па-рознаму пражываюць эміграцыю. Што раіла ваша зорная і мудрая мама Яўгенія Кульбачная ў складаныя часы?

– Мая мама вельмі мяне падтрымлівае ўсё жыццё. Яна накіроўвае мяне да святла, дапамагае ўбачыць перспектывы. Нагадвае, што ў эміграцыі цяжка ўсім, але толькі я сама магу зрабіць сваё жыццё шчаслівым.

Калі мяне пераводзілі з Акрэсціна ў Баранавічы, усіх жанчын саджалі ў адзін велізарны аўтобус, мужчын – у іншы. Так атрымалася, што я была адзінай, каго пасадзілі да мужчын.

Гэта аказалася плюсам. Там садзяць у маленькую скрыначку, часам запіхваючы туды адразу некалькі чалавек. А калі я была дзяўчынай у мужчынскім аўтобусе, мне вылучылі асобную камеру.

Калі нас рассаджвалі, па той бок брамы стаялі людзі, і жаночы голас пракрычаў: «Трымайцеся! Усё будзе добра...» Я яшчэ падумала, што голас, як у маёй мамы.

Выйшаўшы з турмы, даведалася, што гэта і была мама. І што нейкія людзі сказалі ёй: маўляў, «не крычыце, яны ўсё роўна не пачуюць». А мама адказала: «Мая – пачуе!»

І я сапраўды пачула. Вось прыкладна такія ў мяне з мамай адносіны, і яна мяне вось менавіта так і падтрымлівае. Калі трэба, я заўсёды яе чую.