З 1 лютага 2023 года Аксана Багданава больш не займае пасаду дырэктаркі Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура. Разам з ёй Музей таксама вымушаны пакінуць пяць спецыялістаў — гэта 60% ад навуковага і творчага складу, — паведамляе reform.by.
Сёння ў асабістых сацсетках дырэктарка падзякавала публіцы за ўвагу да музея. «Сябры, дадзеная каманда Музея Заіра Азгура развітваецца з вамі. Дзякуй, што былі», — напісала яна.
З Багданавай «сыходзіць» асноўны касцяк творчых і навуковых супрацоўнікаў — спецыялісты вымушаныя сысці з-за рэпрэсій у адрас калектыву Музея. На гэты момант дакладна вядома аб звальненні з 1 лютага старэйшых навуковых супрацоўнікаў Майстэрні, крытыкаў, куратараў Уладзіміра Парфянка і Мікалая Паграноўскага.
Улады заняліся ўстановай з пачатку гэтага года. Раней, паводле інфармацыі з асабістых крыніц рэдакцыі, кіраўніцтву курыруючых Музей ведамстваў не спадабаліся «дэструктыўна настроеныя» творчыя супрацоўнікі, з удзелам якіх у Майстэрні праводзіліся мерапрыемствы. Каб спыніць вольнасці, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам запланавалі кантроль установы, а пасля яе далучэнне да Музея гісторыі горада Мінска. Іншымі словамі, няма самастойнага музея — няма і праблемы.
Кантроль пачаўся са звальненняў «па ўласным жаданні».
Аксана Багданава была дырэктаркай Музея-майстэрні Заіра Азгура 19 гадоў. За час яе кіраўніцтва установа сталася не толькі мемарыяльнай майстэрняй вядомага беларускага савецкага скульптара, але і сучасным культурным арт-цэнтрам. Тут адбываліся выставы, канцэрты, фестывалі, майстар-класы, мерапрыемствы лакальнага і міжнароднага ўзроўню, некаторыя з якіх станавіліся брэндам горада.