Пісьменніца і публіцыстка Ганна Златкоўская ў аўтарскай калонцы на Budzma.org адказвае Марыі Калеснікавай, якая на канферэнцыі GLOBSEC у Празе заявіла, што шэсць гадоў таму «змагалася не супраць Лукашэнкі, а за людзей».
Ганна Златкоўская. Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай
У 2020 годзе я выходзіла супраць Лукашэнкі. Супраць Качанавай, Караніка, Азаронка, Прыдыбайлы і іншых прыслужнікаў непрэзідэнта. Выходзіла супраць скрадзеных галасоў — задзяўбала, што кожныя пяць гадоў выбары праходзяць пад адзнакай хлусні. Што выбары без выбару сталі нормай для часткі грамадства, і яны жывуць так, быццам нічога страшнага не адбываецца. Быццам гэта ўвогуле клёва — жыць без права выбару. І дзеля гэтага можна ілгаць, красці галасы, замяняючы праўду фальшывымі бюлетэнямі.
Выходзіла супраць сістэмы, якую спарадзіла пачвара з ягонай безгустоўнасцю, калі ўсё наваколле пераўтвараецца ў чырвона-зялёны попел без прыкмет жыцця. Калі людзі становяцца закладнікамі і ў нейкі момант самі не разумеюць, што яны — частка гэтай магутнай сеткі, якая, быццам плот, абараняе іх ад сапраўднай рэальнасці з яе свабодай і лёгкім дыханнем.
Калі для настаўніка норма — крычаць на дзетак, норма — пагражаць АМАПам альбо СНС. Калі лекар з паліклінікі дазваляе сабе грубы тон, хаця перад ёю стаіць маленькі чалавек і трасецца ад страху.
Калі самі бацькі не бачаць, як у нейкі момант перасталі ахоўваць інтарэсы сваіх дзяцей, лічачы нормай падпарадкаванне, бо менавіта гэтаму вучылі 30 гадоў, а дагэтуль — 50 гадоў савецкай сістэмы, якая выхоўвала толькі аднолькавых паслухмяных грамадзян, а ўсіх непажаданых выціскала з краіны альбо знішчала рознымі спосабамі.
Я выходзіла супраць шэрасці і адсутнасці творчасці, бо сістэма не адабрала толькі тыя рэчы, якія не выходзілі за рамкі яе абмежаванага разумення свету. Гэта асабліва было заўважна па Мінску, які калісьці быў прыгожым зялёным горадам, але з кожным годам патроху пераўтвараўся ў месца бетонных панэлек і брыдкіх палацаў.
Памятаю, як каля палаца незалежнасці вырашылі пабудаваць новы будынак — такі ж страшэнны, як сам палац, нават не разумеючы, як гэта дрэнна выглядае. А адзін архітэктар паказаў, як можна было зрабіць гэтае месца прыгожым і стылёвым, але гэта не было цікава ўладзе, бо яна зарабляла толькі на безгустоўшчыне. Мінск, як і любы іншы вялікі еўрапейскі горад, павінен быў кожны дзень віраваць рознымі актыўнасцямі і падзеямі, але нагадваў старога, якому больш падабаюцца цішыня і спакой.
Толькі пару год можна было ўбачыць вельмі файныя мерапрыемствы, тады здавалася, што вось, нарэшце, пачаўся нейкі дзвіж, але так званая адліга была справай аднаго чалавека, які ў любы момант мог спыніць і знішчыць тое, што завецца сапраўдным жыццём. Што, уласна, і адбылося.
У 2020 годзе я выходзіла супраць гвалту. Глядзець фотаздымкі альбо відэа тых падзей не магу, баліць і на вачах адразу слёзы. Чорныя нелюдзі збівалі людзей на загад таго, для каго страціць пасаду кіраўніка краіны падобна да смерці. Ні я, ні шмат маіх сяброў, якія крочылі тады па вуліцах побач, не маглі ўявіць, наколькі жорсткімі і бессардэчнымі могуць быць суайчыннікі, я пра сілавікоў ды прыхільнікаў сініх пальцаў.
Здавалася, што ў кожнага павінна быць рыса, за якую нельга пераходзіць. Але смерць Рамана, Вітольда ды іншых беларусаў паказала — у іх яе няма. Будучы вінцікамі сістэмы, якая абмяжоўвала іх бачанне свету, яны ў той жа час мелі абсалютную ўладу над тымі, хто жадаў прыгожых і яскравых змен.
Патрыятызм, якім прыслужнікі так ганарацца, на справе — абмежаванасць слабых людзей. Насілле і тупасць — яго галоўныя прыкметы. Нам сорамна — ім не, на жаль. Адны сталі забойцамі і гвалтаўнікамі, другія ж жывуць у беднасці, але лічаць сябе абаронцамі радзімы, не заўважаючы, як скочваюцца ў Сярэднявечча.

Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай
Я выходзіла ў 2020 годзе за краіну, якая магла б жыць па іншых правілах. Дзе, як у Еўропе, палітыкі бліжэй да народа, дзе мець розныя меркаванні — норма, дзе ведаеш, куды ідуць твае падаткі, дзе з уладай можна размаўляць і патрабаваць выконваць свае абавязкі. За творчых і таленавітых людзей, якіх у Беларусі так многа! За рэформы і прагрэс.
Але ўсё гэта было б магчыма толькі ў адным выпадку — калі кожныя пяць гадоў народ будзе абіраць уладу сам, а не быць фікцыяй для таго, хто гатовы забіваць дзеля сваёй выгады.
А значыць, мы пачынаем спачатку. У 2020 годзе я выходзіла на вуліцы супраць...
Ганна Златкоўская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org