Аўдыякнігай выйшла ўжо 4 частка «Сабак Эўропы»

Дзякуючы ініцыятыве Audiobooks.by цяпер у гукавым фармаце даступная ўжо чацвертая, самая менская частка «Сабакаў Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. «Трыццаць градусаў у цені» агучыў перакладчык і рэдактар Сяргей Шупа, піша bellit.info.

«Sabaki Eŭropy»

«2 гадзіны 47 хвілін менскага лета 2016 году. Менавіта тым летам я працаваў над чацьвёртай часткай рамана, яшчэ ня ведаючы, што насамрэч пішу», — пракаментаваў навіну Альгерд Бахарэвіч у сацсетках.

«…Спякотны летні дзень у Менску, дзіўны герой, што мае заданне перадаць камусьці пакет з невядомым змесцівам… Разам з ім чытач блукае па вялікім горадзе, апынаючыся то на Праспекце, то ля Камароўкі, то ў Мэтро, то на сталічных ускраінах, заходзіць у крамы і кнігарні, абедае вакзальным беляшом — проста ўсярэдзіне экспрэсіянісцкага маналогу, назіраючы за Менскам нібы з чужой чарапной каробкі і перажываючы крок за крокам эфэкт пазнавання», — гаворыцца ў анатацыі да «Трыццаці градусаў у цені»

Такім чынам ужо агучана 4 часткі рамана з шасці.

Купіць аўдыякнігу можна на шэрагу пляцовак: Kobo (працуе ў Беларусі), Google Play Books, Apple Books, Spotify Audiobooks.