Як адказаць на пытанне, чым ёсьць сёньняшняя Беларусь? Сярод іншага дастаткова прыгледзецца да… помнікаў, якія стаяць сёньня на нашай зямлі. Седзячы на ўтульнай канапе сваёй рубрыкі «Прыдарожны пыл», Валера Руселік уважліва ўзіраецца ў манумэнтальнае люстэрка нацыі.
Як вядома, помнікі — гэта ня толькі матэрыяльнае сьведчаньне нейкіх гістарычных падзеяў або спосаб ушанаваць пэўных асобаў. Насамрэч гэта найперш адлюстраваньне таго ладу, які пануе ў краіне.
І таму, калі хочаце, гэта яшчэ й помнікі ўладзе, якая вызначае — альбо з дапамогаю грамадзянаў, альбо самастойна — якія гістарычныя падзеі ўсхваляць і якім асобам ды за якія ўчынкі аддаваць нацыянальную пашану. І, адпаведна, якім курсам і куды весьці краіну, якія каштоўнасьці і арыенціры культываваць у грамадзтве. Скажам, натхняцца слаўным мінулым і багатай культурнай і рэлігійнай спадчынай альбо, наадварот, імкнуцца зазірнуць у будучыню праз экспэрымэнты і футурызм.
Ну або як у сучаснай Беларусі — ні складу ні ладу.

Валера Руселік каля помніка Кастусю Каліноўскаму і ягоным паплечнікам-паўстанцам, Вільня. Фота з асабістага архіву аўтара
Калі паспрабаваць зразумець менавіта праз прызму помнікаў, куды ж вось ужо чацьвёрты дзясятак гадоў вядзе нашую краіну самаабвешчаны «майсей з-пад Шклову», то наўрад ці атрымаецца адназначны адказ. З аднаго боку, нішчыцца літаральна ўвесь нацыянальны падмурак беларускага народу: ідуць пад бульдозэр сярэднявечныя камяніцы й могілкі, здымаюцца і мэмарыяльныя дошкі паўстанцам Каліноўскага ў Горадні, і бюст Ларысы Геніюш у Зэльве, зьнішчаецца крыж паўстанцам пад Астраўцом і гэтак далей.
Дэнацыяналізаваную прастору займаюць помнікі розным пушкіным і іншым расейскім імпэрцам і царскім гарадавым, якія цягнулі наш Край ува ўсходнюю турму народаў. Застаюцца на сваіх месцах спарахнелыя ільічы, побач зьяўляюцца бронзавыя дзяржынскія і сталіны, якія й пасьля сьмерці працягваюць трымаць Беларусь у савецкіх цуглях. Дзе-нідзе ў публічнай прасторы прарастаюць звараныя з трубаў і арматуры дзядзі сьцёпы і іншыя мэталічныя «граждане одной большой страны».
Зь іншага боку, нейкім цудам усьцяж застаюцца помнікі Касьцюшку, Каліноўскаму, Міцкевічу, барэльефы са Скарынам і іншыя сьведчаньні ўласна нерасейскасьці й несавецкасьці нашага Краю.
Адным словам, хто ў плот, хто ў агарод. І вось як гэты пякельны мікс зразумець? Каго ж шанаваць — нашых, каторыя баранілі і разьвівалі беларушчыну, альбо чужынцаў, якія ўсё гэтае нашае нішчылі?

Помнік «Дзядзя Сьцёпа — міліцыянт». Фота: sb.by
Урэшце, да агульнага хаасу сваю цаглінку ў манумэнтальнае ўвасабленьне прапанаванай дзяржавай нацыянальнай ідэі дадаюць і спробы задакумэнтаваць гісторыю ўжо цяперашняй Рэспублікі Беларусь.
Вось да прыкладу. Надоечы ў Полацку адкрылі помнік у гонар лётчыкаў-герояў Андрэя Нічыпарчыка і Мікіты Куканенкі, якія ў 2021 годзе загінулі, адводзячы некіраваны самалёт ад жылое забудовы.
Ці варта ўшаноўваць? Варта. Пытаньне ў іншым — як і дзе гэта зрабіць. Трагедыя адбылася ў небе над Баранавічамі. Але помнік адкрываюць… за сто мэтраў ад полацкай Сафіі на месцы Верхняга замка. Ну няўжо не знайшлося іншага месца, акрамя як каля найстарэйшага мураванага будынка ў краіне на тэрыторыі аднаго з найбольш каштоўных гістарычных і археалягічных аб’ектаў? Хай нават і ў Полацку, дзе вучыўся й быў пахаваны Мікіта Куканенка — ну няўжо ж не знайшлося іншага месца?
Вядома, змораны шэрай будзённасьцю абываталь можа паціснуць плячыма: маўляў, «а какая разница? Хочешь — иди в Софию, хочешь — к лётчикам. Всем удобно же. Вот вам, змагарам, лишь бы покритиковать!».
Між тым, нават ня згадваючы актуальнае заканадаўства, якое дакладна рэглямэнтуе ахоўныя зоны падобных аб’ектаў (у нас жа «иногда не до законов», разумею), маем і іншыя недарэчнасьці. Уласна сам помнік — гэта пастаўлены на пастамэнт стары сьпісаны савецкі самалёт «МіГ-15», які аніякага (!) дачыненьня да ўшанаванае падзеі ня мае. Героі Беларусі Нічыпарчык і Куканенка кіравалі самалётам Як-130, пастаўленым на ўзбраеньне ўжо ў незалежнай Беларусі ў 2015 годзе.
Ну і што з таго? Напісалі на борце ржавай савецкай бляшанкі нумар авіябазы, у якой лётчыкі служылі — і годзе! І наагул Куканенка быў выпускніком менавіта Полацкай кадэцкай вучэльні, якая знаходзіцца побач з Сафійскім саборам і на тэрыторыі якой паставілі і самалёт, і памятную стэлу — навошта тлуміць галаву зь нейкімі там Баранавічамі і Верхнім замкам?
Какая разница-то?!?

Адкрыцьцё помніка «Самалёт МіГ-15» у Полацку. 19.05.2026. Фота: belkadet.by
І вось тут пазл складваецца.
Калі ў маёй роднай Горадні мясцовыя ўлады на хвалі «бульдозэрнай рэканструкцыі» сабраліся былі аднаўляць Барысаглебскую царкву XII стагодзьдзя, пэўны час у фаварытах хадзіў праект, які прадугледжваў выкарыстаньне ў якасьці асноўнага матэрыялу… газасылікатныя блёкі.
Тамтэйшыя герастраты хваліліся: маўляў, а какая разница? Затое атрымаецца хутчэй і таньней, чым пабудаваць катэдж!
Каложа. XII стагодзьдзе. Газасылікатныя блёкі. Катэдж.
І гэтак — па ўсёй краіне і ўва ўсіх сфэрах жыцьця. Адбудавалі гарадзенскі Стары Замак не паводле гістарычных крыніцаў, а паводле фантазіяў галоўнага архітэктара — а какая разница? Упяндзюрылі атамную станцыю ў апошні чысты рэгіён краіны, паставіўшы пад пагрозу зьнікненьня ўнікальную экасыстэму — а какая разница?
Зноўку ўзяліся сячы лес і асушаць балоты, ігнаруючы і глябальнае пацяпленьне, і амаль высахлую Прыпяць, і ўсё часьцейшыя пясчаныя буры на Палесьсі — а какая разница? Сабраліся зрабіць зь Беларусі пляцоўку па папулярызацыі расейскай мовы, пры гэтым амаль дабіўшы мову беларускую — а какая разница? Працягваюць выціскаць з краіны ўсіх нязгодных, найперш адукаваных і маладых, на тле ўсё большай дэмаграфічнай катастрофы — а какая разница?
Вось ён, помнік эпосе «Какая разница».

Беларуская вэрсія Скалы прэзыдэнтаў. Праца Ўладзімера Цэсьлера
Між тым усе эпохі рана ці позна сканчаюцца, на месца цяперашняе ўлады прыходзіць наступная, адныя помнікі зьмяняюцца на іншыя — кола часу спыніць немагчыма.
Будзе і Новая Беларусь.
Пытаньне ж у іншым: ці зьменіцца разам з тымі, хто павядзе краіну далей, і кірунак, куды мы ўсе пойдзем — ці зьменіцца, урэшце, эпоха «Какая разница»?
І адказ на гэтае пытаньне ўжо сёньня, тут і цяпер, пішам усе мы — незалежна ад таго, хто па які бок беларускае мяжы жыве. У тым ліку, адказваючы самым сабе на гэткае, здавалася б, простае пытаньне: «Разговаривать на русском или беларуском языке — а какая разница?».
Валера Руселік, budzma.org