Аксана Спрынчан і Вадзім Жылко выступілі ў Лунінцы

 

23 жніўня ў рамках кампаніі “Будзьма беларусамі!”  Аксана Спрынчан і Вадзім Жылко двойчы выступілі ў Лунінцы.

Спачатку сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў завіталі ў Лунінецкую дзіцячую бібліятэку, дзе іх цёпла віталі супрацоўнікі на чале з дырэктарам Валянцінай Яфрэмавай і юныя чытачы рознага ўзросту, у тым ліку выхаванцы Лунінецкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Вадзім Жылко нагадаў пра вядомых пісьменнікаў, што жылі або працавалі на Лунінеччыне, пра цяперашняе літаратурнае жыццё краю. Аксана Спрынчан правяла «паэтычную латарэю», калі дзеці самі выбіралі прысвечаныя ім вершы. Гучалі таксама пытанні – як да    аўдыторыі, так і ад чытачоў. Дзеці пазнаёміліся і з тэматычным мультфільмам. Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі прызы ад “Будзьма”, а сувенірамі былі адзначаны ўсе прысутныя. Потым прайшла «аўтограф-сесія».

Другая сустрэча адбылася з сябрамі літаб’яднання «Касіяпея» пры лунінецкай недзяржаўнай газеце “Информ-прогулка”. Да іх далучыліся супрацоўнікі раённай бібліятэкі і проста прыхільнікі беларускага пісьменства. Апрача літаратуры, размова ў прыязнай атмасферы, за кубкамі гарбаты, ішла пра захаванне нацыянальнай культурнай і духоўнай спадчыны, пра краязнаўчыя вандроўкі, пра адметнасці лунінецкага краю. Свае творы чыталі не толькі госці, але і іншыя ўдзельнікі. Сцяпан Нефідовіч агучыў казку, якую стварыў разам з унукам Андрэем, Віктар Пінігін прачытаў вершы. Галіна Абрамчук уручыла гасцям уласнаручна зробленыя падарункі. Аксана Максімчук выканала байку. Другакурсніца Брэсцкага ўніверсітэта Святлана Жыгар і 10-класніца СШ №2 г.Лунінца, выпускніца «Школы маладога журналіста»   Алеся Вакуліч распавялі, як ставяцца да беларускай літаратуры і фальклору. Некалькі сваіх вершаў прачытала самая юная ўдзельніца – дачка Аксаны Спрынчан Альжбэта.

Дарэчы, Аксана якраз адзначала свой дзень народзінаў. Падарункамі ёй сталі некалькі прыгожых ручнікоў ад землякоў.

 

 

 

 

 

Тэгі: