Гісторык Цімафей акудовіч распачаў праект "Магістраты Культуры"

Ідэя праекта ў тым, каб распрацаваць механізм супольнага выстаўлення замовы і найму менеджара для доўгатэрміновага развіцця беларускай культуры ў горадзе. Аб гэтым гісторык Цімафей Акудовіч распавёў на сваёй старонцы Facebook.


акудовіч.jpg

Цімафей Акудовіч. Крыніца: facebook.com

Ва ўсіх польскіх гарадах, дзе жыве шмат беларусаў, адбываюцца розныя сацыяльныя і культурныя падзеі. Але досыць часта гэта спарадычная дзейнасць, якая трымаецца на імпэце некалькіх аматараў.

У той жа час патрэба да розных актыўнасцяў ёсць, але гэтыя патрэбы не заўсёды супадаюць з ініцыятывамі актывістаў. Нават калі супадаюць, то застаецца пытанне, фінансавання і арганізацыі.

У межах «Магістратаў Культуры» стваральнікі распрацоўваюць такія механізмы, якія дазвалялі б дамаўляцца і фармаваць агульную замову, а пасля збіраць сродкі на запрашэнне менеджара.

Зразумелая сума, зразумелы перыяд, зразумелы спіс пажаданняў і зразумелы вынік, які можна памераць.

Некалькі беларускіх арганізацый у Польшчы ўжо зацікавіліся і гатовыя далучыцца да эксперыментальнага этапу. Зараз арганізатары распрацоўваюць базу дадзеных культурных падзей і фарматаў, каб прасцей было складаць той самы ліст пажаданняў.

На першым этапе плануецца падрыхтаваць прапановы для Уроцлава, Лодзі, Кракава і Беластока, але магчыма і пашырэння геаграфіі.

Стваральнікі пачынаюць з Польшчы, але ў перспектыве вопыт такіх магістратаў можна будзе прымяніць у любым месцы з вялікай канцэнтрацыяй беларусаў.