Гурт беларускіх традыцыйных спеваў BaranÀ з Вільні перамог на прэстыжным польскім конкурсе Stara Tradycja і возьме ўдзел у канцэрце ў Варшаве 22 красавіка. Раней дзяўчаты выступалі пад назвай «Беларускі цуд». Мы пагутарылі з кіраўніцай гурта Святланай Чакушкай пра змену назвы, удзел у конкурсе, заняткі спевамі і планы на будучыню.

Святлана Чакушка
Я не прафесіяналка, не маю вышэйшай музычнай адукацыі. Усё, што я магу і ўмею — гэта мой практычны досвед. Калі вучылася ў Полацкім універсітэце, спявала ў гурце «Княжыч», потым у розных гуртах у Віцебску і Мінску. Шмат удзельнічала ў этнаграфічных экспедыцыях. Яшчэ ездзіла на майстар-класы розных фалькларыстаў, пераважна ўкраінскіх. Пераехаўшы ў Вільню, стала весці спеўныя заняткі. Так утварыўся гурт «Беларускі цуд».
Я прыхільніца традыцыйнага спосабу навучання спевам — на слых, з голасу. На сваіх занятках амаль не карыстаюся нотамі, хаця ведаю іх. Я магу запісаць мелодыю традыцыйнай песні нотамі, калі будзе такая патрэба, але звычайна мы разбіраем песні на слых. Мне здаецца, што выканальніцкія нюансы, характар, душу традыцыйнай песні цяжка перадаць нотамі. Я думаю, трэба шмат слухаць арыгінальныя запісы, прапускаць іх пра сябе, каб адчуць іх своеасаблівую магію і асаблівасці мелодыі і выканання.
У кожнага чалавека свой тэмбр голасу, свой дыяпазон. Я стараюся гэта ўлічваць на занятках, каб чалавеку было камфортна. Напрыклад, некаторым дзяўчатам цяжка спяваць ніжнія партыі. Я гэта ведаю і падчас размеркавання галасоў мушу ўлічваць. Хаця стаўлю перад сабой задачу, каб галасавы дыяпазон тых, хто са мной спявае, пакрыху-паціху, але пашыраўся. Гэта цалкам магчыма. Я магу сказаць па сабе. Калі была маладзейшай, я вельмі доўга спявала верхнія партыі, мне гэта падабалася. Але з часам мне стала цікава спяваць «басы», і я свядома сама з сабой працавала, каб навучыцца спяваць нізка, грудным голасам. Мне і гэта стала падабацца, нават больш за вярхі.
Агулам свой стыль выкладання і кіравання я б акрэсліла выразам «абы па любові». Я не прыхільніца аўтарытарнага кіравання. Я разумею, што ў кожнага шмат уласных спраў. Я толькі рэкамендую: акрамя заняткаў, слухаць дома, спяваць, рабіць практыкаванні. Я ўпэўнена, што спяваць можа кожны. Пытанне ў матывацыі, наяўнасці вольнага часу, рэгулярнасці трэніровак і ў суправаджэнні.
Калі чалавек не меў дачынення з традыцыйнымі спевамі і прыходзіць да нас «з нуля», займаецца штотыдзень, то камусьці спатрэбіцца паўгода, каб заспяваць, а камусьці — больш. Прыродныя здольнасці ва ўсіх розныя. Але пры наяўнасці жадання і цярпення усё магчыма.

Гурт «Беларускі цуд» на фестывалі «Беларусь старажытная». Фота Дар’і Роскач
Нашай віленскай «этнатусоўцы» «Беларускі цуд» сёлета спаўняецца 5 гадоў. Мы расцём і развіваемся, шукаем і прыдумваем новыя фарматы дзейнасці. І па выніку нядаўна мы прынялі рашэнне крыху перафарматавацца. Часта да нас прыходзяць людзі проста паспяваць, не маючы мэты ўдзельнічаць у выступах. Але яны далучаюцца, напрыклад, да калядавання і іншых больш нефармальных падзей, умоўна кажучы. Нядаўна мы зладзілі валачобніцтва (велікодны абыход двароў — рэд.) у Вільні. Падумалі, калі ўжо пераносім калядаванне з вёскі ў горад, то чаму валачобніцтва таксама не зрабіць?
Мы даўно і паспяхова супрацоўнічаем і сябруем з іншымі віленскімі этнатворцамі — капэлай «Ойра», батлеечным тэатрам «Батлейка-цудадзейка». І мы вырашылі ў некаторым сэнсе аб’яднацца і назваць ужо нашае творчае аб’яднанне назвай «Беларускі цуд». А непасрэдна спеўны гурт атрымаў новую назву — BaranÀ.
Думкі пра змену назвы спеўнага гурта з’явіліся некалькі месяцаў таму. Гэта было няпростае рашэнне, бо «Беларускі цуд» стаў, прынамсі сярод беларусаў і беларусак Вільні, своесаблівым брэндам. Але імкненне прасоўваць сваю творчасць не толькі сярод мясцовай дыяспары аб’ектыўна патрабавала зменаў.
Па-першае, мы сутыкнуліся з праблемай, што лацінкай складана перадаць слова «цуд». Небеларусы часта не могуць яго правільна прачытаць і вымавіць.
Па-другое, у нас даўно ёсць жаданне зрабіць цікавы і пазнавальны лагатып з назвай гурта і своеасаблівы сцяг-харугву — такія «харугвы» маюць амаль усе літоўскія фальклорныя гурты. Але на думку нашых дзяўчат-дызайнерак, вельмі складана ўпісаць у лаканічны лагатып назву з двух слоў і з «праблемным» напісаннем лацінкай.
Да таго ж, мы проста расцём і хочам вылучыць канцэртны склад спявачак у межах этнасуполкі «Беларускі цуд». На штотыднёвыя спеўныя сустрэчы некаторыя прыходзяць кожны раз, а некаторыя — ад часу да часу. Гэта аб’ектыўна ўплывае на якасць выканання. Таму няхай у «Баране» будзе менш удзельніц, але больш прафесійнага развіцця. Калі мы хочам выступаць на фестывалях, запісаць калі-небудзь нейкі музычны матэрыял, то гэта зусім іншы ўзровень і працы, і адказнасці.
На нашых рэпетыцыях мы будзем працаваць над выканальніцкім майстэрствам, голасам, будовай супольнасці, каб спявачкі адчувалі адна адну, каб была хімія паміж удзельніцамі. Каб мы гучалі зладжана і пры гэтым не гублялі індывідуальнасці кожнай. Гэта складана, і гэта выклік для мяне як выкладчыцы.
Мы спяваем не толькі дзеля ўласнага задавальнення альбо рэалізацыі амбіцый. На выступах мы ў першую чаргу адчуваем сябе тварамі беларускай супольнасці за мяжой, прынамсі ў Літве. Для мяне гэта важна. Гэта палова, калі не больш, матывацыі, чаму я ўвогуле гэтым займаюся. Мы хочам паказаць, што мы ёсць, што ў нас адметны, прыгожы, цікавы фальклор.
Нам ёсць што паказаць, і мы павінны рабіць гэта настолькі якасна, наколькі маем здольнасці. Для таго, каб годна прадстаўляць Беларусь на фестывалях, прадстаўляць сябе, трэба працаваць. Я спадзяюся, спеўны гурт BaranÀ, захаваўшы своеасаблівы цёплы вайб «Беларускага цуду», зможа годна прадставіць беларускі традыцыйны спеў на міжнародных пляцоўках.

Святлана Чакушка
Сёлета ўжо пад новай назвай мы перамаглі на конкурсе Stara Tradycja, які праходзіць у межах польскага фестывалю Wszystkie Mazurki Świata. Гэта найбуйнейшы фестываль у Польшчы для аматараў аднаўлення традыцыйнай музыкі.
Гурт BaranÀ стаў адным з лаўрэатаў, якія выступяць на канцэрце 22 красавіка ў Варшаве.
Мы вельмі радыя быць у шэрагу пераможцаў конкурсу. Для нас гэта сур’ёзны крок наперад і адначасова вялікая адказнасць — прадставіць беларускі традыцыйны спеў падчас найвядомейшай этнападзеі Польшчы. Прыходзьце нас падтрымаць! Усіх запрашаем!
На перспектыву мне хацелася б палепшыць выканаўчы ўзровень гурта, зрабіць гучанне больш зладжаным, папрацаваць з дзяўчатамі індывідуальна. Спяваючы гуртом, вельмі зручна схавацца за кагосьці, а мне хацелася б больш папрацаваць над індывідуальнымі асаблівасцямі. Можа быць, каб дзяўчаты спявалі сольна, альбо дуэтамі. Шмат песень мне хацелася б вывучыць, паспяваць. Можа быць, калі-небудзь запісаць нешта ў студыі.
Магчыма, мы адновім адкрытыя спеўна-танцавальныя сустрэчы для ўсіх ахвочых. Яны будуць праводзіцца ад імя этнасуполкі «Беларускі цуд», напэўна, раз на месяц. На гэтых сустрэчах мы будзем спяваць для сябе, для душы, а таксама будзем рыхтавацца да святаў, каб людзі на тым жа Купаллі, напрыклад, былі не гледачамі і глядачкамі, а паўнавартаснымі ўдзельніцамі і ўдзельнікамі.
Можа быць, арганізуем нейкае свята ў маі, на Троіцу, кшталту як калісьці ў Магілёве былі «Зялёныя святкі». Разам са старой беларускай дыяспарай, клубам «Сябрына», ужо трэці раз плануем зладзіць Купалле.
Канцэрт лаўрэатаў конкурсу Stara Tradycja пройдзе ў межах фестывалю Wszystkie Mazurki Świata у Варшаве 22 красавіка па адрасе: Podskarbińska 2 (Цэнтр прасоўвання культуры варшаўскага раёна Паўднёвая Прага). Пачатак а 19.00. Уваход вольны. Акрамя гурта BaranÀ, сярод пераможцаў, якія выступяць на канцэрце, ёсць яшчэ адзін беларус — Віктар Валько. Ён будзе спяваць сольна.
Алеся Лях, budzma.org
Фота з архіву гераіні
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.