Akute прэзентуюць новы альбом у Мінску

29.03.2012 Афіша

Гурт Akute скончыў працу над новым студыйным альбомам, які атрымаў назву “Не існуе”. Канцэртныя прэзентацыі дыска адбудуцца 8 красавіка ў Магілёве і 21 красавіка ў Мінску.

Гэта другі паўнафарматны альбом у дыскаграфіі калектыва. На ім будзе 10 песень, у тым ліку загалоўная кампазіцыя выдадзенага ў лютым “Кроў EP” (www.tuzin.fm/akute). Запіс дыска праходзіў у Магілёве, а звядзеннем займаўся мінскі гукарэжысёр Яўген “Кідас” Сухавей.

“У параўнанні з дэбютам, гэты альбом больш востры па гучанні, больш жорсткі па настрою і тэкстах. Мяркую, што ў ім больш таго самага дыска-дэкадансу, да якога нас любяць адносіць”, – распавёў вакаліст гурта Стас Мытнік.

Канцэртная прэзентацыя ў Мінску (21 красавіка, клуб Re:public) стане першым сольным выступам Akute на буйной сталічнай пляцоўцы . Адмысловым госцем будзе мінскі гурт Hum Flying Bulletproof Noodle. На прэзентацыі альбома ў Магілёве (8 красавіка, клуб Cuba) таксама не абыйдзецца без цікавых гасцей – гуртоў “Петля Пристрастия” (Мінск) і John Doe (Магілёў).

“Канцэрт у Мінску будзе самым вялікім і самым адказным у гісторыі Akute – зайграем абодва альбомы і нават трохі больш”, – абяцае бас-гітарыст калектыву Раман Жыгараў.

Тым часам дэбют Akute “Дзевачкі і космас” увайшоў у лік лепшых беларускіх альбомаў 2011 года па выніках узнагарод Experty.by. Гурт таксама намінаваны на пяць узнагарод на “Рок-каранацыі”, якая мае адбыцца 31 сакавіка ў Маладзечна.

 

21 красавіка ў клубе Re:Publiс, 19.00

Гурт Akute з прэзентацыяй новага альбома “Не існуе”.

Квіткі:  45 тыс (першыя 100), 55-65 тыс. (астатнія, папярэдне), 75 тыс. (столік).

Продаж: пераход на пл.Я.Коласа, пераход каля ГУМа, клуб Re:Public, ГЦ Купалаўскі (пав.19), ГЦ Рыга (пав.18) і інш.

Даведка: (029) 649 08 88, (029) 110 35 35.