• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
02.11.2022 | Грамадства Асоба

«Заклікала на беларускай мове да непадпарадкавання ўладам»

Яна была любімай актрысай Ігната Буйніцкага і сястрой міласэрнасці ў тыфозным бараку, атрымала адукацыю філосафа і працавала фельчарам у псіхлячэбніцы. «Салiдарнасць» расказвае малавядомыя факты пра Алаізу Пашкевіч, вядомую пад псеўданімам Цётка.


133.jpg

Аднакурсніцы таемна падкормлівалі яе булачкамі.

Часта ў падручніках можна прачытаць, што Алаіза Пашкевіч нарадзілася ў шляхецкай сям’і ў фальварку Пешчын Шчучынскага раёна. Аднак дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што сямейства Пашкевічаў жыло даволі бедна, зарабляючы на жыццё земляробствам. Шмат намаганняў трэба было, каб адправіць Алаізу вучыцца ў прыватную вучэльню ў Вільню.

Плата за вучобу была вельмі высокая — 100 рублёў у год, і часта грошай не хапала нават на ежу. Будучы па характары вельмі незалежнай і не жадаючы абцяжарваць сястру, у якой жыла, Алаіза старалася зарабляць самастойна прыватнымі ўрокамі. Але і гэтага было відавочна недастаткова.

136.jpg

Вось што ўзгадвала адна з вучаніц гэтай установы Юліяна Вітан-Дубейкаўская, чыя сястра вучылася разам з Пашкевіч:

«У вышэйшых класах разам з маёй сястрой вучылася Алойзія Пашкевіч... Яна была старэйшая за іншых дзяўчат у класе. Казалі, што яна прыехала з вёскі. Яна трымалася асобна ад іншых, была маласлоўная, але з маёй сястрой яна сышлася бліжэй, бо сястра ёй дапамагала адпрацоўваць лекцыі французскай і нямецкай мовы, якімі Ал. Пашкевіч слаба валодала.

Наогул аб сваім жыцці і сям’і Ал. Пашкевіч ніколі не распавядала, сястра ведала толькі, што яна жыве ў знаёмых на прадмесці. Але раз у гімназіі ўзнік вялікі перапалох, Ал. Пашкевіч, вучаніца сёмага класа, абамлела падчас лекцыі, і школьная ўрач прызнала, што яна так аслабла ад недаядання.

Памятаю, мая сястра са слязамі апавядала ў хаце, што Ал. Пашкевіч такая бедная, што на ежу не хапае, але яна вельмі амбіцыйная і не хоча прымаць дапамогі. Мая маці сказала тады мне: «Я буду даваць табе булкі на дваіх, а ты кладзі ў яе столік, калі яе няма ў класе». Мне гэта рабіла асаблівую прыемнасць — прыходзіць у клас сястры і класці незаўважна булкі ў пюпітр Ал. Пашкевіч.

Яна спачатку пыталася ў класе, хто гэта паклаў булкі ў яе пюпітр, аднак віноўніца не адгукалася, і класавая дама супакоіла яе, што гэта, мусіць, падарунак. Так мы рабілі да заканчэння гімназіі».

Стала Цёткай, таму што не хацела быць «пані»

Ёй не было і 30-ці, калі яна вырашыла называць сябе Цёткай.

137.jpg

Біёграфы лічаць, што гэты псеўданім з’явіўся пасля паездкі Алаізы ў 1905 годзе на радзіму. Прыезд у бацькоўскі дом выклікаў тады чаканы ажыятаж. Аднак, пачуўшы зварот «пані», які разануў слых, Пашкевіч загадала апавясціць усіх навакольных, у тым ліку бацькоўскіх парабкаў, што прыехала ніякая не «пані», а проста «цётка Алаіза». З таго і пайшло...

Упершыню гэты псеўданім з’явіўся на вокладцы чытанкі «Першае чытанне для дзетак беларусаў», які выйшаў асобнай кніжкай у Санкт-Пецярбургу ў 1906 годзе. Добрая «Цётка» расказвала дзецям мудрыя казкі і прымаўкі, складала загадкі і навучальныя тэксты аб роднай зямлі.

Гэтым псеўданімам Пашкевіч пачала падпісваць свае вершы, нарысы і артыкулы, якія публікавала ў часопісах і газетах.

Праходзіла па «справе лекараў»

Фельчар Алаіза Пашкевіч згадваецца ў абвінаваўчым акце па «Справе лекараў» у другой палове 1905 года. Паводле паказанняў нейкіх Сцяпана Дзёміна і Соф’і Лістоўскай, Алаіза Пашкевіч брала ўдзел у сходах «групоўкі, якія праходзілі на кватэры доктара Яўгена Клевезела і студэнта-практыканта Гірша Раздэльвера.

На мітынгах, якія адбываліся ў шпіталі, яна прамаўляла на беларускай мове, падгаворваючы слухачоў да непадпарадкавання ўладам, нявыплаты падаткаў і барацьбы супраць ураду».

Сапраўды ў 1904 годзе Алаіза Пашкевіч працавала фельчарам у Віленскім акруговым псіхіятрычным шпіталі. Пасля паспяховай здачы экстэрнам іспытаў у Аляксандраўскай жаночай гімназіі ў Пецярбургу Алаіза не стала працягваць вучобу, а вярнулася ў Вільню.

Менавіта тады пачынаецца яе палітычная актыўнасць. Пашкевіч уступае ў Беларускую сацыялістычную грамаду, актыўна ўдзельнічае ў рэвалюцыйных дэманстрацыях у Вільні. Арганізоўвае працоўныя гурткі, піша вершы, якія распаўсюджваліся як рэвалюцыйныя пракламацыі, выступае на беларускай мове на мітынгах і сходах.

Па ўспамінах сучаснікаў, яна была добрым аратарам, яе палымяныя прамовы на мітынгах карысталіся вялікім поспехам.

У 1905 годзе яна была дэлегатам ад віленскіх працоўных на жаночым з’ездзе ў Маскве.

138.jpg

Натуральна, усё гэта не засталося незаўважаным. У канцы 1905 года Пашкевіч вымушана была эміграваць, баючыся пераследу. Яна выехала ў Галіцыю, якая тады ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі.

Атрымала адукацыю філосафа і прасякнулася праблемамі саамаў

На эміграцыі Алаіза не марнавала часу: яна працягнула адукацыю. У Кракаве Пашкевіч стала слухачом гуманітарнага аддзялення Ягелонскага ўніверсітэта. А праз год паступіла на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта — там нават усталявана мемарыяльная дошка ў гонар паэткі.

Пашкевіч шмат падарожнічала. Бывала ў Фінляндыі, Швецыі, Італіі. Падчас паездкі ў Фінляндыю яна пазнаёмілася з Эльзай Рэберг — лідарам нацыянальнага руху саамаў.

Была паэтка наездамі ў Вільні і Пецярбургу. Праўда, нелегальна.

Выйшла замуж фіктыўна

Прынамсі, многія лічылі менавіта так.

У 1911 годзе 7 лютага Алаіза Пашкевіч і інжынер Сцяпанас Кайрыс, у будучыні вядомы літоўскі палітык, узялі шлюб у Віленскім касцёле ўсіх святых.

Пра віленскі перыяд жыцця Цёткі вельмі цікавыя ўспаміны пакінула ў сваіх «Сцежках жыцця» Паўліна Мядзёлка (тая самая муза Янкі Купалы):

«Бывала я і на кватэры Цёткі, якая жыла ў лясным прадмесці Звярынцы разам са сваім мужам Кайрысам. Не зусім звычайная гэта была пара. Мне казалі, што іх шлюб спачатку быў толькі фіктыўны, на манер Соф’і Кавалеўскай, а праз нейкі час сталі жыць разам, але я не вырашылася ў яе самой пра гэта спытаць.

У мяне склалася ўражанне, што Цётка з’яўляецца хутчэй кватаранткай, чым гаспадыняй у сваёй хаце. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны. На стале, на паліцах — шмат кніг. Толькі ў гэтым пакоі яна нас прымала, сюды прыносіла і пачастунак, ніколі не запрашаючы ў іншыя пакоі кватэры. І толькі раз, выпадкова сутыкнуўшыся ў калідоры з Кайрысам, Цётка пазнаёміла мяне са сваім мужам.

Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыццём, не ўмешваючыся ў справы адно аднаго. Іх аб’ядноўвалі хіба толькі рэвалюцыйныя справы. Кайрыс быў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, Цётка — Беларускай сацыялістычнай грамады».

Фіктыўны гэта быў шлюб ці не, але пэўная карысць ад гэтага саюза была. Узяўшы прозвішча мужа Алаіза ўжо Кайрыс змагла з эміграцыі легальна вярнуцца на радзіму.

Што ж да яе мужа, то ў 1918 годзе ён зойме пасаду віцэ-прэм’ера абвешчанай Літоўскай рэспублікі.

139.jpg

Любімая актрыса Ігната Буйніцкага

Па вяртанні з эміграцыі Алаіза некаторы час грала ў тэатры Ігната Буйніцкага, выступаючы там пад псеўданімам М. Крапівіха. Яна танчыла, дэкламавала вершы, грала камічныя і драматычныя ролі. Яе можна было бачыць у пастаноўках паводле п’ес Элізы Ажэшкі, Антона Чэхава і многіх іншых.

Буйніцкі вельмі шанаваў талент актрысы, лічачы яе адной з лепшых.

140.jpg

Дарэчы, Цётка і сама асабіста была знаёмая з многімі класікамі тагачаснай літаратуры. Яна мела зносіны з Элізай Ажэшкай, была паплечніцай Янкі Купалы. Тады ж Пашкевіч стала рэдактарам моладзевага часопіса «Лучынка».

Ратавала родную вёску ад тыфу

З пачаткам Першай сусветнай вайны многія планы і спадзяванні прыйшлося адкласці. Маючы вопыт у галіне медыцыны, Пашкевіч пачала працаваць сястрой міласэрнасці ў тыфозным бараку Віленскага ваеннага шпіталя.

Там, у шпіталі, ёй давялося сустрэцца са смяротна параненым родным братам. А неўзабаве прыйшла чарговая страшная вестка: у студзені 1916 гады ў мясцовай лякарні ад тыфу сканаў яе бацька Сцяпан Пашкевіч.

Пахаванне бацькі пакінула моцнае ўражанне. Тое, што яна ўбачыла ў роднай вёсцы яе ўразіла: голад, холад, безграшоўе, тыф. Каб хоць неяк дапамагчы землякам змагацца з эпідэміяй, Алаіза вырашае застацца ў роднай вёсцы.

На жаль, страшная хвароба не абмінула і яе. У канцы студзеня Алаіза Пашкевіч сама захворвае на тыф. Арганізм, аслаблены сухотамі, аказаўся не ў сілах супраціўляцца. Раніцай 5 лютага пасля некалькіх дзён комы Алаізу Пашкевіч знайшлі без прыкмет жыцця. Ёй не было і сарака гадоў.

141.jpg

Вось што пісаў яе муж Кайрыс:

«Пасля колькіх дзён я атрымаў тэлеграму, што і жонка небяспечна хворая. У той жа дзень выехаў па чыгунцы і з Васілішак пешшу дабраўся да старога двара. Жонка ляжала непрытомная ўжо некалькі дзён, хворая на той жа тыфус. Запрошаны з Васілішак урач-немец мала ведаў пра тыфус, не дапамог нічога... Алейза Пашкевічанка-Кайрыс памерла 5 лютага 1916 года пад родным дахам, не прыходзячы да памяці».

Пахавана паэтка ў вёсцы Стары Двор Шчучынскага раёна. Імя Цёткі прысвоена сярэдняй школе ў гарадскім пасёлку Астрына, а таксама Мінскай і Шчучынскай бібліятэкам. У Гродне і Мінску яе імем названы вуліцы.

142.jpgПомнік Цётцы ў Шчучыне

Зрэшты, усё гэта — толькі малая кропля той памяці, якой вартая гэтая цудоўная жанчына, што прысвяціла ўсё сваё жыццё служэнню роднай Беларусі і яе народу.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура

Новы выпуск падкаста «Малус» дасяжны на стрымінгах

Абсурд пачынае панаваць тады, калі настае бясплоднасць сэнсаў або калі яны прыходзяць у гэты свет ужо мёртванароджанымі....

valiancina_shauchenka
Літаратура

Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей» можна паслухаць у аўдыяфармаце

Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей» можна паслухаць на платформе «Кніжны воз», — паведамляецца на старонцы...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве дэмантаваць не будуць

Такі адказ мясцовых уладаў на свой зварот аб зносе помніка Ларысе Геніюш на Зэльвенскіх могілках атрымала праўладная...

valiancina_shauchenka
Культура

Іван Кірчук — сапраўдны «Варажбіт»

У музеі «Лошыцкая сядзіба» прайшла творчая сустрэча вядомага беларускага этнографа, фалькларыста і музыканта Івана...

Апошнія навіны

    Культура
    Новы выпуск падкаста «Малус» дасяжны на стрымінгах
    Літаратура
    Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей» можна паслухаць у аўдыяфармаце
    Грамадства
    Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве дэмантаваць не будуць
    Культура
    Іван Кірчук — сапраўдны «Варажбіт»
    Вандруем разам
    Унікальнае месца для адпачынку. Расказваем пра адметнасці Ліпічанскай пушчы
    Афіша Літаратура
    Ужо заўтра адбудзецца анлайн-прэзентацыя рамана Шчэпана Твардаха “Кароль” у беларускім перакладзе
    Гісторыя
    Невядомыя беларускамоўныя тэксты з атачэння Кастуся Каліноўскага у новым нумары «Homo Historicus 2023».
    Кіно
    Воля Чайкоўская: «Беларускае кіно — самабытнае, аўтэнтычнае, рызыкоўнае. Яшчэ — вельмі каштоўнае, таму што знаходзіцца на мяжы выжывання. Яго практычна як від можна заносіць у Чырвоную кнігу»
    Мастацтва
    Вясна перадусім! Выстава Лявона Тарасэвіча ў варшаўскай галерэі Monopol
    Грамадства Адукацыя
    «Як мама і педагог я вельмі прашу слухаць і чуць дзяцей!» Тры гісторыі пра булінг і гвалт
    Культура Літаратура
    Аўтапартрэт у шаўковай кашулі. Словы пра самога сябе, як ты разумееш
    Грамадства
    Наталля Пінчук: Важна гаварыць сёння не толькі пра Алеся – пра ўсіх, хто за кратамі ў Беларусі
    Грамадства
    Францыя. Мы маем права на паўстанне
    Культура
    Пра што размаўляюць з Вясной у гукальных песнях і прычым тут «Купалінка»
    Культура
    У Юрмале адкрылася выстава «Крэатыўная рэвалюцыя. Беларусь 2020»

Афіша

  • 30.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Гурт PyLai ў Батумі

  • 30.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 30.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 30.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 30.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 30.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 30.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    • «Пагоня» не з’яўляецца «экстрэмісцкім» сімвалам
    • Топ-3 смешных выпадкаў з Якубам Коласам
    • Унучка пакаранага паўстанца, якая стала адной з самых вядомых у свеце жанчын-хірургаў
    • Што паслухаць з беларускай музыкі на Дзень Волі
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип