Бясспрэчна, галоўная беларуская навіна ўчорашняга і сёньняшняга дзён — вызваленьне з лукашысцкіх засьценкаў 52 палітвязьняў. Між тым радасьць ад гэтай падзеі, якую і вызваленьнем-та назваць можна, бадай, толькі ўмоўна, няпоўная. Сваімі рэфлексіямі на падзею дзеліцца ў сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік.
Давайце адразу расставім кропкі над «і». Ёсьць асабістая радасьць за канкрэтных людзей — і на гэтым усё, радасьць сканчаецца. Усё астатняе — вусьцішны боль.
Валера Руселік — у кашульцы з партрэтам палітзьняволенага сябра Міколы Дзядка. Фота з архіву аўтара
Памятаеце, што за саветамі азначала «10 год бяз права ліставаньня»? Тое, што асуджанага чалавека, хутчэй за ўсё, ужо няма ў жывых: пад гэткай фармулёўкай выраку звычайна маскаваўся расстрэл, і так гаварылі сваякам ужо забітага вязьня.
Гэтак і ў сучаснай Беларусі і палітвязьняў, і іх блізкіх, і грамадзтва даўно ўжо пазбавілі права на ліставаньне. Лісты, напісаныя па той бок кратаў, не аддаюць іх адрасатам. І пагатоў, здараецца, папросту рвуць іх на вачох у палітвязьняў. Пры гэтым закладнікі рэжыму ў зьняволеньні гінуць. На гэты момант мы ведаем прынамсі пра дзевяць сьмерцяў палітвязьняў у турмах. Падкрэсьлю, дзевяць — гэта толькі тыя, пра якія мы ведаем, гэта не абавязкова поўная лічба.
І таму, вядома ж, вызваленьне напярэдадні 52 палітвязьняў — гэта сапраўдны цуд. Няхай іх і выменялі на запчасткі для расейскіх самалётаў і запанкі для дыктатара, усё адно немагчыма ня радавацца за гэтых людзей, за тое, што яны выжылі й выйшлі на волю. Дай Божа, не апошнія.
Вырваныя з лукашэнкавых турмаў палітвязьні. Першыя хвіліны — у вольным сьвеце. Фота RFE/RL
Зрэшты, усё-ткі гэта не вызваленьне. І нават не дэпартацыя, пра якую цяпер многія пішуць. Вызваленьне — гэта вось ты выйшаў за краты і пайшоў куды хочаш: хочаш — дадому, хочаш — паехаў за мяжу. Вызваленьне — гэта калі ты зноўку гаспадар свайго лёсу. Ну а дэпартацыя — гэта прымусовы выезд за мяжу, я падкрэсьлю, замежных (!) грамадзянаў. Дэпартаваць з краіны грамадзяніна гэтае ж краіны — нельга. Затое можна выкінуць, як апошніх сабакаў. Зь мехам на галаве, з рукамі за сьпінаю ў кайданках і з узброеным канвоем, парваўшы іх пашпарты. Ня даўшы пабачыцца зь сям’ёю і прыйсьці на магілу роднае матулі, якая адышла ў лепшы сьвет, гэтак і не дажыўшы да вызваленьня свайго дзіцяці. Выгнаць.
Гэта — выгнаньне з Радзімы. Гэтак і занатуйце.
Дарэчы, менавіта выгнаньне, а не дэпартацыя куды больш уласьцівае гісторыі нашага Краю. Разьвітаньне з Радзімаю. Усе памятаеце гэты адзін з самых вядомых у сьвеце палянэзаў, які напісаў наш суайчыньнік Міхал Клеафанс Агінскі, пакідаючы Рэч Паспалітую пасьля здушэньня антырасейскага паўстаньня Касьцюшкі? Ага, ну і адразу паралель з нашай сучаснасьцю. Як вам намер Лукашэнкі паставіць на ракетны комплекс «Палянэз» ядравыя боегалоўкі? Вось вам гатовае патэнцыйнае «разьвітаньне з Радзімай 2.0».
Сымбалічна, праўда?
Вось сюды прыляціць у адказ, калі прагучыць палянэз «Разьвітаньне з Радзімай 2.0». Відэаскрын з t.me/pul_1
Ну і яшчэ адно ўдакладненьне. Усё-ткі гаворка вядзецца не пра 52, а 51 асобу. Паралельна з абсалютна натуральнай радасьцю за выцягнутых з-за кратаў закладнікаў рэжыму мы ўсе сталіся сьведкамі і сапраўднае драмы, якая разгортвалася ўчора на беларускай мяжы. Мікола Статкевіч, які быў у ліку гэтых 52-х асобаў, адмовіўся пакідаць тэрыторыю Беларусі. Са словамі: «Пляваць я хацеў на вашага калгаснага лідара!» — палітык практычна выбіў дзьверы ў аўтобусе, які быў вёз палітвязьняў на літоўскі бок, і выбег на нэўтральнай паласе. Пасля таго, як стала зразумела, што ён ня зьменіць свайго рашэньня застацца ў Беларусі, Статкевіча забралі нелюдзі ў масках. На момант напісаньня гэтых радкоў яго лёс застаецца невядомы.
Мікола Статкевіч — на беларускай мяжы. Чырвонай лініяй пазначаная мяжа Літвы, да якой палітык не даехаў, застаўшыся на радзіме. Скрын з камэры відэаназіраньня
Пекла нікуды не падзелася. У гэты ж сама дзень, калі аўтобусы везьлі ў Літву абмяняных на санкцыйныя палёгкі для «Белавія» праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 8 чалавек, асуджаных за абразу і паклёп на Лукашэнку, а таксама за заклікі да санкцыяў. У засьценках рэжыму па-ранейшаму застаюцца тысячы закладнікаў — і вядомых, і невядомых. Палітычныя рэпрэсіі ў краіне не сьціхаюць і штодня абрынаюцца на ўсё новых ахвяраў.
А таму на пытаньне «Што далей?» у мяне для вас няма нейкага нечакана пазытыўнага і радаснага адказу. Далей будзе тое ж, што і цяпер: паступовае выгнаньне беларусаў з радзімы ўзамен на нейкія чарговыя «санкцыйныя пацеркі» для дыктатара, працяг палітычных рэпрэсіяў, новыя палітвязьні і чарговыя сьмерці за кратамі, спаўзаньне Радзімы ў расейскую багну, усё большая пагроза пераносу вайны і на тэрыторыю Беларусі... Як усё-ткі сымбалічна супала ўчорашняе выгнаньне палітвязьняў за мяжу з канчатковым закрыцьцём польска-беларускае мяжы!..
Сучасная «жалезная заслона» — упершыню ў гісторыі цалкам закрытая польска-беларуская мяжа. Фота belta.by
Між тым ставіць на ўсім крыж нам усё адно ня варта.
Як засьведчыў учора Мікола Статкевіч, а таксама намер часткі іншых палітвязьняў вярнуцца ў Беларусь, апошняе слова нават у самых неспрыяльных абставінах усё адно — за намі. Мы застаемся непераможанымі датуль, пакуль працягваем змагацца. За сябе і сваіх блізкіх, за аднадумцаў і паплечнікаў, за родны Край. І пакуль нашая Радзіма палае ў нашых сэрцах — што ўнутры краіны, што ў выгнаньні — яна ўсьцяж належыць нам, а ня тым, хто яе нішчыць.
BYSOL абвясціў тэрміновы збор для вызваленых палітвязняў. Падтрымаць можна тут.
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org