Вільня, Коўна і Клайпеда — гэта першыя гарады, дзе адбудзецца гэты ўнікальны монаспектакль, а на мапе будучых выступаў — гарады Польшчы, Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Эстоніі, Кіпра, Швецыі, Нарвегіі і Даніі.
«Прэзентацыя» — гэта не проста чытанне вершаў, а сапраўднае шоў, дзе паэт злучае літаратурную творчасць з элементамі гумару, асабістымі гісторыямі і непасрэдным дыялогам з публікай. Такім чынам ён ламае стэрэатып, што размова пра паэзію — гэта пра нешта сумнае і залішне сур’ёзнае.
«Я выступаю з уласнымі вершамі ўжо досыць даўно — сёлета мінула ажно 20 гадоў ад майго першага выступа. Мне адпачатку хацелася прыўнесці ў беларускую паэзію пэўную дзёрзкасць і, можа быць, хуліганства, але пакінуць у ёй месца для філасофіі і разважання.
За гэтыя гады я напісаў і выдаў кнігу, атрымаў нямала прэмій і ўзнагарод, выступіў... нават не ведаю колькі разоў і ў колькіх месцах.
Быў нават момант, калі я заўважаў, што мяне там-сям пазнаюць людзі, і я, можна сказаць, стаў папулярным. Мне не спадабалася.
Таму на нейкі час я сыйшоў у, скажам так, андэрграўнд, працягваючы займацца тым, што мне было цікава ў літаратуры, а таксама заняўся хіп-хопам.
Здаецца, гэтага часу было дастаткова, каб мяне забыць (ці не даведацца пра мяне наогул). Але.
Здаецца, прыйшоў час знаёміцца нанава...
Прыходзьце на мае бліжэйшыя выступы, якія адбудуцца ў некалькіх гарадах Еўропы. Гэта будзе такі паэтычны стэндап, альбо камбінаваны монаспектакль, дзе я распавяду пра час і пра сябе», — піша Віталь Рыжкоў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Вільнюс — 2 кастрычніка
Коўна — 3 кастрычніка
Клайпеда — 6 кастрычніка.
За сваю творчасць Віталь Рыжкоў атрымаў шэраг прэстыжных літаратурных узнагарод і лічыцца адным з вядучых галасоў свайго пакалення. Ягоныя вершы ў сваёй творчасці выкарыстоўваюць такія знакамітыя артысты як Зміцер Вайцюшкевіч, Lear, Nizkiz і Dziecuki. Паэт мае ўласны музычны рэп-праект ANGST, удзельнік рэп-гурта Belaroots.