З нагоды нараджэння 31 траўня Святланы Алексіевіч, пісьменніцы, сцэнарысткі, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры, «Будзьма!» вырашыла успомніць жыццё і творчую дзейнасць беларускай інтэлектуалкі.
Бацька Святланы Алексіевіч быў вайскоўцам, а таму, як гэта практыкавалася ў савецкай сістэме, служыў не на радзіме. У перыяд нараджэння дачкі сям’я жыла ва заходнеўкраінскім горадзе Івана-Франкоўску. Але ўжо праз некалькі гадоў бацька быў дэмабілізаваны і разам з сям’ёй вярнуўся на радзіму. Пасля шматлікіх пераездаў яны нарэшце спыніліся ў Петрыкаўскім раёне.
Тым не менш, па словах Алексіевіч, у дзяцінстве яна шмат часу бывала ва Украіне. Яе нараджэнне прыпала на пасляваенныя гады, адна бабуля памерла ў партызанах, дзядуля загінуў на фронце, а Заходняй Украіне першай паловы ХХ стагоддзя выпаў адметны лёс. Імаврна, сукупнасць такіх акалічнасцяў паўплывала на фармаванне светапогляду, на ўспрыманне савецкай сістэмы і вайны і далейшую творчасць будучай пісьменніцы. Так, у прыватнасці, бабуля па маці (якая была ўкраінкай) яшчэ ў дзяцінстве расказвала ёй пра жахі Галадамору.
У 1961 годзе бацька стаў дырэктарам Капаткевіцкай сярэдняй школы на Петрыкаўшчыне, маці ж працавала там настаўніцай. Гэтую школу Святлана скончыла ў 1965 годзе. Цікава, што ў той жа перыяд у гэтай школе вучылася і будучая намесніца старшыні Савета Міністраў БССР Ніна Мазай (цікава і тое, якіх розных дзеячаў можа выхаваць адна школа).
Пры тым, што школу Святлана скончыла з дзевяццю «тройкамі» і, па яе словах, не надта любіла школьную сістэму, пасля выпуску яна, як і яе бацькі, пайшла шляхам выкладчыцкай дзейнасці. Спачатку працавала выхавальніцай у асветніцкай школе-інтэрнаце, а пазней — настаўніцай нямецкай мовы і гісторыі. Але ўжо ў гэты перыяд пачалася яе праца са словам, з тэкстамі. У 1966 годзе яна трапіла карэспандэнткай ў газету «Прыпяцкая праўда».
Стаж у два гады дазволіў Алексіевіч паступіць ва ўніверсітэт і працягнуць адукацыю. Так, у 1967 годзе яна паступіла на факультэт журналістыкі БДУ, пасля заканчэння якога працавала ў беларускай перыёдыцы. Спачатку па размеркаванні ў Бярозе ў рэгіянальнай газеце «Маяк камунізму», а потым — у рэспубліканскай «Сельскай газеце» у Мінску. Нарэшце ў 1976 годзе Алексіевіч атрымала, калі можна так сказаць, літаратурную працу ў часопісе «Нёман», спачатку ў якасці карэспандэнткі, а неўзабаве — і загадчыцы аддзела нарысу і публіцыстыкі.
Немалы кавалак дзейнасці Святланы Алексіевіч у 1970-х гадах звязаны з рэцэнзаваннем твораў беларускіх пісьменнікаў. У перыяд працы ў часопісе «Нёман» пачаліся і яе ўласныя літаратурныя спробы. Так, яе літаратурным дэбютам можна лічыць 1975 год, калі былі апублікаваныя яе нарысы, і 1976-ы, калі да друку была падрыхтаваная кніга «Я з’ехаў з вёскі» пра міграцыю беларусаў у гарады. Праўда, праз забарону аддзела прапаганды гэтая праца так і не з’явілася.
Першая са славутых кніг Алексіевіч — «У вайны не жаночае аблічча» — з’явілася ў 1983 годзе, калі аўтарцы споўнілася трыццаць пяць гадоў. Безумоўна, у кожнага пісьменніка ўласны падыход да літаратурнага працэсу, але ў любым разе Святлана Алексіевіч не трапляе ў катэгорыю аўтараў, які штогод ці раз на два-тры гады выдаюць па новай кнізе. Нават сёння, праз амаль чатыры дзясяткі гадоў пасля з’яўлення першага твора, дастаткова пальцаў дзвюх рук, каб пералічыць кнігі пісьменніцы. Гэта і не дзіўна, бо падыход Алексіевіч да тэксту і жанр, у якім яна працуе, патрабуюць надзвычай складанай і працяглай падрыхтоўкі, працы з людзьмі і матэрыялам.
Пэўна, для многіх Святлана Алексіевіч вядомая выключна як пісьменніца, але ў 1970-х гадах, нароўні з літаратурным кірункам, пачаўся яшчэ адзін — сцэнаграфічны. Так, у 1979 годзе на Беларусьфільме па яе сцэнары выйшла стужка Рычарда Ясінскага «Цяжкія размовы». Варта ўсё ж адзначыць, што гэта не разавы выпадак, а Алексіевіч не толькі аўтарка кніг, але і сцэнарыстка.
Па яе сцэнарах «Беларусьфільмам» і Беларускім тэлебачаннем быў зняты шэраг дакументальных фільмаў, не кажучы пра супрацу з замежнымі кампаніямі і рэжысёрамі: Расіі, Нямеччыны, Францыі, Люксембурга, Японіі і іншых. Адной з апошніх стала стужка «Lyubov», якую па сцэнары Алексіевіч у 2017 годзе зняў шведскі рэжысёр Стафан Юлен.
Творы Святланы Алексіевіч — гэта ў тым ліку спроба паглядзець на гістарычныя падзеі, вострыя сітуацыі, неадназначныя пытанні без хоць якога ідэалагічнага шалупіння, якога заўсёды шмат вакол таго, што ў грамадстве лічыцца значным. Такі падыход пісьменніцы выклікаў моцны супраціў як за савецкімі часамі, так і цяпер з боку аўтарытарных і таталітарных рэжымаў постсавецкай прасторы.
Пэўна, Святлана Алексіевіч — прыклад адной з апошніх інтэлектуалак класічнага кшталту. Не псеўдаінтэлектуалаў, якія за кошт развіцця інфармацыйных тэхналогій спрабуюць асядлаць актуальную сацыяльна-палітычную павестку, але інтэлектуалкі, якая выкарыстоўвае ўласны інтэлектуальны і сацыяльны капітал для актуалізацыі фундаментальнай грамадскай праблематыкі.
Менавіта таму ў Беларусі Алексіевіч аказалася амаль у такой самай сітуацыі, у якой перад смерцю аказаўся Васіль Быкаў. Гэта асоба, якая вельмі ўладам перашкаджае, але з якой відавочным чынам разбірацца страшна з прычыны сусветнага ўзроўню прызнання. У пачатку 2000-х гадоў Алексіевіч была вымушаная эміграваць у Еўропу да 2013 года, жыла ў Нямеччыне, Італіі, Францыі. Цяпер, пасля падзей 2020-га года, Святлана Алексіевіч ізноў пакінула Беларусь. І менавіта гэтая яе пазіцыя інтэлектуалкі, мусіць, важнейшая за любыя літаратурныя прэміі.
Кірыл Стаселька, budzma.org