Алесь Адамовіч — фігура дасюль недаацэненая, драматычная і найцікавая: таленавіты пісьменнік і выбітны літаратуразнавец, яскравы публіцыст і нястомны грамадскі дзеяч, сябар Васіля Быкава і Янкі Брыля, настаўнік Святланы Алексіевіч, ён усё жыццё вымушаны быў жыць, па ўласным вызначэнні, паміж Мінскам і Масквой — калі ціснулі дома, ён, ратуючыся, з’язджаў у Маскву; калі ціснулі там — вяртаўся дадому.
Узгадваючы Алеся Адамовіча, «Новы Час» перачытаў нататнікі пісьменніка і ўспаміны яго сяброў.
У мэтах «асветніцтва»
1957 год. Паважны кадэбэшны «чын» колькі гадзін запар схіляе Алеся Адамовіча да супрацоўніцтва:
— Вы самі патрабуеце вярнуць пісьменнікам іх чэсныя імёны, дык дапамагайце нам у гэтым! Вазьміце і напішыце штосьці для нас! Чаго баіцеся? Ці не паважаеце нашу працу? Вы што ж, нават такой дробязі не можаце зрабіць для дзяржавы, якая вас вывучыла і выхавала? Вы думаеце, што з вас хочуць зрабіць «сэксота»? Памыляецеся — гэтага «дабра» ў нас хапае. Зразумейце ж, што ваш брат пісьменнік — чалавек дужа бестурботны. Калі яго не перасцерагчы, то ў такое ўлезе!.. Пасля сам не рады будзе! Мы цяпер занятыя прафілактыкай, выключна прафілактыкай. А для гэтага павінны разумець, што адбываецца ў пісьменніцкім асяродку. Каб пасля не займацца рэабілітацыямі. Нам патрэбныя кваліфікаваныя людзі, якія маглі б нас адукоўваць. Разумееце? Не даносіць, а займацца асветніцтвам...
Пасля чатырох гадзін падобных угавораў «чын» раптам зрываецца на вокрык:
— Пішыце!
—? — Адамовіч не цяміць, што павінен напісаць.
— Пішыце, што нікому ніколі не распаведзяце пра гэтую размову!
Уся справа ў азначэнні
Алесь Адамовіч прыгадваў:
«Палітыкамі нашыя бацькі не былі, іх адвучылі начыста. Даваенны страх доўжыўся і ў пераможцах. А мы, хто маладзейшы, што прынеслі з вайны, а што зачарпнуўшы пасля ХХ з’езда, усё больш адчувалі смак да палітыкі. Мама прыглядалася не без трывогі.
Званок у Мінск:
— Саша, дык што гэта такое?
— А што?
— У газеце напісана, мне паказвалі, у «Звяздзе», што ты нігіліст!
— Ну і што? Базараў быў таксама нігіліст.
— Але тут напісана: ржавы!»
«Суддзя»
Пасля рэабілітацыі пісьменнікаў, што былі рэпрэсаваны за сталінскім часам, Белдзяржвыдату БССР было прапанава перавыдаць іх творы. Але паколькі разам з літаратарамі рэпрэсавалі і іх кнігі, была створана камісія па пошуку гэтых самых кніг і іх падрыхтоўцы да перавыдання. У камісію ўвайшоў і Алесь Кучар, які звычайна казаў:
— Вельмі цікавы раман, вельмі! Але ж...
І далей ішло заключэнне: каб сённяшні чытач прыняў даўні твор, неабходна зрабіць купюры. Але, паводле закона, купюры магчымыя толькі са згоды аўтара. Калі аўтара няма сярод жывых, тады — па ўзгадненні са сваякамі. Калі няма і іх — рабіць купюры забаронена, а гэта значыць, што выдаваць твор нельга. Кола гэткім чынам замыкалася.
Кучарава казуістыка стала зразумелай пасля таго, як такім мудрагелістым чынам быў вынесены прысуд ужо трэцяму рэпрэсаванаму аўтару: «Вельмі цікавы раман, вельмі! Але ж...» Старшы рэдактар выдавецтва Раман Ярохін, які таксама ўваходзіў у склад той камісіі, задаўся пытаннем:
— Дык што ж гэта атрымліваецца: у трыццаць сёмым тапіў жывых, а сёння — топіць памерлых?!
Выпадкова сустрэты ўніверсітэцкі сябар Алесь Адамовіч, даведаўшыся пра гэта, папрасіў Ярохіна заўтра ўранні любымі праўдамі-няпраўдамі затрымаць Кучара ў выдавецтве да таго часу, пакуль ён, Адамовіч, не прыйдзе. Патлумачыў:
— Ад заўтрашняга дня Кучар перастане быць суддзёй.
Нараніцу Адамовіч быў у рэдакцыі.
— Алесь! — узрадавана звярнуўся ён да Кучара. — Учора прачытаў артыкул — адурэў ад здзіўлення!
Кучар выскачыў з-за стала, падбег да Адамовіча, схапіў яго за рукі (ён заўсёды так рабіў — хапаў за рукі) і нецярпліва затармасіў:
— Алесенька! Дай мне пачытаць, дай!
— Дый ён у цябе павінен быць. Так мне здаецца, — усміхнуўся Адамовіч і, назваўшы артыкул, удакладніў: — Часопіс «Полымя» 1937 года.
Усе прысутныя зразумелі: размова ішла пра артыкул-данос літаратурнага крытыка Алеся Кучара. Казытлівасць сітуацыі заключалася ў тым, што, як расказвалі, пасля рэабілітацыі пісьменнікаў Кучар брытвай павыразаў усе свае часопісныя і газетныя публікацыі ў бібліятэках ад Адэсы да Мінска і быў, відаць, перакананы, што гэткім чынам назаўсёды замёў сляды ўласных злачынстваў. Дык дзе ж мог Адамовіч прачытаць той Кучараў артыкул 1937-га года? Хутчэй за ўсё, у хатняй бібліятэцы Пятра Глебкі, у якой былі ў тым ліку перадваенныя падшыўкі «Полымя». І вось цяпер Кучар, мусіць, ніяк не чакаўшы такога развіцця сюжэта, апусціў рукі і знямеў. Ён стаяў, можа, хвіліну, утаропіўшыся ў дзверы, нібы аслупянеў. Выгляд у яго быў страшны. Пасля моўчкі зняў з вешалкі паліто, шапку і — выйшаў.
Назаўтра хтосьці прынёс дырэктару выдавецтва Матузаву Кучараву заяву з просьбай аб звальненні па ўласным жаданні.
Фота Уладзіміра Крука
Замест прадмовы
1963 год. Ужо падрыхтаваны да друку Адамовічаў раман «Сыны сыходзяць у бой» у апошні момант раптам «зарэзала» цэнзура. Больш за тое, вось-вось мог быць рассыпаны набор кнігі. Сам аўтар ужо быў гатовы здацца, казаў:
— У Галоўліта не адваюеш!
А ўсё таму, што ў той час некаторыя гісторыкі на Захадзе сцвярджалі, што ў Беларусі ў 1940-я гады была не айчынная, а грамадзянская вайна. І каб не падліваць масла ў агонь, беларускі Галоўліт асабліва пільна чытаў творы на партызанскую тэму. Адамовічу ж ставілася ў віну, што ў паказе партызанскага руху ён згусціў фарбы да чарнаты — маўляў, народныя мсціўцы не столькі з немцамі ваююць, колькі з паліцаямі. А гэта ўжо падобна на тую самую грамадзянскую вайну, пра якую і кажуць нашы ворагі на Захадзе.
Фота Уладзіміра Крука
Каб выратаваць раман, старшы рэдактар Белдзяржвыда Раман Ярохін прапанаваў аўтару:
— Вось глядзі: партызаны з узбярэжнага лесу праводзяць вачыма параходзік, на якім паліцаі п’яна гарлапаняць песні. Гэта ўсяго толькі пейзажная замалёўка, якая ні на развіццё сюжэта, ні на што іншае не ўплывае — твае партызаны з гэтымі паліцаямі больш нідзе не сустрэнуцца. Я зараз выкрэсліваю слова «паліцаі», а на яго месца ўпісваю «немчура». Што змянілася? Быццам бы нічога. А цэнзара я ўжо пачынаю пераконваць: вашы заўвагі аўтар улічыў... І так па ўсёй кнізе!
— Правім, — асцярожна пагадзіўся Адамовіч.
Удвух вылоўліваючы цэнзарскіх «птушак», прасядзелі над раманам да самай ночы. Часам Адамовіч правіў нават там, дзе гэта не патрабавалася. І кожнага разу прыгаворваў:
— А так нават і лепш!
Ужо назаўтра Ярохін быў у цэнзара:
— Вашы справядлівыя заўвагі ўлічаны — ніякай грамадзянскай вайны ў рамане ўжо няма!
У выдавецтва ён вярнуўся радасны — друкаваць раман цэнзура дазволіла.
Алесь Адамовіч і Габрыэль Гарсіа Маркес
«Даць ім па мордзе!»
Алесь Адамовіч прыгадваў, як падчас абмеркавання ў Саюзе пісьменнікаў «Каласоў пад сярпом тваім» ён уголас заявіў, што пакуль не выганяць з выдавецтва дырэктара Захара Матузава, апублікаваць раман не ўдасца. Канешне, Захару Пятровічу пра гэта стала вядома — праз колькі дзён ён казаў між іншым Янку Брылю:
— Нягледзячы на безадказную заяву Адамовіча, я выдам Караткевіча.
І сапраўды выдаў. Затое неўзабаве сам Адамовіч атрымаў з выдавецтва свае адрэдагаваныя ўжо аповесці з прыкладзенай паперкай ад галоўнага рэдактара Алеся Бажко: «Вяртаем вашы аповесці». І — усё, без каментараў, як кажуць.
Дык хай бы толькі вярнулі — Адамовіча потым у матузаўскім выдавецтве яшчэ добры дзясятак гадоў не друкавалі! Ужо і «Каласы...» даўно выйшлі, якія Караткевіч усё забываўся падпісаць Адамовічу, пакуль Брыль не стаў яго сарамаціць:
— З-за цябе хлопца колькі гадоў не выдаюць!
А за колькі дзён да смерці Караткевіч нечакана сказаў Адамовічу, узгадаўшы ці штосьці сваё, ці даўнюю гісторыю з «Каласамі...»:
— Слухай, нешта хацеў бы зрабіць: даць ім па мордзе!
Васіль Быкаў з Алесем Адамовічам і Нілам Гілевічам. 1980-я гады. Фота Яўгена Коктыша
Калі справядлівасць бярэ верх
Караткевічавы «Каласы...» пэўны час не выходзілі асобным выданнем, бо ў выдавецтве ад аўтара патрабавалі, каб ён улічыў заўвагі сумна вядомага крытыка Якава Герцовіча. Калі ж раман нарэшце быў надрукаваны, Герцовіч змаўчаў і толькі паскардзіўся на нейкай высокай нарадзе, што з-за яго артыкула пра Караткевіча газета «Звязда» патрабуе, каб ён падпісваўся не сваім сапраўдным імем, а псеўданімам.
На Герцовічаву скаргу Адамовіч заўважыў:
— Гэта робіць гонар «Звяздзе»!
Фота Уладзіміра Крука
Так яны і кіравалі
Да кнігі «Я з вогненнай вёскі...» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка ў старшыні Камітэта па друку Міхаіла Дзяльца было ні многа, ні мала — ажно 96 заўваг.
— Вашы героі — бедныя людзі, неахайныя, няголеныя, — то была толькі першая прэтэнзія Дзяльца.
— Прыходзім мы да чалавека, ён няголены, і мы павінны яму прапанаваць: ідзі пагаліся, а пасля ўжо будзеш распавядаць, як у агні гарэў? — запытаўся Адамовіч. — Ці яшчэ падказаць, каб фрак апрануў? А калі людзі бедныя, нам што, пачакаць, пакуль яны разбагацеюць?
Аднак у гэты момант раздаўся званок — тэлефанаваў сакратар ЦК Аляксандр Кузьмін, які быў папярэджаны Адамовічам пра тое, што аўтарам кнігі «Я з вогненнай вёскі...» прызначана аўдыенцыя ў старшыні Камітэта па друку. Пасля кароткай размовы Дзялец, папрасіўшы прабачэння, нечакана перапыніў сустрэчу. Як потым высветлілася, пасля тэлефанавання Кузьміна заўваг у Дзяльца засталося толькі дзве. У тым ліку такая: на фотаздымку жанчына чысціла грыбы — Дзялец заявіў, што сам ён грыбнік, і, маўляў, у той час, які пазначаны пад фотаздымкам, грыбоў быць не магло.
Даведаўшыся пра нечаканае шчаслівае вырашэнне праблемы, Адамовіч іранічна спытаў:
— А дзе яшчэ 94 заўвагі?
— Ай, ну што вы! — адмахнуўся Дзялец.
Фота Уладзіміра Крука
Той самы Даль Арлоў
Ідэя фільма «Ідзі і глядзі» Элема Клімава па сцэнары Алеся Адамовіча, хоць і знайшла падтрымку ў беларускім ЦК у асобах Машэрава і Кузьміна, але была «зарэзаная» Масквой — наўмысна з гэтай мэтай у Мінск выправіўся дэсант з Дзяржкіно СССР у складзе двух начальнікаў: Уладзіміра Паўлёнка і Даля Арлова.
— Так, сцэнарый прыняты, але паступіла заява. Дый у нас ёсць заўвагі, — казалі маскоўскія госці.
І вось замест кіназдымак сабралася мастацкая рада, падчас якой бальшыня станоўча адгукалася пра сцэнарый, імкнучыся падтрымаць Клімава, бо беларускія кінематаграфісты разумелі, што масквічы «дэсанціраваліся» не проста так. Слова ўзяў і Адамовіч — яго прамова была вельмі пахвальнай для Клімава, але шкоднай для агульнай справы, бо замест таго, каб змякчыць ды згладзіць, ён, наадварот, усё завастрыў.
— Вам што, не страшна, Даль Канстанцінавіч? — Адамовіч звярнуўся непасрэдна да Даля Арлова. — Пройдзе час, і адзіная прычына, па якой вы застаняцеся ў гісторыі кіно, будзе — «той самы Даль Арлоў, які не даў Клімаву зрабіць фільм»!
— Ну, ведаеце!.. — толькі і абурыўся той.
Зрэшты, нават і гэты аргумент не падзейнічаў, і сцэнарый атрымаў дванаццаць забойных заўваг, адна горшая за папярэднюю. Клімаў пагадзіўся толькі з адной, і сцэнарый быў забаронены.
Адамовіч яшчэ хацеў, ці жартам, ці ўсур’ёз, стрэліць з ружжа халастым, але яго спыніў Клімаў:
— А раптам сканае ад страху, — Клімаў меў на ўвазе Даля Арлова. — Вам сядзець прыйдзецца.
...Пройдзе амаль паўстагоддзя, ужо не будзе ні Адамовіча, ні Клімава, затое чарговы юбілей адзначыць Даль Арлоў. Маскоўскае тэлебачанне будзе распавядаць пра яго як пра «легенду айчыннага кіно». І ніхто не ўзгадае, што юбілей спраўляе той самы Даль Арлоў, які не даў Элему Клімаву здымаць фільм.
Алесь Адамовіч з Васілём Быкавым. Серядзіна 1980-х гадоў. Фота Яўгена Коктыша.
Спрадвечнае пытанне
Калі падчас гарбачоўскай «перабудовы» Адамовіч з галавой сышоў у публіцыстыку, ягоны сябар са студэнцкіх часоў журналіст Раман Ярохін запытаўся:
— Ці не перабор?
Адамовіч адказаў:
— Калісьці Раман Ярохін распавядаў, што сваю дыпломную працу ва ўніверсітэце пісаў па Някрасаву. Ці не забыўся ягоныя радкі: «Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан»?
— Але ж можа здарыцца і так: стаўшы грамадзянінам, перастанеш быць паэтам.
Пра гэта некалі казаў і Янка Брыль, на што Адамовіч запярэчыў:
— Леў Талстой вельмі нават шанаваў публіцыстыку.
— Але да таго часу за плячыма ў Талстога ўжо была «Вайна і мір», — рэзонна парыраваў Брыль.
Прыгадаўшы цяпер тую размову, Ярохін перапытаў:
— Не баішся гэтага?
— А ты дзе сустрэў Чарнобыль? — на пытанне Адамовіч адказаў пытаннем.
Тады Ярохін і распавёў, што ў той дзень шпацыраваў разам з крытыкам Барысам Бур’янам па мінскім праспекце — дужа ўжо вясновае было надвор’е! Як раптам сябрам падалося, што на галовы сыплецца нейкая шэрань. Але, на дзіва, на небе не было ні воблачка! І толькі пазней стала вядома: у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пра якую 26 красавіка ўлады злачынна маўчалі, Мінск накрыла хмара нябачнага радыеактыўнага пылу.
Выслухаўшы аповед сябра, Адамовіч запытаўся:
— І ці мог у гэтай трагедыі «паэт» Адамовіч не стаць «грамадзянінам»?
Першы «Чарнобыльскі шлях» 1989 года, выступае Алесь Адамовіч. Фота з архіва радыё «Свабода»
Нуль
Даведаўшыся пра Чарнобыльскую катастрофу, Адамовіч збірае і публікуе засакрэчаную інфармацыю. Ён заклікае, выступаючы на сходзе вучоных-фізікаў: «Сціпласць беларусаў павярнулася супраць іх. Не верце, што ўсё нармальна. Патрэбна дапамога, амаль як у 1941-м годзе!» Але яго не хочуць чуць, і ён збіраецца ў Маскву — да Гарбачова. Даведаўшыся пра гэта, напалоханы першы сакратар беларускага ЦК Слюнькоў запрасіў Адамовіча да сябе. Гутарка доўжылася шэсць гадзін.
— Я яму пра бяду, якую ўжо не схаваць, а ён: не трэба панікаваць, не сейце смуту сярод людзей! — распавядаў пасля Адамовіч. — Я яму: збірайце вучоных на нараду — людзей ратаваць трэба, а ён ізноў — не панікуйце. Гутарка двух глуханямых!.. Я вельмі спадзяваўся на гэтую сустрэчу — усё ж першы сакратар ЦК партыі рэспублікі! Аказалася — нуль!..
Калі Слюнькоў паедзе ў забруджаныя радыяцыяй раёны, ён толькі гадзіну правядзе там у размовах з мясцовымі кіраўнікамі, а развітаўшыся, скіне ў дарожны пыл чаравікі і пакаціць на аўтамабілі ў Мінск.
— Я ўяўляю, як ягоныя тамашнія паплечнікі па партыі аслупянела глядзелі на тыя пакінутыя заразныя чаравікі, — заключаў, распавядаючы гэтую гісторыю, Адамовіч.
Фота Уладзіміра Крука
Не стрымаўся
Калі загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ Савелій Паўлаў — той самы Паўлаў, які кіраваў кампаніяй супраць Марка Шагала і які недаўменна пытаўся ў Святланы Алексіевіч: «Адкуль вы такая ўзяліся ў нашай краіне?!» — даведаўся, што «нязручны» для ўлады пісьменнік Адамовіч збіраецца ў складзе беларускай дэлегацыі за мяжу, ідэалагічны «пастыр» не стрымаўся:
— Хай бы ён там застаўся!
Заклад
Будучы ў пачатку лета 1991 года ў Амерыцы, Алесь Адамовіч паспрачаўся з былым Дзяржсакратаром ЗША і нобелеўскім лаўрэатам Генры Кісінджэрам адносна будучыні Савецкага Саюза. Яго прагноз быў такі: ужо ўвосень Камуністычная партыя сыдзе з палітычнага жыцця, і яшчэ добра будзе, калі з дзевяці мільёнаў у яе шэрагах застанецца хоць бы паўмільёна. Кісінджэр, не падзяляючы аптымізму Адамовіча, пабіўся аб заклад, які неўзабаве з трэскам прайграў: пасля жнівеньскага путчу дзейнасць КПСС указам Ельцына была спыненая, а маёмасць канфіскаваная.
Распавядаючы пра заклад з Кісінджэрам, Адамовіч заключаў: «Вось толькі не магу дакладна ўспомніць, што ён мне застаўся вінен».
Выбар
Алесь Адамовіч распавядаў, як, гуляючы неяк разам з Васілём Быкавым, загаварылі пра тое, а ці хацелі б пачаць жыццё спачатку? Ранейшае закрэсліваецца цалкам, табе сёння дваццаць, жыві наноў! Разважалі, што так ці не, добра або дрэнна, але прайшлі па жыцці, хоць і з вялікімі стратамі, аднаго ўсё ж не страціўшы — твару быццам не страцілі. Хочацца верыць, што не загнала жыццё (а заганяла) у чужую, не сваю шкуру. І вось прыкінулі: а ці выстаялі б яшчэ раз?
У выніку абодва сышліся на тым, што не прынялі б такога падарунка — не захацелі б пачаць жыць наноў.
Фота Уладзіміра Крука
Няшчасная кніга
З нататнікаў Алеся Адамовіча:
«Аднойчы мне распавялі, відаць, жадаючы дагадзіць майму самалюбству. Паміраў малады хлопец і ведаў, што памірае, сказаў сваім: «Цяпер вы ідзіце, а я яшчэ пачытаю». А яму перад тым прынеслі кнігу. І гэтая кніга была мая. Уяўляеце, нікчэмнай, не вартай такой хвіліны ў жыцці чалавечай падалася мне гэтая няшчасная мая кніга, раман. Я, калі застаўся адзін, схапіў яе, як злодзея, самазванца: і ты адважыўся пайсці да паміраючага з гэтым словам, лезці да яго ў рукі. Нібыта ў сапраўднасці я сам уклаў у рукі паміраючага свае вартыя жалю словы замест Вечнай Кнігі. Якая павінна была быць у ягоных руках, але якой не было.
Шчыра скажу, пасля гэтага я доўгі час не тое, што не мог, а баяўся пісаць. І ўвогуле стаў дакументалістам, каб не пісаць, а слухаць».