Алесь Пашкевіч напісаў пра жыццё і творчасць Алеся Гаруна

У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла кніга пісьменніка і літаратуразнаўцы Алеся Пашкевіча «Цясляр волі. Кніга пра Алеся Гаруна», прысвечаная жыццю і творчасці класіка нацыянальнай літаратуры, аднаму з першых беларускіх рэвалюцыянераў і адраджэнцаў ХХ стагоддзя Аляксандру Прушынскаму, піша bellit.info.

«Ciasliar voli. Kniha pra Aliesia Haruna»

У грунтоўным навукова-папулярным выданні, якое багата праілюстраванае фотаматэрыяламі, ўпершыню ўдакладняюцца многія факты жыцця пісьменніка — ад яго месца нараджэння і мясцін маленства да іркуцкай высылкі і гадоў станаўлення беларускай незалежнасці. Чытач зможа прайсці за аўтарам па дакументальна асветленых дарогах творцы і грамадскага дзеяча: мясцінамі яго бацькоў, сцежкамі маленства, даўнімі радаводнымі скрыжаваннямі, ссыльнымі сібірскімі этапамі, а таксама спрычыніцца да спасціжэння крыніц творчасці ды вытокаў грамадска-палітычнай дзейнасці.

На кнігу ўжо адгукнуліся беларускія літаратары.

Усевалад Сцебурака:

«...Паступова трапляеш у суплёт знаёмага і незнаёмага, што адкрываецца ў спалучэнні як зусім новае. Тут і тапанімічныя росшукі, і генеалагічныя лініі: перапляценне лёсаў і месцаў — выпадковае ці не? Алесь Гарун і Ганна Цюндзявіцкая, Манюшка і Язэп Пушча... А далей і Янка Купала, і як «лёсіла» з Лёсікам. Удалыя ўключэнні цытатаў і маленькіх «жывых абразкоў». І тут жа грунтоўны акадэмічны аналіз вершаў, прозы.

Шмат новага і цікавага пра турмы і ссыльна-этапную ды высыльную справу Гаруна — грунтоўна пададзеная частка. Асабіста мне яна ўспрынялася як адна з самых моцных. І чытаецца асобна як нейкі хоць і сумны, але прыгодніцкі аповед. З экзатычнымі для нас рэаліямі».

Аксана Спрынчан:

«Найцікавейшая аповесць. Так пра Алеся Гаруна ніхто не пісаў. І не напіша. Незвычайна — нібыта навуковая манаграфія — і ў той самы час аповесць.

Паэт [напісаў] — пра паэта, празаік — аб празаіку, беларус — пра беларуса, навуковец — пра чалавека, чалавек — пра цесляра. Дзякуй шчыры!»

Навінка ёсць у наяўнасці ў «Акадэмкнізе», «Кніжнай шафе», на kniger.by і knihi.by.