Алесь Разанаў – паэт, вядомы ў беларускай літаратуры як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных формаў. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэнне» (1970), «Назаўсёды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях-360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988), «У горадзе валадарыць Рагвалод», «Паляваньне ў райскай даліне», «Wortdichte» (2003; па-нямецку). Перакладае з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Пераклаў кнігу К. Саі для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1982), п’есу У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (аўт. «Сон у Іванаву ноч» у зборніку «Тры камедыі», 1989), раман Ё. Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), выбраную паэзію У. Бэрзыньша (2013). Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1990) за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы». Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2012)
Бы дрэва, што мае адно карэнне, а дзве паставы, я — спарышы.
Той свет i гэты з’ядноўваюцца ўва мне, знаходзяць смерць i жыццё ўва мне ўвасабленне.
З дня ў дзень, з году ў год, з веку ў век збіраюся з тайнаю моцай, каб калі-небудзь абвергнуць сваё існаванне, адолець дваістасць i стаць насампраўдзе сабой.
На запытанні «Чаму?» i «Навошта?», з якімі скіроўваюся ўвышыню, вяртаецца мой адгалосак — рэха і, доўга вандруючы ў пространі між спарышоў, знікае.
Я ведаю: гэтак, як ёсць, не павінна быць.
Але гэтак ё с ц ь .
Сербская вёска
Некуды падаў, траціў прытомнасць, поўз, a развіднела — паўсталі з імглы будынкі i выйшлі людзі…
— Што гэта за мясціна? — спытаўся я ў першай, у чорнай хустцы, старой жанчыны, з якою сустрэўся на вуліцы…
— Козіцы, сербская веска, — сказала яна i ўступіла ў дзверы адчыненай крайняй хаты, а я гэтаксама за ёю, спрабуючы высветліць, ці далека ад Козіцаў да сталіцы…
— Учора было ў гэтай хаце вяселле, а зараз — рэзрух.
Смуткуючы, маладая сядзіць ля акна, i востраць мужчыны нажы на ганку.
— Дваццаць чатыры д’яблы,— сказала, адказваючы, старая, i мне было дзіўна чуць аб гэтакай меры шляху,
i цяжка было мне даўмецца, ці месцяцца ў д’ябле вёрсты, ці, можа, д’яблы ў вярсце.
Кожны з прысутных мне нешта хацеў растлумачыць, i спараджала ўсякае слова мноства наступных слоў, а кожная лічба мноства далейшых удакладненняў.
Адно маладая сядзела, як i раней, ля акна i моўчкі глядзела некуды ўдалеч.