Мяне завуць Альгерд Бахарэвіч, я гавару, думаю, пішу, бачу сны, трызню і галюцыную па-беларуску.
Я звыкся лічыць, што першае — вынік другога, што паміж гэтымі двума простымі фактамі існуе нейкая сувязь, якую ўжо не разлучыць, нават калі парваць сабе пашчу, пашпарт і галасавыя звязкі. Калі я пераходжу на расійскую, я гавару з акцэнтам. За дваццаць тры гады мой артыкуляцыйны апарат дэфармаваўся, быццам косткі тых афрыканак, якіх прымушаюць насіць адмысловыя кольцы, каб іхныя шыкоўная шыйкі не раслі ўшыркі, а толькі ў даўжыню. Гуінплен у палоне гукаў. “А на від уродзе такі культурны мусчына”, — шэпчуць за спінай добрыя пажылыя жэншчыны, якія не ведаюць маёй таямніцы.
Але не ўсё так проста.
Напрыклад, размаўляючы са старымі расійскамоўнымі сябрамі і знаёмымі, я абіраю варыянт такой сабе “беларускай-лайт”. З паніжаным утрыманнем смолаў — каб суразмоўцам было чым дыхаць і цуд камунікацыі адбыўся. Зрэшты, прыяцелі звыкліся; зрэшты, і мове — гэтай мове — не прывыкаць. Хаця смолы — гэта і ёсць самае смачнае. Але камунікацыя вымагае ахвяраў. Часам жывых і чалавечых.
У выпадку з бацькамі і сваякамі гэта хутчэй ужо мова-“суперлайт”. Максімум школкі. Мінімум таго, што ў колах саматужных лінгвістаў апасліва завецца тарашкевіцай. Ашчадны, як каса, ты мусіш гаварыць так, каб твае коды маглі ўзламаць. Хаця б нейкія коды. Калі мяне не разумеюць, я магу і па-расійску. Галоўнае, каб разумення хацелі. А не хочуць — мова зробіцца шчытом. Ашчэранай бранёй. Пакажы язык, як кажуць педыятры. Скажы “а”.
А сказаўшы “а”, скажы і “бэ”. Гаворачы з рознымі пуставокімі стварэннямі, якія лічаць, што рот дадзены чалавеку выключна для таго, каб у яго есці, я абіраю для камунікацыі іхную мову. О, я ўмею па-іхнаму. Іхную мову можна было б назваць расейскай, але неяк не хочацца крыўдзіць Бродскага і Набокава. Іхная мова мае права на існаванне. Іх і вызначаюць часцей за ўсё па мове. Я жыву з гэтымі людзьмі побач усё жыццё — і ў мяне былі добрыя настаўнікі. Вельмі добрыя — на жаль або на шчасце. Часта я пачуваюся перакладчыкам: з мовы іхнага свету на мову гэтага. І наадварот. Іхная мова ляжыць у мяне на складзе, часам яе варта даставаць, каб не заржавела. Калі іншая мова недарэчы. Часам я лаюся матам — калі вакол людзі, якім я давяраю.
А вось з незнаёмымі беларускамоўнымі неяк намагаешся трымацца нейтральнага літаратурнага беларусішу. Хто ведае, чым тваё слова адгукнецца. Не дай божа яшчэ за свайго прымуць — калі дазволіць сабе лішняга, нейкай свабоды. З беларускамоўнымі трэба быць асцярожным: ахтунг, ахтунг, а хто там ідзе? Раптам там сапраўды грамада… Растопчуць і не заўважаць.
З табой я пачуваюся значна вальнейшым. Удваіх мы можам дазволіць сабе грашыць колькі захочам. Гуляць з расейшчынай, трасянкай і іншай моўнай фарысейшчынай, гаварыць “вапіюшча”, цытаваць, крыўляцца, плакаць… валяцца ў сваім валапюку, пакуль не надакучыць. Нашая мова не мае фільтраў.
Ёсць яшчэ адна мова, пра якую цяжка сказаць словамі. Мова чалавека, які застаецца сам-насам з сабой. Мова дрыготкіх відзяжоў і напаўзабытых песенек пад нос, мова, у якой нечакана ўсплываюць усе некалі пачутыя гукі, праз якую, нібы на паперы, праступае нейкая пра-мова. Мова як загрувашчаны пакой, у якім толькі ты бачыш парадак і сэнс.
Джойса шмат крытыкавалі за тое, што ягоная славутая “плынь свядомасці” — гэта фікцыя. Маўляў, чалавек не думае словамі, ён думае вобразамі. І ўсё ж і словамі — таксама. Застаўшыся на самоце, мы абіраем словы: здымаем з іх кажурыну і шкарлупінне. Але не да канца — баімся, што апрача мовы ад нас нічога не застанецца. Баімся пераканацца, што мова — гэты і ёсць мы.
Страшна. Родная мова — гэта нонсэнс. Мову мы выбіраем. І калі такая магчымасць ёсць — значыць, мова жыве і хоча жэрці і размнажацца. Мова — гэта не праблема. Праблема, калі мовы няма. Калі чалавек гаворыць з усімі адной мовай і яму няма з чаго выбіраць. Гэта тое самае, што ўвесь час смяяцца або смаркацца.
Але бывае страшней: калі ты абіраеш мову — але не тую.
Калі ты хочаш нешта сказаць матам, а кажаш мовай Купалы і Коласа. Калі хочаш падацца Джойсам, а твой рот толькі для таго, каб у яго есці. Калі робіш выбар на карысць суперлайт там, дзе патрэбная смала. Мільёны чалавечых гісторый робяцца трагедыямі толькі таму, што іх персанажы абіралі не тую мову. Мільёны трагедый зрабіліся камедыямі праз няправільны выбар словаў.
І гаворка тут не толькі пра чалавечы тэатр і ўсе ягоныя вешалкі і жэтончыкі гардэробу. Хаця і пра яго таксама. Кнігі, карціны, музыка і што там яшчэ цяперака далучаюць да мастацтва: як часта, накідваючыся на твор, ты бачыш, што ўсё нібыта ў парадку, і аўтар, здаецца, не поўны няздара, а нешта не так. І гэтае нешта — мова. Аўтар пераблытаў. Забыў дома. Захацеў падацца кімсьці іншым. Не тыя ключы, не тая мова, не тая дудка, пад якую хочацца танчыць.
Мова — праклён. Мова — купа паваленых калосаў, нават калі яна мова Купалы і Коласа і нехта талдычыць, што яна другая ў свеце пасля італьянскай паводле прыгажосці. Лепш за ўсё было б зусім без мовы. Таму неяк з радасцю думаеш пра тыя легендарныя часы, у якія, каб жыць, неабавязкова было даваць рэчам імёны. Але першае слова было прамоўленае. І гэтае слова было… Ну, дапусцім, “мама”. Што можа, і значыць “бог” — але на мове, якую даўно выбралі за нас і якую нам ужо ніколі не зразумець, як ні расцягвай рот.
Альгерд Бахарэвіч