Кажуць, калі ў 1938 годзе пазбаўлены нямецкага грамадзянства Томас Ман эміграваў у ЗША, сярод плакатаў, якімі яго сустракалі ў Нью-Ёрку, былі і такія:
“Thank you, Mr. Hitler!“
Вось так Амерыка саркастычна падзякавала звар’яцелай Еўропе за тое, што тая задарма аддае ёй свой інтэлектуальны скарб.
Цяпер да гэтай фразы: “Thank you, Mr. Hitler!“ пасаваў бы, напэўна, нейкі іранічна-пагардлівы смайлік. Бо ў Еўропе зноў дзе-нідзе пануе вар’яцтва, і зноў яна робіць выгляд, што ўсё нармальна. Хаця насамрэч яна проста мусіць чарговым разам зрабіць выбар паміж прытомнасцю і геапалітыкай. Культура заўжды абірае першае – інакш яна проста перастае быць культурай. Інакш ёй зноў застаецца толькі ўцякаць.
Тая гісторыйка пра падоранага амерыканцам Томаса Мана чамусьці прыгадалася мне ў Львове, дзе нядаўна ў чарговы раз прайшоў штогадовы міжнародны Форум выдаўцоў.
Форум, дзе традыцыйна збіраецца вялізная кампанія цікавых і вольных людзей з самых розных краін, якія пішуць, робяць, перакладаюць і выдаюць такія самыя цікавыя і вольныя кніжкі. Не ведаю, ці варта тут параўноўваць (хаця пэўныя паралелі так ці інакш напрошваюцца), але, здаецца, украінцы таксама маглі б з’едліва падзякаваць “містэру Пуціну”. Прыехаўшы на Форум, выдаўцы і аўтары з самых розных краін свету падтрымалі Украіну і прадэманстравалі, на якім баку знаходзяцца прытомныя людзі, людзі культуры. У краіне, дзе ідзе вайна, рэй вяла Кніга – і гэта было праявай такой унутранай моцы, супраць якой тупасць і цемрашальства не маюць ніякіх шанцаў.
А тое, што ва Украіне вайна, адчувалася на кожным кроку. Апошні раз я выступаў на львоўскім Форуме пяць гадоў таму. Гэтым разам атмасфера зусім іншая. Драйву не зрабілася менш, але ў 2014 аблічча Форуму вызначаў усё ж не ён, а салідарнасць. Салідарнасць з Украінай і з яе выбарам.
“Дзесяць адсоткаў з кожнай прададзенай кнігі пойдзе на дапамогу украінскаму войску”, – нагадваюць абвесткі. Паўсюль ідзе збор сродкаў для ўкраінскіх салдатаў і іх сем’яў. Чытачка з Украіны расказала, што яе футболка з надпісам “Дэбілаў у войска не бяруць” (цытата з Жадана) цяпер выклікае зусім іншую рэакцыю. Такую трохі падазроную. Цяпер у модзе іншыя футболкі – здольныя згуртаваць людзей у адзін народ, які супрацьстаіць чужаземнай навале. Цікава, ці з’явяцца некалі такія футболкі, якія змогуць згуртаваць усіх прытомных людзей – хай сабе не ў народ, але ў прытомнае грамадства, якому не трэба будзе тлумачыць, што чорнае – гэта чорнае, а белае – белае, хай па расійскім тэлебачанні і пераконваюць, што гэта не так.
Зусім іншае і стаўленне да расійскай мовы. Для яе паўсюль у свеце надышоў час выпрабаванняў – дык што ўжо казаць пра Украіну, дзе “велікій і могучій” здае, магчыма, самы важны ў сваёй біяграфіі экзамен. Сваім удзелам у Форуме прытомныя расійскамоўныя літаратары з розных краін давялі, што прытомнасць ад мовы не залежыць.
І дзякуй богу – бо часам у гэтым пачынаеш неяк сумнявацца…
Прытомнасць – наогул тое, пра што ў Львове гаварылі, бадай, усе. Прытомнасць як вечная альтэрнатыва вайне, псіхапатам пры ўладзе і іхнай маніі велічы. Прытомнасць як сінонім свабоды. Прытомнасць як тое, што варта абараняць – і тое, што кожная добрая кніга абараняе ўжо самім сваім існаваннем.
Пішу ўсё гэта і думаю, што слова “прытомны” патрабуе дадатковых тлумачэнняў. Гэта наогул цікавае слова. Рэч у тым, што ім зручней за ўсё перадаць той стан, які па-расійску абазначаецца як “вменяемый”. Хаця знойдзеш яго не ў кожным слоўніку. Па-беларуску прытомнасць звычайна страчваюць… Страчваць – таксама звычны для нас стан.
Быць прытомным – значыць цвяроза ацэньваць сваё становішча, свет навокал і сваё месца ў ім. Ніколі не забуду лекцыю Дзмітрыя Аляксандравіча Прыгава ў БДУ, дзе ён прыкладна так казаў пра прытомнасць мастака: у тым, каб вырабляць матрошкі для турыстаў, няма нічога благога, але той, хто вырабляе матрошкі, мусіць усведамляць, што ён не Гоя, не Брэйгель і не Сальвадор Далі. Калі гэтага не адбываецца, мастацтва страчвае сваю прытомнасць.
А з мастацтвам – і ўвесь свет.
На некалькі дзён Львоў зрабіўся сталіцай культурнай прытомнасці. І быць удзельнікам гэтай дзеі было вельмі прыемна. Прынамсі, тут ніхто не дакляраваў, што існуюць правільныя і няправільныя кнігі. У кожнай кнігі тут было сваё месца. І ўсе мелі права на жыццё і месца пад рынкавым сонцам. Прытомнасць – гэта яшчэ і права выбіраць.
Увогуле, сітуацыю ва ўкраінскай культуры – і літаратуры – у нас любяць супастаўляць з беларускай. Больш за тое, лічыцца, што гэта найбольш супастаўны прыклад. Мы, вядома, крыху прайграем – але, маўляў, стартавыя магчымасці ў нас аднолькавыя. Маўляў, нам проста не пашэнціла з уладай (а ўкраінцам, значыць, пашэнціла). Добра – Львоў нам сапраўды больш блізкі і больш зразумелы, але параўноўваць украінскую сітуацыю з беларускай – тое самае, што чалавека, які бяжыць, і чалавека, які сядзіць. Можна, вядома, сказаць, што яны абодва нечым падобныя да чалавека, які не можа падняцца. Бо людзі ж. Розніца ў дэталях. І д’ябал прытомнасці – у іх таксама.
Украінская літаратура як арганізм далёка наперадзе, і мы яе ўжо наўрад ці дагонім. Розніца паміж намі – не толькі ў мове і тым, што мове можна. Розніца ў прытомнасці.
Якая мова? Пры чым тут яе статус? Беларуская літаратура ўсё яшчэ жыве думкамі пра прыдуманую ёй самой уласную веліч. Беларуская літаратура патрыярхальная, як вёска, і абараняе сваю патрыярхальнасць, як запечны барадаты маньяк з сякерай. Вось Малады Паэт лічыць, што раўнапраўе палоў здольнае разбурыць грамадства і сям’ю. Вось Паважаныя Старэйшыя Паэты заклікаюць увесці цэнзуру. Выкладчыкі літаратуры не валодаюць замежнымі мовамі, апрача расійскай, і ніколі не бачылі жывых замежных пісьменнікаў. Літаратуразнаўцы дагэтуль арыентуюцца на Бялінскага і Чарнышэўскага – як на трамвайчыку па Мінску едуць. Беларуская літаратура наракае на тое, што ў ёй няма рынку – але пры гэтым панічна баіцца, што рынак яе заб’е. Беларуская літаратура не хоча ні ў кога вучыцца – ёй хапае таго, што яна свая. Кожны беларускі чытач лічыць, што абазнаны ў літаратуры лепш за саміх пісьменнікаў. Кожны літаратурны матрошачнік лічыць, што стварае мастацтва.
Часам здаецца, што беларусам ужо не патрэбныя кніжкі – іх паспяхова замянілі вышываныя кашулькі. Не надта хочацца ў гэта верыць. Ёсць і іншыя аўтары і іншыя чытачы – пра якіх я пастараўся расказаць у Львове. Цяжка бегчы наперад, калі навокал усе сядзяць. Непазбежна даводзіцца ісці па галовах. Маленькая літаратура, якая страціла прытомнасць.
І пры гэтым усе чакаюць прарыву. Чакаюць, што іх зацалуюць – да непрытомнасці. Нам так хочацца быць падобнымі да ўкраінцаў. З нашымі смешнымі накладамі і зорнымі хваробамі. З нашымі прэтэнзіямі і нашай прэтэнцыйнасцю. З нашымі пародыямі на канкурэнцыю і няшчаснымі выдаўцамі. Урокі Львова – гэта ўрокі прытомнасці.
У чым насамрэч прытомнасць: у тым, каб хваліць сваё – або наракаць на горкі лёс? Хто яго ведае. Калі не рабіць першага, наўрад ці атрымаецца не рабіць другога. Калі беларусы апынаюцца за мяжой і пачынаюць гаварыць пра сябе праўду, у вачах слухачоў з’яўляецца жах. А ў душах саміх беларусаў – пытанне: калі ўсё так кепска – куды мы лезем? І хто вінаваты ў тым, што ўсё так – няўжо толькі дзяржава?
А яшчэ на такіх форумах, як Львоўскі, непазбежна, як бадун, прыходзіць пытанне – чаму ў Беларусі няма свайго аналагу Інстытута Гётэ і яму падобных? Арганізацыі, якая б займалася прасоўваннем сваіх, беларускіх аўтараў за мяжой, спрыяла б іх перакладам на іншыя мовы. Патрэба ў такой установе ёсць. Інтарэс да беларускай літаратуры таксама. Але калі б такая арганізацыя раптам з’явілася – нічога б не змянілася. Нельга быць сучасным і верыць пры гэтым у патрыярхат, цэнзуру і маральнасць. Прытомнасць у тым, каб не дзяліць сваё на правільнае і няправільнае. У тым, каб скончыць наракаць і пачаць вучыцца. Хаця б і ва ўкраінцаў. А можа, найперш у іх.
У Беларусі няма свайго Львова. Ні Полацк, ні Мінск, ні Горадня ім ніколі не зробяцца. Тут няма куды ўцякаць ад зомбі. І ад містэраў гітлераў, і ад містэраў пуціных. На Беларусі Еўропа заканчваецца. Разумець гэта – таксама прывілей прытомных людзей. І тым каштоўнейшая тут элементарная культурная прытомнасць – у краіне, дзе для яе значна меней пунктаў апоры, чым могуць сабе ўявіць нашыя сябры за мяжой.
Альгерд Бахарэвіч